Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што лепш — есьці да ці пасьля практыкаваньняў


Пра вынікі новага дасьледаваньня брытанскіх мэдыкаў, якія вывучалі эфэкт фізычных практыкаваньняў нашча, піша ў газэце The New York Times яе аўтарка Грэтхэн Рэйналдз.

Што вызначае адказ арганізму на практыкаваньні

Большасьць навукоўцаў, якія дасьледуюць уплыў фізычнай нагрузкі на здароўе, лічаць, што генэтыка, дыета, склад цела і нават тэмпэрамэнт зьвязаны паміж сабой і ўзгоднена ўплываюць на рэакцыю арганізму на практыкаваньні.

Але некаторыя дасьледчыкі сталі падазраваць, што час прыёму ежы таксама мае значэньне.

Цягліцы падчас працы маюць патрэбу ў паліве — гэта тлушчы і цукры, якія могуць паступаць з апошняга прыёму ежы або з запасаў арганізму, якія складаюцца з назапашанага ў цягліцах тлушчу.

Ход экспэрымэнту

Навукоўцы Ўнівэрсытэту гораду Бат у Ангельшчыне вырашылі паглядзець, як час прыёму ежы ўплывае на тое, колькі тлушчу будзе спалена падчас фізычных практыкаваньняў.

Другой мэтай экспэрымэнту было паглядзець на больш аддаленыя мэтабалічныя наступствы і зразумець, чаму адны людзі атрымліваюць ад практыкаваньняў больш выгадаў, чым іншыя.

Мэдыкі выбралі 30 чалавек з празьмернай вагой, якія вялі сядзячы лад жыцьця. Затым іх падзялілі на тры групы. Адна група працягвала свой звычайны лад жыцьця. Дзьве іншыя групы тры разы на тыдзень займаліся на вэлятрэнажорах.

Хітрык мэдыкаў заключаўся ў тым, што адна з груп «раварыстаў» піла вітамінны кактэйль да пачатку заняткаў, а другая атрымлівала кактэйль-плацэба. Пасьля заняткаў — наадварот.

Гэтак працягвалася шэсьць тыдняў. Калі вынікі экспэрымэнту былі падведзеныя, аказалася, што група, што працягвала свой сядзячы лад жыцьця, захавала вагу і дрэнную адчувальнасьць да інсуліну. А вось удзельнікі абедзьвюх груп «раварыстаў» палепшылі сваю фізычную форму і страцілі вагу.

Падсумаваньне вынікаў

Аказалася, што тыя, хто круціў пэдалі нашча, спалілі ў два разы больш тлушчу, чым тыя, што спажывалі перад заняткамі пажыўны кактэйль. У галодных «раварыстаў» адбылося і большае паляпшэньне адчувальнасьці да інсуліну і выпрацавалася больш бялкоў, якія ўплываюць на спажываньне цукру клеткамі.

У выніку лекары зрабілі выснову, што калі мы будзем займацца фізычнымі практыкаваньнямі да сьняданку, то атрымаем больш карыснага эфэкту.

Разам з тым аўтары дасьледаваньня нагадваюць, што любая фізычная актыўнасьць і ў любы час карысная для здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG