Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрыядычнае галаданьне можа працягнуць жыцьцё


Сакрэт доўгага жыцьця можа заключацца ня толькі ў тым, што вы ясьце, але і ў тым, колькі і калі вы ясьце. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Тэйлар Лупаў.

Пэрыядычнае галаданьне або абмежаваньне ежы і пітва рознай працягласьці здаўна існуе ў многіх рэгіёнах сьвету. Гэтая практыка мае карані ў рэлігіі, але яе карысьць для здароўя выходзіць за рамкі духоўных практык.

Апошнімі гадамі галаданьне набыло папулярнасьць сярод тых, хто жадае скінуць некалькі фунтаў, павысіць здароўе сэрца і жыць даўжэй.

Падвышэньне імунітэту

Карысьць пэрыядычнага галаданьня пераносіць акцэнт з таго, што вы ясьце, на тое, калі вы ясьце. Хаця ня трэба забывацца, што правільнае харчаваньне здаровымі прадуктамі, поснымі бялкамі і суцэльным збожжам заўсёды важнае.

Ёсьць розныя схемы посту. Некаторыя зь іх прадугледжваюць абмежаваньне колькасьці спажываных калёрый да 500 у дзень два разы на тыдзень. Іншыя заключаюцца ў поўным адмаўленьні ад ежы на 24 гадзіны адзін-два разы на тыдзень.

А ёсьць і такі пост, калі ежу прымаюць толькі на працягу 8 гадзін у суткі, а астатнія 16 гадзін чалавек галадае.

Прычыны патэнцыйнага посьпеху перарывістых пастоў называюцца розныя. Адно з тлумачэньняў паказвае на перавагі мяккага стрэсу, які ў арганізьме выклікае пост. Гэты стрэс падобны да стрэсу ад інтэнсіўнай трэніроўкі. Такія пасты прымушаюць цела адаптавацца да зьменаў, што робіць яго мацней.

Калі вы дасьце целу час на аднаўленьне пасьля стрэсу — гэта значыць, забясьпечыце яго нармальнай ежай, то гэта дапаможа арганізму лепш супрацьстаяць хваробам.

Страта вагі

У пэрыядычнага галаданьня ёсьць і іншыя перавагі для здароўя. Адна зь іх — страта вагі, трыманьне яе пад кантролем.

Гэта важна для людзей, якія маюць лішнія кіляграмы. Нармальная вага патрэбная для здаровага жыцьця і зьніжае рызыку высокага халестэрыну і дыябэту.

Навукоўцы лічаць, што калі вы ў выніку пэрыядычнага галаданьня скароціце спажываньне калёрый ад 20 да 40 адсоткаў, то гэта паспрыяе страце вагі. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што абмежаваньне калёрый кожны другі дзень можа зьнізіць масу цела на 8 працэнтаў на працягу васьмі тыдняў.

Здароўе сэрца

Яшчэ адна перавага — здароўе сэрца. Атлусьценьне зьяўляецца фактарам рызыкі для высокага крывянога ціску, хваробаў сэрца, дыябэту і іншых хранічных хваробаў.

Сувязь паміж здароўем сэрца і пэрыядычнымі пастамі дакладна навукай не патлумачана. Але адно зь нядаўніх дасьледаваньняў паказала, што тыя, хто трымае пэрыядычны пост, маюць больш здаровае сэрца чым тыя, хто жыве без пастоў.

Агулам вядома, што галаданьне зьмяншае ўзровень дрэннага халестэрыну LDL, а таксама запаленьня і рэзыстэнтнасьці да інсуліну. А гэта ўсё фактары, якія спрыяюць сардэчна-судзінным хваробам.

Падаўжэньне жыцьця

Шматлікія экспэрымэнты, пастаўленыя на жывёлах, паказваюць, што абмежаваньне калярыйнасьці ежы падаўжае жыцьцё і паляпшае здароўе.

Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што пост здольны змагацца з наступствамі старэньня на клетачным узроўні. Падчас посту ў клетках зьмяншаецца пашкоджаньне ДНК, павялічваецца выпрацоўка камлёвых клетак. Пост абараняе і клеткі мозгу.

Пэрыядычнае галаданьне (перарывісты пост) проціпаказана пры некаторых хваробах. Таму важна заўсёды раіцца зь лекарам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG