Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніку тэлеграм-каналу «Армія з народам» прад’явілі абвінавачаньне, у ягонай сястры і маці — ператрусы


Ілюстрацыйнае фота, Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Узятаму пад варту ўдзельніку тэлеграм-каналу «Армія з народам» Сяргею Коршуну прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 і ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамілі праваабарончаму цэнтру «Вясна» сваякі затрыманага.

  • ч.1 арт. 342 КК — «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях»; максымальнае пакараньне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
  • ч.2. арт. 342 КК «Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці» — да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

5 жніўня ў доме сястры Коршуна прайшоў ператрус, забралі два ноўтбукі, стары пляншэт і тэлефон. Таксама ператрус праходзіць на лецішчы сям’і, дзе знаходзіцца маці Сяргея.

Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Коршунава палітвязьнем і запатрабавалі яго неадкладнага вызваленьня.

Сяргея Коршуна затрымалі 21 ліпеня і зьмясьцілі пад варту ў межах так званай «справы Ціханоўскага» пасьля інцыдэнту на перадвыбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні. Па справе таксама праходзяць блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч і яшчэ як мінімум 20 чалавек.

Акрамя Коршуна, затрымалі іншых удзельнікаў тэлеграм-каналу «Армія з народам» — Алену Колікаву і Сяргея Лук’янава, праз 3 дні яны выйшлі на волю ў статусе падазраваных. Алена Колікава чула, як супрацоўнікі ГУБАЗіК чынілі ціск на Коршуна пад пагрозай таго, што забяруць у яго дзяцей.

Сяргей Коршун на працягу 10 гадоў служыў у міліцыі. Прыкладна дзесяць гадоў таму сышоў на ўласнае жаданьне ў званьні капітана.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG