Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ ніколі ня бачыла такой хлусьні». Маці актывіста «Страны для жизни» пракамэнтавала сюжэт АНТ


Руслан Парфёнаў (справа) на пікеце ў Мазыры дыскутуе з выступоўцам, скрыншот зь відэа праваабарончай арганізацыі «Палеская Вясна»

У сюжэце на канале АНТ паказалі рэпартаж, у якім актывістаў «Страны для жизни» абвінавацілі ў падрыхтоўцы забурэньняў. Аднаго зь іх назвалі Русланам Парфёнавым. Але сябры і маці кажуць, што гэта ня ён.

У пачатку сюжэту паказалі сьпінай чалавека, якога назвалі жыхаром Мазыру, актывістам супольнасьці «Страна для жизни» Русланам Парфёнавым. Закадравы голас апавёў, што Парфёнаў прызнаўся ў вырабе мэталічных вожыкаў, каб спыняць тэхніку сілавых органаў.

Сябры і маці Руслана кажуць, што чалавек у кадры зусім не падобны на Руслана.

«Руслан мажны, высокі, а тут нейкі хударлявы юнак, на 10 гадоў маладзейшы», — сказаў Свабодзе сябар Руслана Андрэй.

Маці Руслана Людміла зазначыла, што «яшчэ ніколі ня бачыла такой хлусьні».

«У нас быў вобшук, пыталіся пра „вожыкі“. Я кажу: „А расьцяжкі вам ня трэба знайсьці? Можа, мне 900 тысяч даляраў пакінеце, як Ціханоўскаму, дык я хоць крэдыты сплачу?“», — сказала маці Руслана Парфёнава.

Яе сына затрымалі 6 жніўня. Сваякоў не дапусьцілі на суд.

«Нас ганялі з суду ў ізалятар, з ізалятару ў міліцыю. На суд не пусьцілі. Даведаліся толькі пра вынік — 10 сутак. За што — ніхто не сказаў», — дадала Людміла.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG