Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фітнэс або праца стоячы? Адказ вас зьдзівіць


Памяркоўная фізычная нагрузка і стаяньне аказваюць на наша цела рознае ўзьдзеяньне. Пра новыя высновы мэдыкаў што да сядзячай працы піша ў газэце The New York Times Грэтхэн Рэйнальдз.

Пра неабходныя 15 хвілін нагрузкі штотыдзень

Мэдыкі кажуць, што адных фізычных практыкаваньняў недастаткова, каб падтрымліваць добрае здароўе.

Паводле вынікаў новага дасьледаваньня, вельмі добры ўплыў на наш арганізм маюць зусім нечаканыя фактары, такія, напрыклад, як праца стоячы.

Агульнавядома, што мэдыкі для падтрыманьня нармальнага здароўя і даўгалецьця раяць ня менш за 150 хвілін памяркоўнай фізычнай нагрузкі штотыдзень або каля 20-30 хвілін кожны дзень.

Але што мы робім па-за гэтымі 30 хвілінамі? Калі мы офісныя працаўнікі — мы сядзім па 10-11 гадзін.

Пры гэтым мэдыцына ўжо ведае, што працяглае сядзеньне зьвязана з павышэньнем рызыкі дыябэту, атлусьценьня і высокага ўзроўню халестэрыну.

Новы экспэрымэнт у Нідэрляндах

Галяндзкія навукоўцы вырашылі паставіць экспэрымэнт з удзелам добраахвотнікаў. Мэдыкі выбралі 61 чалавека, некаторыя зь якіх былі цалкам здаровыя, іншыя мелі празьмерную вагу, а іншыя — і залішнюю вагу, і цукровы дыябэт. Усіх праверылі на здароўе сэрца і стан мэтабалічнага абмену, уключаючы рэзыстэнтнасьць да інсуліну і ўзровень халестэрыну.

Пасьля гэтага ўсе ўдзельнікі экспэрымэнту пражылі тры розныя чатырохдзённыя пэрыяды, практыкуючы вызначаны мэдыкамі лад жыцьця.

Падчас першага мужчыны і жанчыны сядзелі па 14 гадзін у дзень, перапыняючыся толькі на санітарныя працэдуры.

Падчас другога ўдзельнікі экспэрымэнту перарывалі сядзеньне на адну гадзіну, каб пазаймацца на велатрэнажоры або зрабіць іншыя фізычныя практыкаваньні. Астатнія 13 гадзін яны сядзелі.

Падчас трэцяга пэрыяду яны сядзелі па 8 гадзін, а астатнія 5-6 гадзін стаялі ці прагульваліся ў нясьпешным ці зьмешаным тэмпе.

Пасьля кожнага з гэтых чатырохдзённых цыкляў мэдыкі паўтаралі поўнае абсьледаваньне.

Вынікі

Пасьля сядзеньня па 14 гадзін ва ўдзельнікаў экспэрымэнту назіраліся высокая ўстойлівасьць да інсуліну, рост узроўню халестэрыну аж да непажаданых лічбаў, а таксама зьмены ў судзінах на клетачным узроўні, што павялічваюць рызыку сардэчных хваробаў.

Пасьля другога цыклю з адной гадзінай памяркоўных фізычных нагрузак стан так званых эндатэліяльных клетак у судзінах палепшыўся, а узроўні цукру і інсуліну не зьмяніліся.

Пасьля трэцяга цыклю лічбы, якія характарызуюць рэзыстэнтнасьць да інсуліну і ўзровень халестэрыну, істотна палепшыліся.

Лекары зрабілі выснову, што стаяньне аказвае станоўчы ўплыў на арганізм праз павелічэньне колькасьці мышачных скарачэньняў.

Мышцы падчас працы спальваюць цукар у крыві для выпрацоўкі рэчываў, якія дапамагаюць трымаць узровень інсуліну пад кантролем, з аднаго боку, а зь іншага, выкідаюць хімічныя рэчывы, якія зьніжаюць узровень шкоднага халестэрыну.

Падсумаваньне

Выснова, якую зрабілі аўтары экспэрымэнту, гучыць так: адной памяркоўнай фізычнай нагрузкі для падтрыманьня добрага здароўя недастаткова, трэба скарачаць колькасьць часу, які мы праводзім седзячы.

Таму і адказ на пастаўленае ў загалоўку пытаньне гучыць так: і фітнэс, і праца стоячы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG