Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Голас»: некаторых карыстальнікаў накіроўваюць на фальшывы сайт. Як ня трапіць на махляроў


©Shutterstock
©Shutterstock

Інтэрнэт-плятформа «Голас», якая заклікае выбарнікаў высылаць фота запоўненых бюлетэняў, паскардзілася ў Twitter: удзень 9 жніўня ў Беларусі або сайт не адкрываецца, або замест яго паказваецца фальшывы.

Сайт недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, але бесьперашкодна працуе за мяжой. Аўтары плятформы пераконваюць, што фальшывы сайт зрабілі не яны, а «ААЦ ці хтосьці яшчэ».

Пабачыць фальшывы сайт Свабодзе не ўдалося. Але чытач з Горадні, абанэнт «Белтэлекаму», падзяліўся такім здымкам фальшывага сайту:

Фальшывы сайт, паводле «Голасу», просіць увесьці нумар тэлефону. Сапраўдны сайт такога не патрабуе — усе апэрацыі адбываюцца не празь яго, а праз чат-боты ў мэсэнджэрах Telegram і Viber (беларусы наракаюць на кепскую працу гэтых і іншых мэсэнджэраў у дзень выбараў).

Плятформу запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. На момант публікацыі на плятформе зарэгістраваліся 1,15 млн карыстальнікаў.

«Плятформа «Голас» існуе для таго, каб кожны мог даведацца, колькі галасоў было аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу, — пішуць на сайце. — Усё, што трэба зрабіць, — даслаць фота абодвух бакоў вашага бюлетэню ў чат-бот „Голасу“. Толькі бюлетэнь, бяз пашпарту і сэлфі. Ваш голас застанецца ананімным».

Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі:

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтравыбаркаму, ня больш і ня менш».

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем, — казала Ярмошына. — Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі».

У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in, якія заклікаюць фатаграфаваць выбарчыя бюлетэні на ўчастках для галасаваньня і высылаць здымкі, а таксама ўдзельнічаць у альтэрнатыўным падліку галасоў выбарнікаў, займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.

«Пры выяўленьні фактаў правядзеньня грамадзянамі, назіральнікамі неправамерных апытаньняў грамадзкай думкі, якія датычацца грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, выбараў прэзыдэнта Беларусі, без атрыманьня адпаведнай акрэдытацыі маюцца падставы для прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 9.28 КаАП», — паведамілі ў Генпракуратуры.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG