Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць вострых пытаньняў да Ціханоўскай і аб’яднанага штабу перад 9 жніўня


Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Берасьці 2 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Берасьці 2 жніўня

За час кампаніі Сьвятлана Ціханоўская і яе паплечніцы Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала адказалі на безьліч пытаньняў. Але на некаторыя адказаў не прагучала.

Зразумела, у палітычнай, як і ў вайсковай, кампаніі няма сэнсу выдаваць праціўніку дэталі сваіх плянаў. Але прыхільнікам напэўна варта было б даць уяўленьне пра гэтыя пляны, хай і ў самай агульнай форме. Калі і гэта сакрэт, то як сотні тысячаў людзей даведаюцца, што ім абяцаюць і як ім прапануюць дзейнічаць?

Хто будзе кіраваць краінай у пераходны пэрыяд?

Калі Сьвятлана Ціханоўская стане прэзыдэнтам, каго яна прапануе на ключавыя пасады ва ўрадзе (прэмʼер-міністар, міністры замежных справаў, унутраных справаў, абароны, фінансаў, старшыня КДБ)?

Сьвятлана Ціханоўская абяцае правесьці хуткія датэрміновыя выбары прэзыдэнта. Але не імгненныя, да выбараў краінай павінен нехта кіраваць. І хто менавіта гэта будзе рабіць?

Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала (зьлева) і Марыя Калесьнікава на мітынгу ў Горадні, 1 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала (зьлева) і Марыя Калесьнікава на мітынгу ў Горадні, 1 жніўня

Як законна правесьці новыя выбары за паўгода?

Ці ёсьць у абʼяднаным штабе адмыслоўцы па канстытуцыйным праве? Хто менавіта кансультаваў Ціханоўскую наконт канстытуцыйнасьці яе абяцаньня правесьці хуткія датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары?

Канкурэнты Ціханоўскай — Аляксандар Лукашэнка і Ганна Канапацкая — заяўлялі, што абяцаньне Сьвятланы Ціханоўскай правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары не адпавядае дзейнай Канстытуцыі. Аднак ня толькі яны. Напрыклад, былы чалец Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў мяркуе, што плян датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў сутыкнецца з шэрагам юрыдычных тупікоў. Ці ёсьць юрыдычнае абгрунтаваньне галоўнага абяцаньня Ціханоўскай?

Як абараніць свой голас?

У сваіх выступах на БТ Сьвятлана Ціханоўская заклікала людзей абараняць свой голас. Але не патлумачыла, як гэта варта рабіць.

Ніякай законнай працэдуры адстойваньня менавіта свайго голасу не існуе. Галасаваньне таемнае, выбарчыя камісіі даюць агульныя вынікі галасаваньня. Калі Лідзія Ярмошына абвесьціць, што Аляксандар Лукашэнка атрымаў 80%, а Сьвятлана Ціханоўская, скажам, 10%, няма юрыдычнай працэдуры, паводле якой можна даказаць, што суадносіны галасоў іншыя.

Як даказаць, што перамог апанэнт Лукашэнкі?

Як абʼяднаны штаб зможа дакумэнтальна давесьці, што Ціханоўская перамагла?

Цяпер на плятформе «Голас» зарэгістравалася 12% выбарнікаў. Дапусьцім, што да 9 жніўня зарэгіструецца агулам нават 20%. Калі ўсе яны дашлюць свае бюлетэні і сканы пашпартоў, і ўсе яны будуць за Сьвятлану Ціханоўскую, то з гэтага будзе вынікаць, што за яе прагаласавала прынамсі 20% выбарнікаў. А як даказаць, што за яе прагаласавала больш за палову выбарнікаў, што прыйшлі да выбарчых участкаў?

Які плян на 9 жніўня?

Лідэркі абʼяднанага штабу казалі, што 9 жніўня будуць з народам. А ці ёсьць пляны, што прапаноўваць народу, да чаго заклікаць яго потым?

У 2006 і 2010 годзе лідэры на Плошчы заклікалі да рознага. Магчыма, таму і вынік атрымаўся такі, які атрымаўся. Што кіраўніцтва абʼяднанага штабу будзе рабіць інакш, чым гэта рабілі лідэры Плошчаў у 2006 і 2010 гадах?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG