Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьняданак уплывае на страту вагі


Большасьць дыетолягаў сыходзяцца на думцы, што сьняданак — добрая рэч. Але ці сапраўды ён можа дапамагчы пахудзець? Такім пытаньне на сайце sharecare.com задаецца Тэйлар Лупоў.

Некаторыя дыетолягі сьцьвярджаюць, што ад наяўнасьці сьняданку ў вашым дзённым рацыёне, а таксама ад яго складу залежыць працэс пахудзеньня. Іншымі словамі, паводле іх, важна есьці на сьняданак пэўныя прадукты — і вага пойдзе ўніз.

Не схуднець, але ўтрымаць вагу

З навуковага пункту гледжаньня сытуацыя выглядае так, кажа амэрыканскі дыетоляг Лорэн Цымэрман, што спажываньне большай часткі калёрый у першую палову дня сапраўды можа дапамагчы схуднець.

Але, паводле доктаркі Цымэрман, дасьледаваньні апошніх гадоў троху мяняюць акцэнт у такіх цьверджаньнях. Аказваецца, што наяўнасьць сьняданку дапамагае чалавеку найперш не набіраць лішняй вагі.

Здаровы і сытны сьняданак дапаможа вам правільна харчавацца на працягу дня, кажа Цымэрман. Паводле амэрыканскай кардыялягічнай асацыяцыі, наяўнасьць сьняданку ў дзённым рацыёне зьвязана з больш здаровай дыетай у цэлым, а таксама зь меншай рызыкай дыябэту, хвароб сэрца і інсульту.

Сьняданак — гэта здаровы стыль жыцьця

Таксама ў выніку апытаньняў і дасьледаваньняў аказваецца, што людзі, якія заўсёды раніцай сьнедаюць, вядуць больш здаровы лад жыцьця.

Здаровы сьняданак — гэта спалучэньне суцэльнага збожжа, посных бялкоў і здаровых тлушчаў. Яйкі, авакада, хлеб з атруб’ем — адзін з магчымых варыянтаў сьняданку. Другі магчымы варыянт — аўсянка з садавіной і арэхамі.

Калі ж вы дадасьце да гэтага яшчэ і 150 хвілін памяркоўных фізычных нагрузак штотыдзень або 75 хвілін інтэнсіўных — то гэта рэальна можа прывесьці і да нармалізацыі вагі, і да паступовага аздараўленьня ў цэлым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG