Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Практыкаваньні нават зь лёгкімі гантэлямі скарачаюць рызыку інфаркту і інсульту


З аглядам новых дасьледаваньняў што да ўзроўню неабходных чалавеку фізычных нагрузак у газэце The New York Times выступае журналістка Грэтхэн Рэйналдз.

Падыманьне цяжкасьцяў, нягледзячы на такія эфэкты, як нарошчваньне мускулатуры, добрая фігура і фізычная кандыцыя, доўгі час не лічылася такім самым добрым для здароўя сэрца і судзінаў, як, напрыклад, бег або язда на ровары.

Сэнсацыйныя вынікі з Даласу

Новае дасьледаваньне, вынікі якога былі апублікаваныя сёлета ў кастрычніку ў часопісе Medicine & Science in Sports & Exercise сьведчыць, што нават практыкаваньні зь невялікай вагой могуць зьнізіць рызыку сардэчнага прыступу або інсульту.

Прычым, карысьць ад заняткаў нават зь лёгкімі гантэлямі праяўляецца ва ўсіх людзей, незалежна ад таго, займаюцца яны і іншымі аэробнымі практыкаваньнямі, або не.

Дасьледаваньне праводзілася ў клініцы Купэра ў Даласе (ЗША), дзе тысячы пацыентаў падчас штогадовых мэдычных аглядаў запаўнялі падрабязныя анкеты аб сваім ладзе жыцьця, звычках і фізычнай актыўнасьці.

Сутнасьць ананімнага экспэрымэнту

Агулам было прааналізавана больш за 12 500 ананімных анкет, запоўненых мужчынамі і жанчынамі сярэдняга веку, якія наведвалі клініку мінімальна два разы ў пэрыяд з 1987-га па 2016 год.

Усе ўдзельнікі былі падзеленыя на групы паводле фізычнай актыўнасьці — на тых, хто ніколі не займаўся спортам і вёў сядзячы лад жыцьця, на людзей з памяркоўнай або эпізадычнай фізычнай нагрузкай і тых, што стараўся рэгулярна выконваць рэкамэндаваныя 150 хвілін фізычнай актыўнасьці на тыдзень.

Пасьля мэдычныя карты гэтых людзей былі правераныя і прааналізаваныя на прадмет сардэчных прыступаў, інсультаў і сьмерцяў за апошнія 11 гадоў.

Шмат нагрузкі ня трэба

Вынікі ўразілі саміх навукоўцаў. Аказалася, што рызыка сьмерці, інфаркту і інсульту на 50% меншая для тых, хто хаця б зрэдку падымаў лёгкія гантэлі, у параўнаньні з тымі, хто не даваў сабе ніякай фізычнай нагрузкі.

Тыя ж, хто рэгулярна два разы на тыдзень на працягу гадзіны падымаў цяжкасьці, наогул мелі найменшую рызыку згаданых ускладненьняў і сьмерці.

Пры гэтым людзі, якія паведамілі ў анкеце, што займаліся фітнэсам і цяжкай атлетыкай чатыры і болей разоў на тыдзень, ня мелі значных мэдычных перавагаў над тымі, хто ніколі не займаўся спортам. Гэтая выснова настолькі нечаканая, што аўтары дасьледаваньня палічылі яе статыстычнай анамаліяй.

Камэнтар і парада прафэсара

Добрая навіна, сказаў у інтэрвію The New York Times прафэсар Дак Лі з Універсытэту штату Аёва, заключаецца ў тым, што мы знайшлі істотныя перавагі для сэрца ад зусім невялікіх фізычных практыкаваньняў, зьвязаных з падыманьнем цяжкасьцяў.

Прафэсар Лі зьвяртае ўвагу на факт, што людзі, якія зрэдку падымалі цяжкасьці, мелі меншую вагу цела, а гэта таксама можа быць зьвязана з лепшым здароўем сардэчна-судзіннай сыстэмы.

Напярэдадні Новага году доктар Лі раіць людзям ўключыць у свой распарадак у наступным годзе практыкаваньні з абцяжарваньнем пару разоў на тыдзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG