Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Кулакова павезьлі адбываць арышт, нягледзячы на хваробу


Леанід Кулакоў, архіўнае фота
Леанід Кулакоў, архіўнае фота

Раніцай 6 жніўня актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў паведаміў на Facebook: «Затрыманы». Пазьней яго сяброўка Мая Навумава паведаміла праваабаронцам, што Кулакова павезьлі адбываць раней прысуджаныя яму 15 дзён арышту, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Арышт прысудзілі яшчэ 19 ліпеня ў судзе Першамайскага раёну Менску за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» 30 і 31 траўня — у пікетах за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты блогера Сяргея Ціханоўскага.

Кулакоў апошнім часам амаль не выходзіў з дому — меў праблемы з высокім ціскам і прымаў лекі.

Каго яшчэ затрымалі за час датэрміновага галасаваньня

Паводле «Вясны», 4 і 5 жніўня былі затрыманыя тры дзясяткі незалежных назіральнікаў. Некаторых адпускалі менш як праз тры гадзіны без складаньня пратаколаў, на некаторых склалі пратаколы за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням».

Акрамя таго, піша БелаПАН, 5 жніўня ў Рэчыцкім раёне быў затрыманы актывіст з Гомля Аляксей Елісееў. Яго жонка мяркуе, што затрыманьне зьвязанае з адбываньнем 15-дзённага арышту за пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, названага несанкцыянаванай акцыяй. Таксама, кажа жонка, яго вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» — фільма блогера Nexta «Лукашенко. Уголовные материалы».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG