Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядоўца Кацярына Пытлева больш не працуе на БТ пасьля допісу ў ФБ пра «поўны гамон» у Беларусі


Кацярына Пытлева

«Калі ты ў кадры і выказваесься — ты вораг дзяржавы», — патлумачыла яна пазыцыю цяперашняга кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

У канцы чэрвеня Кацярына Пытлева напісала абураны пост у Фэйсбуку з нагоды беззаконьня, якое адбываецца ў Беларусі, і зьмясьціла свой фатаздымак у майцы з надпісам «Поўны гамон». Сёньня яна паведаміла, што яе зьнялі з эфіраў, хаця афіцыйна пра звальненьне не сказалі. Але яна вырашыла сысьці сама, бо і надалей зьбіраецца пісаць тое, што адчувае і перажывае «у сувязі з жахлівымі падзеямі» ў Беларусі.

У допісе, празь які ў яе пачаліся непрыемнасьці, яна абуралася арыштамі ўдзельнікаў пратэстаў і журналістаў, пагрозамі адабраць у маці дзіця за іншадумства, затрыманьнямі каля крамы Symbal.by і падсумоўвала:

«Больш маўчаць не магу. Я не хачу такой сучаснасьці і будучыні для маіх дзяцей. Я 23 гады працавала на дзяржаўных каналах і радыё, на шчасьце, мне ніколі не давялося ісьці на ўгоду з сумленьнем, я працую ў забаўляльным фармаце. Але зараз быць абыякавым — раўнасільна здрадзе сваёй краіне, свайму народу.

Зьвяртаюся да ўсіх, хто мяне чытае, глядзіць і слухае. Мы не народзец. Мы — беларусы, выдатная нацыя, вартая лепшага: павагі, свабоды слова, бясьпекі. Але не абразаў і затрыманьняў усіх, хто хоча выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Няхай кожны пройдзе праз усё з годнасьцю».

Кацярына Пытлева — тэле- і радыёвядоўца, фронтвумэн гурту «Кландайк», вядоўца перадачы «День в большом городе». На тэлевізіі яна з 1997 году, працавала на тэлеканалах сеткі БТ, каналах АНТ, СТВ і «Первый музыкальный», «БелМузТВ» і A-One (Украіна), радыёстанцыях «Аўтарадыё», «Мир» і «Радыюс FM», робіць рэпартажы для парталу Tut.by.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG