Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына назвала злачынствам стварэньне плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

У звароце ад 6 жніўня, апублікаваным на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што дзейнасць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў».

«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем, — казала Ярмошына. — Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі».

Ярмошына назвала «Голас» (на 14 хвіліне відэа) «шкодным, проста злачынным праектам» і абурылася тым, што кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская рэклямуе такі праект.

«Па сутнасьці, тое, што вам прапануецца, гэта стварэньне ценевага Цэнтарвыбаркаму, ня больш і ня менш, — заявіла Ярмошына. — Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правядзеньне выбараў забясьпечваюць выбарчыя камісіі; ніякая іншая структура, нават калі яна падключаецца на апошнім этапе і спрабуе зьвесьці галасы выбарнікаў, не зьяўляецца законнай. Па сутнасьці справы, яна падмяняе сваёй дзейнасьцю Цэнтральную выбарчую камісію».

Плятформа «Голас» на момант публікацыі працягвае дзейнасьць. На ёй паведамляецца, што зарэгістраваліся ўжо звыш 900 тысяч чалавек — гэтыя людзі расказалі, за каго зьбіраюцца галасаваць, і паабяцалі выслаць фота запоўненага бюлетэня пасьля галасаваньня.

4 жніўня ў Менску затрымалі Ільлю Шапаткоўскага, аднаго са стваральнікаў плятформы «Голас». Цяпер ён у сьледчым ізалятары КДБ. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці Ільлі Алена.

Ярмошына засьцерагла ад галасаваньня ўвечары: участкі закрыюць а 20-й, перад гэтым могуць зрабіць «прапускны рэжым».

Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў у альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах у Беларусі:

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.

Цэнтральная выбарчая камісія ня мае паўнамоцтваў наўпрост спыніць дзейнасьць інтэрнэт-сайту. Генэральная пракуратура і суды пакуль не давалі ацэнак дзейнасьці плятформы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG