Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супраць Бога, менш разумныя дзеці». Чатыры маці разбураюць міты пра ЭКА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмяркоўваем праўду і міты, асьцярогі і стэрэатыпы, стыгмы і забабоны, зьвязаныя з экстракарпаральным апладненьнем (ЭКА), разам з жанчынамі, якія выкарысталі гэты мэтад дзеля нараджэньня дзяцей. Гэта псыхоляг, маці двух дзетак Дар’я Альперн-Каткоўская з Эйлату, тэле і радыё вядучая, маці двух дзетак Кацярына Пытлева зь Менску, бугальтарка, маці двух дзетак Натальля Кузьняцова з Прагі і паўнамоцніца рэктара польскага Ўнівэрсытэту Лазарскага, маці чатырох дзетак Натальля Арцёменка з Варшавы.

Сьцісла

  • Альперн-Каткоўская: Гэта цяжкі шлях, і большасьць тых, хто яго пачынае, ня ведаюць, колькі ён працягнецца і наколькі ён можа быць цяжкім фізычна і эмацыйна.
  • Пытлева: У мяне былі трайняты, адно дзіця памерла. Калі пра маю гісторыю паведамілі СМІ, незнаёмыя людзі пісалі, што гэта Божая кара за тое, што я пайшла на ЭКА.
  • Кузьняцова: Балюча і непрыемна, што праз рэлігію і іншыя забабоны навука гэтым не займалася некалькі стагодзьдзяў.
  • Арцёменка: Я б не зацягвала рашэньне пра ЭКА. Тры гады, якія мы спрабавалі зацяжарыць без ЭКА, былі вельмі цяжкімі. Калі год не атрымліваецца, варта падумаць пра гэтую працэдуру.

«Мой шлях да нараджэньня Давіда склаў больш за два з паловай гады»

— Выбраць гэтую тэму для дыскусіі я вырашыла пасьля вельмі шчырага паста ў Фэйсбуку Дарʼі Альперн-Канткоўскай пра тое, як яна распачала гэты працэс, а таксама пра ўспрыняцьце ЭКА на постсавецкай прасторы. Як вашае жыцьцё зьмянілася дзякуючы гэтаму мэтаду?

Дар'я Альперн-Каткоўская
Дар'я Альперн-Каткоўская

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Калі ў мяне зьявілася першае дзіця, для гэтага ня трэба было нічога асаблівага рабіць, гэта адбылося натуральным шляхам. Потым быў досьвед некалькіх ЭКА, пасьля якіх нарадзіўся другі сын Давід. Гэта сапраўды цяжкі шлях, і большасьць, хто яго пачынае, ня ведаюць, колькі ён працягнецца і наколькі ён можа быць цяжкім фізычна і эмацыйна. Не хачу сказаць, што ён разбурае, але ён уплывае на штодзённае жыцьцё. Трэба выкарыстоўваць шмат мэдыкамэнтаў, увесь час праходзіць шмат праверак.

Для мяне найбольш цяжка, што гэта нібыта пазбаўляе цябе штодзённай радасьці, таму што ёсьць нейкая адкладзеная рэч, якая ўплывае на ўсё жыцьцё. Думаеш, зараз мне перанесьлі эмбрыён, трэба пачакаць два тыдні, ён замацуецца, і тады я выдыхну. А гэта ня так. Праз два тыдні зноў думаеш, а раптам зь ім нешта здарыцца, раптам замершая цяжарнасьць, раптам нешта яшчэ, потым ультрагук, і так цягнецца прынамсі да самых родаў. Мой шлях да нараджэньня Давіда склаў больш за два з паловай гады. Гэтай тэмай была прасякнутая большасьць дзён з гэтых двух з паловай гадоў з пачатку першага пратаколу ЭКА.

Паўтара года я жыву ў горадзе, дзе яшчэ мала каго ведаю. Мне хочацца падтрымкі, хочацца пра гэта размаўляць, і не пра нейкую гісторыю посьпеху, а проста атрымліваць падтрымку. Я заўважыла, што пра гэта ня вельмі прынята гаварыць, прынамсі ў той частцы беларускага інтэрнэтнага сьвету, які я бачу.

«Я ўдзячная, што жыву ў час мэдычных дасягненьняў. Дзякуючы ЭКА я стала маці»

Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

Кацярына Пытлева: Калі б не ЭКА, найхутчэй, дзяцей у мяне не было б. Я ўдзячная таму, што жыву ў час тэхналёгій, мэдычных дасягненьняў, і дзякуючы ЭКА я стала маці. Гэта быў вельмі доўгі шлях, які працягваўся больш за 10 гадоў. У многіх атрымліваецца натуральным чынам, а ў мяне ўсе цяжарнасьці, якія адбываліся натуральным чынам, да 9 месяцаў не дахадзілі. Гэта было вельмі цяжка. Я вельмі хацела стаць маці. Толькі дзякуючы ЭКА, ня зь першай, а з трэцяй спробы ў нас усё атрымалася.

Мала зь кім гэта можна было абмеркаваць, таму што ў нашай краіне, як я сутыкнулася, мала хто разумее, што гэта такое ўвогуле. Для многіх гэта проста дзеці, якія зьяўляюцца з прабіркі, і не гаворыцца, праз што праходзяць найперш жанчыны. Фізычна гэта цяжка, шмат лекаў, штодзённыя ўколы. І ўвесь час страх, што нешта не атрымаецца. Часта гэта і не атрымліваецца.

Бывае вельмі цяжка ад гармонаў. Ляжыш і ня можаш падняцца, таму што баісься, што лішні раз чхнеш і нешта здарыцца. Ня можаш гэта ні зь кім абмеркаваць, а калі хацела б камусьці распавесьці, цябе проста не зразумеюць, асабліва тыя, у каго дзеці атрымаліся натуральным чынам.

Да ЭКА ў Беларусі (я з гэтым сутыкнулася) ставяцца вельмі нэгатыўна ў сілу рэлігійных уплываў. Найперш глядзяць на жанчыну, як на інваліда: «Ах, сама не змагла, значыць нейкая не такая, ізгой». Бясплодзьдзе ўвогуле ў нас замочваецца, лічыцца, што гэта сорамна. Хаця на самой справе гэта вельмі распаўсюджаная хвароба. Розныя могуць прычыны, і жанчыны ў адзіноце праходзяць праз бясплодзьдзе, празь лячэньне, праз ЭКА.

Калі я ляжала ў нейкія пэрыяды цяжарнасьці на захаваньні і размаўляла з многімі дзяўчатамі, якія праходзяць праз ЭКА, то яны не прызнаваліся нікому, што іх цяжарнасьць наступіла такім чынам, таму што іх адразу б асудзілі. Асуджалі, таму што гэта супраць Бога, супраць царквы. У мяне былі трайняты, адно дзіця, на жаль, памерла на апошнім месяцы. Калі я распавяла сваю гісторыю, і пра яе напісалі СМІ, мне абсалютна незнаёмыя людзі пісалі, што гэта Божая кара за тое, што я ўвогуле пайшла на гэтую працэдуру.

Многія параўноўваюць ЭКА з забойствам — яны не разьбіраюцца, што гэта за працэдура, але асуджаюць. Многія жанчыны, якія ЭКА, дагэтуль ня хочуць прызнавацца ў тым, што іх дзеці нарадзіліся дзякуючы высілкам дактароў, таму што яны баяцца сутыкнуцца з асуджэньнем рэлігійных людзей. Яны баяцца перасьледу дзяцей. Я неаднаразова сутыкалася зь меркаваньнем, што дзеці, народжаныя шляхам ЭКА, нейкія іншыя, горш разьвіваюцца, менш разумныя, і ў іх IQ ніжэйшы. У мяне ёсьць знаёмыя, чые дзеці былі народжаныя з дапамогай ЭКА больш за 10-15 гадоў таму, і ўсё зь імі цудоўна. і яны ні ў чым не адстаюць, а часам пераўзыходзяць аднагодкаў.

«У Чэхіі першая тры спробы бясплатныя»

Натальля Кузьняцова
Натальля Кузьняцова

Натальля Кузьняцова: Я заўсёды ведала, што ёсьць такі мэтад як нейкі запасны варыянт. Мы з мужам спрабавалі, але я не магла зацяжараць цягам чатырох гадоў. Для мяне ўсё зьмянілася, калі я даведалася, што ў Чэхіі гэтая працэдура цалкам бясплатная, дакладней, першая тры спробы бясплатныя. Было вельмі цяжка маральна, увесь час жывеш у чаканьні. Двайняты атрымаліся толькі таму, што я баялася, што нічога не атрымаецца, і мы папрасілі, каб нам далі два эмбрыёны.

Я была вельмі зьдзіўленая, калі я паглядзела нейкае ток-шоў на інтэрнэт-тэлевизіі tut. by у 2012 годзе. Я і раней ведала, што нашае грамадзтва жыве не зусім у ХХІ стагодзьдзі, і там гучала, што гэта супраць Бога, што нельга ўмешвацца, лепей узяць дзяцей з прытулку. Чаго вы тут выпендрываецеся, хочаце сваіх дзетак невядома з чаго.

У мяне было расчараваньне, бо да гэтага мне ў галасу не прыходзіла, што гэтага можна саромецца. Калі ўсім пра гэта адкрыта распавядала, бачыла зьдзіўленьне на тварах людзей, што я гэта не хаваю. Самае непрыемнае было, што ўвесь час цягам цяжарнасьці знаходзіліся дарадцы, якіх не запытвалася, але якія мяне ўвесь час супакойвалі — ня бойся, будуць амаль нармальныя дзеткі. Я нават ня ведала, што адказваць. Гэта былі беларусы. У Чэхіі з гэтым праблем не было, там усе разумеюць, што гэты мэтад — тое самае, што лячыць нагу, галаву ці сэрца. Мне было балюча і непрыемна, што праз рэлігію і іншыя забабоны, навука гэтым не займалася некалькі стагодзьдзяў.

«ЭКА дало мне сямʼю, пра якую я марыла ўсё сваё жыцьцё»

Натальля Арцёменка
Натальля Арцёменка

Hатальля Арцёменка: Пра адмоўнае стаўленьне да ЭКА ў Польшчы нават няма чаго казаць. Прадстаўнікі кіроўнай партыі кажуць пра тое, што гэтыя дзеці — ня такія як іншыя. Знаёмыя раяць не распавядаць пра гэта, каб не было стыгматызацыі дзяцей у школе, бо пра ЭКА-дзяцей кажуць, што ў іх ніжэйшы ўзровень інтэлекту, кепскія паводзіны і ўсё што заўгодна. Мы — людзі не рэлігійныя, нам гэта было ўсё роўна.

Давялося плаціць, таму што ў Польшчы няма дзяржаўных праграмаў фінансаваньня ЭКА. Было некалькі праграмаў самакіраваньня, але тады мы не маглі ў іх удзельнічаць. ЭКА дало мне сямʼю, пра якую я марыла ўсё сваё жыцьцё. У мяне зараз ёсьць дзеці, тры чвэрці якіх — праз ЭКА. Слухала дзяўчат са сьлязьмі на вачах. Я мела падобныя перажываньні. Нават сваім блізкім сябрам я сказала пра гэта толькі на пятым месцы.

У мяне цяжка ўсё было зь першым ЭКА. Вялізарная праблема беларускага і польскага грамадзтва — няўменьне прымаць свае і чужыя няўдачы і праблемы як частку шляху. Калі ў цябе штосьці не атрымліваецца, то гэтым нібыта можна заразіцца, як людзі часта думаюць. Таму распавядаюць пра ЭКА толькі пасьля таго, як усё атрымалася. Мы адразу ведалі, што распавядаць будзем. Шанцы мець дзяцей нават з ЭКА, у нас былі вельмі невялікія. Мы вырашылі распавядаць усім знаёмым, пісаць пра гэта, каб людзі, якія хочуць паспрабаваць, ведалі пра тое, што такая магчымасьць ёсьць, і гэта нармальна. Пасьля блізкія знаёмыя прыяжджалі з Гомеля да нашага польскага прафэсара. У іх зараз трое дзяцей праз ЭКА.

«У пытаньні ЭКА юдаізм цалкам на баку жанчыны»

— У Беларусі часта хаваюць сам факт цяжарнасьці, каб ня сурочыць, ня кажучы ўжо пра ЭКА. Якія б парады вы далі семʼям, партнэрам, жанчынам, якія вырашылі зацяжарыць праз ЭКА?

Дар'я Альперн-Каткоўская зь сям'ёй
Дар'я Альперн-Каткоўская зь сям'ёй

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Ізраіль — рэлігійная краіна. Шмат што маёй сьвецкай асобе можа там не падабацца ці супярэчыць маім каштоўнасьцям, але ў пытаньні ЭКА юдаізм цалкам на баку жанчыны. Лічыцца што галоўны запавет, які даў Бог, гэта пладзіцца і памнажацца. І няважна, як ты зробіш, але мусіш выканаць гэты Божы запавет — нарадзіць дзяцей. Першая доктарка, зь якой мы рабілі ЭКА, была рэлігійнай жанчынай. Яна пісала мне імэйлы, што кожны дзень моліцца, каб у мяне атрымалася. У Ізраілі ЭКА бясплатнае, колькі хочаш спробаў. Праз год пасьля таго, як у цябе не атрымалася зацяжарыць, можна зьвярнуцца і атрымаць працэдуру.

Кажуць, што больш за 1 адсотак усіх дзяцей у Ізраілі нараджаецца праз ЭКА. У ізраільскім грамадзтве абсалютна нармальна казаць пра гэта. Прынята казаць пра праблемы тады, калі яны ёсьць. Я маю права маральнае права сказаць, што мне дрэнна, што я праходжу пэўную працэдуру, лячуся.

Гэта культурная фішка. Тут цябе прыходзяць падтрымаць і абсалютна незнаёмыя людзі. Калі даведваюцца, што ў цябе няма сваякоў і ніхто не прыедзе, могуць прыйсьці і падтрымаць на шабат. У ізраільскім грамадзтве я сутыкаюся з калясальнай падтрымкай. А ў Беларусі нават мае далёкія сваякі зь неразуменьнем да гэтага ставіцца. Без асуджэньня, праўда. Я ўвогуле мала атрымліваю асуджэньня наконт гэтага. Хутчэй непаразуменьня, кшталту маглі б усынавіць. Я лічу сваёй мэтай расказваць пра тое, што мы зрабілі і робім зараз.

У Беларусі вельмі шмат жанчын і дзяўчат з праблемамі дзетанараджэньня. Прыкладна раз на месяц мне піша нехта, што зьбіраецца пачынаць гэты пратакол, — з пытаньнямі ці проста па падтрымку. Мне вельмі хочацца, каб гэта было нармальна — казаць праўду. Прынята гаварыць, толькі калі здарылася нешта добрае альбо нічога. І ўвесь складаны шлях ты праходзіш у адзіноце ці прынамсі з партнэрам. Мне вельмі пашанцавала з партнэрам. Вялікі складнік ЭКА — партнэр. Падчас цяжкасьцяў нашыя стасункі з мужам сталі значна лепшымі.

Гэта гаворыць і пра ролю мужчыны ў грамадзтве. Калі быў перанос эмбрыёну, першае, пра што мяне запытаў доктар: «Дзе твой муж? Чаму ён ня тут?» Я кажу, што ён чакае мяне па-за апэрацыйнай разам з малодшым сынам. «Тады добра, — кажа доктар, — пачынаем». У Ізраілі гэта справа сямʼі, усе павінны быць разам. У Беларусі сапраўды бракуе ідэі, што гэта агульная, сямейная, разам з мужам справа.

«У Беларусі галоўная праблема — фінансавая. На дзяржаўную праграму разьлічваць ня варта»

Кацярына Пытлева зь сям'ёй
Кацярына Пытлева зь сям'ёй

Кацярына Пытлева: У Беларусі для тых, хто робіць ЭКА, самая галоўная праблема — фінансавая. У нас ёсьць нямала цудоўных спэцыялістаў. Знайсьці добрага доктара можна, нават калі шанцаў у цябе мала, і ўсё можа атрымацца. Але вельмі цяжка пацягнуць з нашымі беларускімі невялікімі заробкамі не адно ЭКА, а найчасьцей два і тры, бо многім не шанцуе зь першага разу.

Я рабіла ЭКА ў дзяржаўнай установе, вядомым цэнтры «Маці і дзіця», і там ня раз ляжала зь жанчынамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Самая галоўная праблема для іх — грошы, невядомасьць, дзе іх знойдзеш, калі не атрымаецца зь першага разу. Многія прадавалі машыны, адну з кватэраў ці пакояў, ці дачы, каб хапіла грошай хаця б на адну працэдуру. Шукалі таньнейшыя лекі, езьдзілі ў Польшчу ці Расею. Дактары адразу папярэджвалі, каб ня езьдзілі ў Расею па лекі — яны могуць быць таньнейшыя, але некалькі разоў там прадавалі падробкі. На жаль, гэта рэальнасьць, калі небагатыя людзі, якія хочуць зрабіць ЭКА, сутыкаюцца з махлярамі.

Найчасьцей жанчыны, каб зэканоміць, пакупалі лекі ў Польшчы. На шчасьце, нашы беларускія дактары, нават працуючы ў дзяржаўных установах, распавядаюць дзе, у якіх аптэках па нашым рэцэптам можна купіць лекі. На гэтым можа зэканоміць тысячу ці паўтары тысячы даляраў. Гэта амаль траціна кошту ЭКА.

Галоўнае — быць маральна гатовай да таго, што ня ўсё можа атрымацца зь першага разу, і наважыцца працягваць, не апускаць рукі. Многія разглядаюць ЭКА як апошні рубеж. Калі прыйшоў да свайго апошняга шанцу і нешта ідзе ня так, цуд не адбываецца адразу, патрэбна настроіць сябе на другую і трэцюю спробу. І падумаць, як знайсьці фінансавы і маральны рэсурс. Вельмі шмат залежыць ад рашучасьці жанчыны і падтрымкі сямʼі.

Мне пашанцавала, разам з бацькамі мужа вырашалі, дзе знайсьці грошы. Яны мяне вельмі падтрымлівалі пасьля кожнай няўдачы. Трэба загадзя прадумваць, дзе і як можна знайсьці сродкі. На дзяржаўную праграму разьлічваць ня варта. Гэта могуць быць для жыхароў рэгіёнаў не падʼёмныя сумы. Я спрабавала на трэцяе ЭКА ўзяць крэдыт, бо прэзыдэнт абяцаў ільготны крэдыт на ЭКА. Мне не ўдалося гэта зрабіць. Наўпрост сказалі, што гэта пакрые 10-ю частку ЭКА. У выніку я брала звычайны крэдыт і змагла расплаціцца, калі дзецям было два гады. Гэта выпрабаваньне і для сямʼі, але калі ўсё атрымаецца, гэта добрая праверка на трываласьць адносінаў на будучыню.

«У Менску ўсё было праблемай — ліфт, крама, трамвай»

Натальля Кузьняцова зь сям'ёй
Натальля Кузьняцова зь сям'ёй

Натальля Кузьняцова: У Чэхіі з інфраструктурай больш-менш нармальна. Усе хочуць дапамагчы, стандартная шырыня вазку для двайнят такая самая, як у звычайных дзьвярэй. Бабуля ўвесь час мяне пыталася праз скайп, як я там з гэтым вазком, мне ж патрэбная дапамога. А ў тыя часы муж вельмі часта зьяжджаў. Я не магла зразумець, што яна мае на ўвазе, а потым, калі прыехала ў Менск, зразумела. У Менску ўсё было праблемай — ліфт, крама, трамвай. У Чэхіі з 2013 году зьмянілася заканадаўства — нельга на замову падсадзіць два ці тры эмбрыёны. Можна толькі тады, калі гэта ня першая спроба і ёсьць вялікія праблемы. Я думаю, што зь цягам часу ня будуць нараджацца двайняты і трайняты праз ЭКА. Адсоткі спробаў, якія даюць вынік, зусім не такія, як гэта было 10 гадоў таму, а цяжарнасьць двайнятамі і трайнятамі — рызыкоўная.

Што тычыцца беларускага грамадзтва, то мы чуем тое самае, што раней казалі пра кантрацэпцыю. Мой аргумэнт цяпер: «Я магу, з чаго вы ўзялі, што я не магу нарадзіць здаровых дзяцей, проста мне трэба трохі дапамагчы». Зь цягам часу будзе прасьцей. Да ЭКА будуць ставіцца як да звычайнай кантрацэпцыі, калі папулісцкая палітычныя сілы не набяруць моц.

«Я б не зацягвала рашэньне пра ЭКА»

Натальля Арцёменка зь сям'ёй і прафэсарам Валчынскім, які рабіў ЭКА
Натальля Арцёменка зь сям'ёй і прафэсарам Валчынскім, які рабіў ЭКА

Натальля Арцёменка: Найперш я б параіла знайсьці доктара, якому давяраеш. Нядаўна мне пісала дзяўчына, якая робіць ЭКА ва Ўкраіне. Распытвала пра рэчы, якія ёй павінен быў доктар сказаць на першай сустрэчы. Патрэбны доктар, якому давяраеце, зь якім можаце нармальна размаўляць.

Я б не зацягвала рашэньне пра ЭКА. Тры гады, якія мы спрабавалі зацяжарыць без ЭКА, былі вельмі цяжкімі, гэта былі тры гады адкладзенага часу. Мы нічым не займаліся акрамя таго, як спрабавалі зацяжарыць. Мой доктар казаў, што калі год не атрымліваецца, і нават калі дасьледаваньні не паказваюць вялікіх праблемаў, усё роўна варта падумаць пра гэтую працэдуру.

Гэта эўрапейскі пратакол — амаль ніколі падсаджваць тры эмбрыёны, толькі два і пры пэўных умовах. Але двайняты і трайняты будуць нараджацца і далей, бо гэта адбываецца ня толькі праз ЭКА, а яшчэ і калі стымулююць рост клетак, і людзі натуральным чынам цяжараць праз стымуляцыю.

Калі мы прыяжджаем дадому да мамы, то ўехаць у ліфт з вазком — вялізарная праблема. Ня думаю, што гэты вырашыцца бліжэйшым часам, бо гэта комплексная праблема. У Беларусі і са звычайным вазком праблема...

Што трэба ведаць пра ЭКА

  • ЭКА ці экстракарпаральнае апладненьне выкарыстоўваюць у сьвеце больш за 40 гадоў. Больш за 8 мільёнаў дзяцей у сьвеце нарадзіліся дзякуючы ЭКА. Гэта насельніцтва Аўстрыі ці Швайцарыі. У Даніі каля 10% дзяцей нараджаюцца праз ЭКА.
  • У 2018 годзе ў Беларусі каля 1000 дзяцей нарадзіліся з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналёгій, у тым ліку ЭКА.
  • Першае дзіця нарадзілася праз ЭКА 43 гады таму ў Вялікабрытаніі. Вынаходнік мэтаду Робэрт Эдвардз атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне ў 2010 годзе.
  • ЭКА дазваляе мець дзяцей у выпадках бясплодзьдзя. Яйкаклетку здабываюць з арганізму жанчыны і апладняюць штучна ва ўмовах «in vitro», атрыманы эмбрыён утрымліваюць ва ўмовах інкубатара, дзе ён разьвіваецца на працягу 2-5 дзён, пасьля чаго перасаджваюць у матку жанчыны для далейшага разьвіцьця.
  • Ва Ўкраіне, Расеі, Чэхіі, ды іншых краінах ЭКА робіцца бясплатна пры пэўных умовах. У Беларусі адна спроба ЭКА каштуе ў сярэднім каля 5 тысяч рублёў, у залежнасьці ад мэдыкамэнтаў, абсталяваньня і мэдычнага цэнтру.
  • Беларускія ўлады зьбіраліся зрабіць бясплатнай першую працэдуру ЭКА. Супраць выступіла каталіцкая царква. У Беларусі каля 14% сем’яў ня могуць зачаць дзяцей самастойна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG