Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта нагадвае ваеннае становішча». Сяргей Чэрачань прагаласаваў апошнім


Сяргей Чэрачань падчас галасаваньня
Сяргей Чэрачань падчас галасаваньня

Апошнім з кандыдатаў у прэзыдэнты прагаласаваў прадпрымальнік, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачань.

А 15-й гадзіне ён прыйшоў на ўчастак №32 на вуліцы Някрасава з 5-гадовай дачкой і прэс- сакратаром Вікторыяй Стралкоўскай. Кандыдату ў прэзыдэнты давялося адстаяць даволі вялікую чаргу.

УЖЫВУЮ Дзень галасаваньня: вайсковыя машыны на ўезьдзе ў Менск, Дом ураду ачэплены. Абнаўляецца

Ён пацьвердзіў, што абсалютна бяздоказна затрыманы і асуджаны на 10 сутак начальнік ягонага штабу, назіральнік Мікалай Лысянкоў.

Сяргей Чэрачань параўнаў сытуацыю ў Беларусі ў дзень выбараў з надзвычайным або нават «ваенным» становішчам: ваенізаваныя пасты на ўезьдзе ў горад, узброеныя салдаты, паўсюль сілавікі. Пра якое «сьвята» гаворка? — задаўся ён рытарычным пытаньнем.

«Гэта кепска, але для цяперашняй Беларусі гэта норма. Таму людзі і галасуюць за тое, каб адбыліся станоўчыя перамены», — адзначыў Сяргей Чэрачань.

Паводле яго, неабходна перазапусьціць усю структуру беларускай улады. Чыноўнікі павінны разумець: ці яны працуюць, ці проста займаюць нечае месца.

Цяпер Беларусь ня можа на роўных гаварыць на міжнароднай арэне — перад аднымі вялікія даўгі, іншыя не ўспрымаюць рэпрэсіўны рэжым як паўнавартаснага партнэра.

Сяргей Чэрачань станоўча ставіцца да ідэі плятформы «Голас», але ад пачатку прадказваў, што бліжэй да дня галасаваньня яе заблякуюць. Сам ён не зьбіраўся фатаграфаваць свой бюлетэнь.

Кандыдат у прэзыдэнты адзначыў, што ягоная каманда выдатна сябе зарэкамэндавала цягам усёй кампаніі, яе касьцяк будзе захаваны і пачне «шматвэктарна» рыхтавацца да наступных выбараў 2025 году.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG