Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу быць са сваім народам» — былая вядучая Пытлева пра два лягеры і пра норавы на БТ


Кацярына Пытлева. Сэлфі з апошняга тэлеэфіру.
Кацярына Пытлева. Сэлфі з апошняга тэлеэфіру.

Тэле- і радыёвядоўцу Кацю Пытлеву зьнялі з эфіру на БТ пасьля паста ў Фэйсбуку пра «поўны гамон» у Беларусі, калі яна абурылася затрыманьнем удзельнікаў мірных пратэстаў у Менску. Журналістка расказала Свабодзе пра «два лягеры» на БТ, невысокія заробкі, «партызаншчыну» і падтрымку аб'яднанага штабу.

Сьцісла

  • Я ня першы раз страчваю працу праз свае палітычныя погляды і грамадзянскую пазыцыю. Проста раней не было сацыяльных сетак, і я хадзіла на мітынгі.
  • Вельмі шмат нядобрага «прылятае» тым, хто працуе на БТ. Падобныя публікацыі, у гэтым я разумею Эйсманта, расколваюць супрацоўнікаў БТ на два лягеры — нехта сутыкаецца зь нянавісьцю, нехта з падтрымкай.
  • Я бачу, як разьвіваюцца падзеі ў Беларусі, і зразумела, што хачу быць са сваімі гледачамі.
  • Сяргей Дарафееў працаваў у жывым эфіры, і ў яго была такая магчымасьць паспрачацца зь Ярмошынай. Цяпер падобныя аналітычныя праграмы праходзяць у запісе.
  • Нямала людзей, якія працуюць у навінах, і праўда вераць у тое, што яны расказваюць. Я на гэтай глебе нават некалькі даўніх добрых знаёмых страціла.
  • Я атрымлівала менш, чым прадавец у краме.

«Я хацела паказаць, што я не падтрымліваю тое, што адбываецца ў нашай краіне»

— Кацярына, вось ужо некалькі тыдняў вы не працуеце на БТ. Што адбываецца ў вашым прафэсійным жыцьці цяпер?

Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

— Я заўсёды была чалавекам, які рэдка абмяжоўваецца адной працай. Нават падчас дэкрэту я іх мела некалькі. Цяпер я проста не працую ў адным з кірункаў — на тэлебачаньні. Я працягваю весьці аўтарскую праграму на Аўтарадыё. Нядаўна пачала пазаштатна супрацоўнічаць з парталам Оnliner, здымаю відэаролікі. Я заўсёды цікавілася сацыяльнай журналістыкай.

— А тэлекамэраў бракуе?

— Я сама ўзялася за камэру як апэратарка (маю на ўвазе працу для Оnliner), у многім мне гэта нават больш цікава. Камэраў у маім жыцьці было шмат, і я магу бязь іх пражыць. Крыху больш складана без жывых эфіраў, але з гэтым я таксама спраўлюся.

— Давайце вернемся на некалькі тыдняў назад. Што і як адбылося?

— У нашай краіне пачаліся мірныя пратэсты, зьвязаныя з рознымі падзеямі — зьняволеньне Віктара Бабарыкі, людзі хацелі справядлівых выбараў, патрабавалі вызваленьня палітзьняволеных — Сяргея Ціханоўскага і іншых. Людзі пачалі масава выходзіць на вуліцы ў розных гарадах, і гэта суправаджалася вельмі жорсткімі затрыманьнямі, хоць па Канстытуцыі мы маем права зьбірацца на мірныя пратэсты. Затрымлівалі журналістаў, якія выконвалі сваю працу, якія мелі акрэдытацыю.

Людзі аказаліся ў аўтазаку за тое, што вырашылі падтрымаць краму, у якой зьявіліся праблемы толькі таму, што яны выпускаюць майкі з сымболікай, якая не падабаецца кіраўніцтву нашай краіны. Гэта не магло не знайсьці рэакцыі ў маім сэрцы, у сэрцах многіх мэдыйных і немэдыйных беларусаў, у сэрцы любога чалавека. Замоўчваць гэта было нельга. Я хацела паказаць, што я салідарная зь беларускім народам, што я не падтрымліваю таго, што адбываецца ў нашай краіне.

«Пасьля чаго Эйсмант выказаў сваю пазыцыю — што ўсімі намі маніпулююць»

— І якая была рэакцыя кіраўніцтва на ваш пост у фэйсбуку?

— На самой справе рэакцыя была адэкватная, адрозна ад многіх маіх калегаў, якіх проста зьнялі з эфіру ці паставілі перад фактам. На наступны дзень мы адправіліся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Мы — усе вядоўцы жывога эфіру БТ, у тым ліку дзьвюх праграмаў — «Добрай раніцы, Беларусь» і «Дзень у вялікім горадзе» (я яе вяла). Ня толькі я была засмучаная дзеяньнямі АМОНу і затрыманьнямі ля Symbal.by і зрабіла адпаведныя публікацыі. Былі яшчэ двое вядоўцаў — Дзяніс Дудзінскі і Юлія Курʼян, мая сувядоўца па праграме «Дзень у вялікім горадзе». Нас сабралі ўсіх разам, у тым ліку іншых вядоўцаў, якія працуюць у жывым эфіры (бо гэта дадатковая адказнасьць), і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Эйсмант правёў з намі працяглую размову.

Я была гатовая да чаго заўгодна, што нас будуць неяк «адчытваць»... Нічога падобнага не было. Мы пагаварылі пра сытуацыю ў краіне, пра тое, чаму мы гэта напісалі, чаму мы захацелі падтрымаць і саму краму Symbal.by, і тых людзей, якія пацярпелі за мірныя пратэсты. Пасьля чаго Эйсмант выказаў сваю пазыцыю — што ўсімі намі маніпулююць, што гэта не зусім этычна для журналістаў Белтэлерадыёкампаніі, што яго асабіста, вядоўцаў Белтэлерадыёкампаніі перасьледуюць, троляць у сасетках, што вельмі шмат «хэйту» прылятае ад людзей, якія ня згодныя з карпаратыўнай палітыкай Белтэлерадыёкампаніі, ня згодныя з тым, што паказваюць у эфіры.

І праўда, вельмі шмат нядобрага «прылятае» тым, хто працуе на БТ. І, канечне, падобныя публікацыі, я ў гэтым разумею Эйсманта, расколваюць супрацоўнікаў БТ на два лягеры — нехта сутыкаецца зь нянавісьцю, нехта з падтрымкай. І гэтая падтрымка ўзмацняе нянавісьць. На жаль.

Было сказана, што гэта парушэньне карпаратыўнай этыкі. Чаму вы не абараняеце сваіх калегаў, а абараняеце грамадзянаў, скажам так. Пасьля чаго мяне зьнялі з эфіраў, якія засталіся да адпачынку. Пасьля адпачынку пытаньне было няяснае — вярнуся ці не вярнуся ў эфір. Але пасьля размовы з маёй непасрэднай начальніцай, кіраўніцай праграмы, я прыйшла да высновы, што мне лепей сысьці.

Я бачу, як разьвіваюцца падзеі ў Беларусі. Я разумела, што я хачу быць са сваімі гледачамі. Няважна, ці на тэлебачаньні, але я хачу быць зь імі маральна. Я хачу быць са сваім народам, я хачу пісаць словы падтрымкі, выказваць сваю пазыцыю, а калі гэта супярэчыць карпаратыўнай этыцы, то, каб нікога не падстаўляць, не нагнятаць сытуацыю, трэба сысьці самой. Што я і зрабіла, уласна, бо не хацела больш маўчаць. А калі б я засталася і мяне вярнулі ў эфір, то мне давялося б гэта рабіць.

«Я ведаю, што салідарных людзей шмат, проста далёка ня ўсе могуць знайсьці ў сабе сілы выказацца»

— Вы кажаце пра два лягеры супрацоўнікаў на БТ, якія па-рознаму разумеюць і карпаратыўную салідарнасьць (як яе разумее спадар Эйсмант), і падзеі ў краіне. Наколькі гэтыя два лягеры сапраўды палярныя?

— Супрацьстаяньня я не заўважала. Але ж я працую ў забаўляльнай рэдакцыі. Я б сказала, што на працы (пакуль я працавала ў рамках праекту «Дзень у вялікім горадзе») мы не абмяркоўвалі палітыку. Часьцей падобнае абмеркаваньне адбываецца ў Агенцтве тэлевізійных навінаў, якое асьвятляе сытуацыю ў краіне. У нас іншая тэматыка і зусім іншыя размовы.

— Няўжо ніколі не абмяркоўвалі з калегамі тое, што адбываецца ў краіне? І ня ведаеце думкі калегаў? І таго, што не выходзіць вонкі і застаецца ўнутры Белтэлерадыёкампаніі?

— Мы сталі абмяркоўваць сытуацыю ў краіне пасьля той публікацыі ў сацсетках. Калі ты працуеш у жывым эфіры, табе не да пабочных размоваў. Жывы эфір — вельмі адказная і складаная праца. Найчасьцей на нешта іншае не хапае часу.

Усе, з кім я гэта абмяркоўвала, бачаць тое, што адбываецца. Усе жахаюцца, нехта ў большай, нехта ў меншай ступені. Многія калегі потым напісалі мне словы падтрымкі, падтрымалі мяне і асабіста. Я ведаю, што салідарных людзей шмат. Проста далёка ня ўсе могуць знайсьці ў сабе сілы і магчымасьці выказацца. Далёка ня кожны, ведаючы, што праз гэта можна страціць працу, гатовы на гэта пайсьці. У мяне былі яшчэ два кірункі дзейнасьці, але для кагосьці Белтэлерадыёкампанія — гэта адзіны працадаўца доўгія гады. І далёка ня ўсе могуць сабе дазволіць вось так сысьці, бо і сямʼю трэба карміць.

«Калі ты хочаш працаваць на тэлебачаньні, мірысься з гэтымі заробкамі і шукаеш падпрацоўку»

— Меліціна Станюта расказвала, што яна атрымлівала зусім мізэрныя заробкі за тэлеперадачу, якую вяла. Калі не сакрэт і не парушэньне карпаратыўнай этыкі, ці высокі заробак атрымлівалі вы?

— Не. Я вам скажу, што атрымлівала менш, чым прадавец у краме. Я за грашыма не ганялася, мне заўсёды падабаўся сам рух, сама праца на тэлебачаньні. Гэта ня тыя неймаверныя грошы.

— А за што тады людзі трымаюцца?

— Калі ты хочаш працаваць у мэдыя, то гэта тыя ўмовы, тыя рызыкі, якія ты прымаеш. Калі ты хочаш працаваць на тэлебачаньні, ты мірысься з гэтымі заробкамі і шукаеш падпрацоўку. Таму многія тэлевядоўцы паралельна вядуць некія мерапрыемствы, у чым міністар інфармацыі іх абвінавачваў. Хоць далёка ня ўсе ад добрага тэлевізійнага жыцьця ідуць весьці карпаратывы. Гэта абсалютна сярэдні заробак па краіне. Ты можаш такі заробак атрымліваць, будучы кіроўцам, прадаўцом ці настаўнікам, а можаш — на тэлебачаньні. Магчыма, асобныя вядоўцы, у якіх ёсьць спонсарскія праекты, спэцпраекты, атрымліваюць крыху больш, але ў сярэднім заробкі не адрозьніваюцца ад сярэдніх заробкаў гледачоў па краіне.

«Вядуць іх людзі, якія цалкам падзяляюць палітыку Белтэлерадыёкампаніі як прапагандысцкага каналу»

— У апошнія месяцы некалькі людзей зь дзяржаўных тэлеканалаў публічна выказалі сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў Беларусі, і ў выніку яны страцілі працу. Гэта былі пераважна журналісты, вядоўцы, якія не працавалі ў інфармацыйным вяшчаньні, якія, як вы, працавалі ў непалітычных сфэрах, у забаўляльным фармаце. Як вы мяркуеце, чаму маўчаць журналісты і вядоўцы навінавых, аналітычных праграмаў? Акрамя Сяргея Дарафеева, больш ніхто ня выказаўся, не сышоў. Чаму? Такі адбор супрацоўнікаў?

— Думаю, што так. Сяргей тады працаваў у жывым эфіры, і ў яго была такая магчымасьць паспрачацца зь Ярмошынай, пайсьці не па сцэнары. Цяпер падобныя аналітычныя праграмы праходзяць у запісе, і вядуць іх людзі, якія цалкам падзяляюць палітыку Белтэлерадыёкампаніі як прапагандысцкага каналу нашай дзяржавы. Людзі, якія трапляюць у навіны, часта прыходзяць туды яшчэ студэнтамі журфаку, і за гады працы яны, натуральна, становяцца плястычнымі. Іх сьветапогляд, нават калі яны і падтрымлівалі апазыцыю, можа мяняцца. Калі ты ўвесь час гаворыш адно і бачыш у такім ракурсе, як табе кажуць бачыць, магчыма, і ў галаве нешта мяняецца.

Я часта чую: «Як можна хлусіць і навошта яны гэта робяць?». Нямала людзей, якія працуюць у навінах, і праўда вераць у тое, што яны расказваюць. Я на гэтай глебе нават некалькі даўніх добрых знаёмых страціла, калі я зразумела, што яны сапраўды вераць у тое, што расказваюць (падзеі на Плошчы, наркотыкі ў намётах). Тады я зразумела, што нам проста не па дарозе.

«Я хаджу на мітынгі пачынаючы з 1996 году»

— Прапаганда даўно прысутнічае на тэлебачаньні, і вы там даўно працавалі, хоць былі і ў забаўляльных сфэрах. І вы былі ня згодныя з тым, што робіць прапаганда. Чаму вы толькі цяпер вырашылі публічна выказацца?

— Я ня першы раз страчваю працу праз свае палітычныя погляды і грамадзянскую пазыцыю. Проста раней не было сацыяльных сетак, і я хадзіла на мітынгі. Я хаджу на мітынгі пачынаючы з 1996 году, з самага юнацтва. Калі пачалі зьяўляцца сацыяльныя сеткі, спачатку я не магла пісаць, бо разумела, што праз гэта страчу працу. Тады я рыхтавалася да нараджэньня дзяцей, і мне было важна, каб быў гэты даход. Цяпер я зразумела, што я не магу маўчаць, таму што гэтым разам надзея — ва ўсіх. Ёсьць шанец на зьмены. Таму і вырашыла выказацца.

— Тэле- і радыёвядоўца Тацяна Мартынава, цяпер мадэратарка суполкі «Хопіць баяцца», у інтэрвію Свабодзе пасьля адʼезду ва Ўкраіну казала, што ёй ня сорамна за ніводную праграму на АНТ, якую яна вяла, і што цяпер журналісты на дзяржаўных тэлеканалах, так бы мовіць, партызаняць і выказваюць сваю нязгоду нейкімі завуаляванымі спосабамі. Ці згодныя вы зь ёй? Ці ёсьць такая зьява?

— Так, я сустракала такіх людзей. Дзякуючы такім людзям нашае тэлебачаньне крыху лепшае, чым магло б быць. Так, партызанскімі мэтадамі. Ёсьць вельмі шмат недзяржаўных арганізацый, якія займаюцца вельмі важнымі справамі. Далёка не заўсёды пра іх гатовыя расказваць на нашых тэлеканалах.

А «партызаны» на тэлебачаньні лабіруюць нязручныя для дзяржавы тэмы. Гэтыя рэчы агучваюцца, і справа робіцца. Гэта нязручныя тэмы, якія не паказваюць нашу дзяржаву ў добрым сьвятле. Напрыклад, тэма хатняга гвалту, пэдафіліі, сэксуальнага гвалту. Іх вельмі мала хто агучвае. Вельмі шмат ёсьць такіх непрыгожых, нязручных тэмаў для нашай дзяржавы, і яны зьяўляюцца на дзяржаўным тэлебачаньні дзякуючы такім «партызанам».

— Калі ствараўся незалежны тэлеканал «Белсат», у іх быў прынцып — не запрашаць журналістаў з прапагандысцкага БТ, а вырасьціць сваіх прафэсіяналаў. Адзінае выключэньне было на той момант — запрашэньне спартовага аглядальніка Аляксандра Пуцілы. Ці лічыце вы слушным такі падыход?

— Гэта іх рашэньне і палітыка. Мне складана абмяркоўваць. Калі разважаць гіпатэтычна, гэта вельмі добра, калі куюцца ўласныя кадры, а не перацякаюць людзі з аднаго мэдыя ў іншае. Павінна быць сьвежая кроў, новы падыход, і гэта здорава. З другога боку, калі чалавек хоча сысьці зь дзяржаўных мэдыя праз тое, што больш ня хоча так падаваць інфармацыю, то чаму б ня даць яму магчымасьці рэалізавацца ў іншай сфэры? Калі ад яго адварочвацца, то куды сыходзіць? Замкнёнае кола. Яшчэ адзін бок. Чалавек, асабліва калі гэта пазнавальная асоба, мэдыяпэрсона, сыходзячы зь дзяржаўнага тэлебачаньня, можа перацягнуць — і напэўна перацягне — у незалежнае СМІ сваю аўдыторыю. Гэта здорава, што будзе адток аўдыторыі ад дзяржаўных каналаў і прыток да незалежных СМІ.

— Ці не абмяркоўвалі звольненыя вядоўцы магчымасьць стварэньня свайго відэа- ці тэлепраекту?

— Сярод звольненых за свае публікацыі ў сацсетках, улічваючы, што мы адзін аднаго даўно ведаем, ёсьць тэлевізійны прадусар, які нас абʼядноўвае. Ён высунуў ідэю і нават прыдумаў назву такога каналу. Пакуль далей за размовы справа не зайшла, але мне паступаюць прапановы. Многія задумаліся, што нам не хапае розных незалежных СМІ. Я ведаю, наколькі цяпер прырасла і аўдыторыя Свабоды, і аўдыторыя Белсату, і нашых беларускіх блогераў. Запыт ад аўдыторыі ёсьць. Ёсьць некалькі прапановаў — Youtube-канал з жывымі эфірамі і рэпартажамі. У мяне ёсьць свой асабісты праект, як я хачу разьвіваць і запускаць увосень. Гэта будуць падкасты, Youtube-канал «Моцныя людзі».

«У мяне каля 20 тысяч падпісчыкаў у розных сацсетках, якім я паведамляю, дзе і калі адбудуцца пікеты абʼяднанага штабу»

— На чыім баку вашы сымпатыі ў гэтай выбарчай кампаніі? Ці не прапаноўвалі вам далучыцца да камандаў кандыдатаў? Ці хацелі вы свой прафэсійны досьвед, талент, энэргію прыкласьці ў часе гэтай выбарчай кампаніі?

— Я вельмі хацела дапамагчы ініцыятыве «Сумленныя людзі», але пакуль працягваецца пандэмія, я сяджу, у асноўным, на дыстанцыйнай працы з двума дзецьмі дома, таму ў мяне не хапае часу, каб дапамагчы ініцыятыве, выступаць на пікетах (была і такая прапанова). Пакуль дапамагаю як магу. У мяне вялікая аўдыторыя — каля 20 тысяч падпісчыкаў у розных сацсетках, якім я паведамляю, дзе і калі адбудуцца пікеты абʼяднанага штабу, бо я падтрымліваю менавіта яго і Сьвятлану Ціханоўскую.

Я хачу далучыцца да ініцыятывы «Культпратэст». Будзем запісваць песьню на беларускай мове, якую я напісала ў 15 гадоў. Мы выканаем яе дуэтам. Гэта таксама будзе наш унёсак у тое, што цяпер адбываецца. Апошнія чатыры радкі я перапісала некалькі тыдняў таму.

Мы будзем клікаць да свабоды
мы будзем клікаць да жыцьця
мы пераможам, разам зможам
не згвалтаваць ўжо пачуцьця

«Я прыйшла на тэлебачаньне, калі мне было 14 гадоў»

— Вы працуеце на тэлевізіі з 1997 году, працавалі на тэлеканалах сеткі БТ, каналах АНТ, СТВ і «Первый музыкальный», «БелМузТВ» і A-One (Украіна). Маглі б расказаць пра сваю працу?

— Я прыйшла на тэлебачаньне, калі мне было 14 гадоў. Тады актыўных школьнікаў адбіралі ў новы праект, праграму «5×5», якая выходзіла ў жывым эфіры на БТ. Гэта быў унікальны праект для нашай краіны, бо нічога падобнага ні было ні раней, ні пасьля. Так я аказалася на тэлебачаньні. Пасьля вяла на БТ праект пра музыку «Кліп-абойма». Потым працавала каля 7 гадоў на Першым музыкальным тэлеканале.

Далей удзельнічала ў розных праектах — была музычным аглядальнікам на АНТ, вяла ранішняе ток-шоў на СТВ, начную праграму ў жывым эфіры (інтэлектуальная гульня). Я працавала на асноўных дзяржаўных тэлеканалах, працавала на тэлеканале A-One (Украіна) як музычны журналіст. На БелмузТВ рэалізавала рэаліці-шоў для блогераў. У асноўным я працавала ў забаўляльным сэгмэнце. Гадоў сем таму пачала займацца сацыяльнай журналістыкай, калі прыйшла на партал tut.by, дзе ў мяне быў праект «Анкамаркер» і праграма «Жаночае здароўе».

Паралельна ў маім жыцьці было радыё. 13 гадоў я працавала на радыё «Мир», атрымала там залаты і срэбны мэдаль ад краінаў садружнасьці і трапіла ў кнігу рэкордаў краін СНД і Балтыі за самы доўгі жывы эфір, які трываў 26 гадзін. Я папрацавала і на радыё «Радыюс ФМ». Выйшаўшы з дэкрэту, дагэтуль працую на «Аўтарадыё».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG