Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму і як стваральніца фб-суполкі «Хватит бояться!» зьехала зь Беларусі


Тацяна Мартынава
Тацяна Мартынава

Былая тэле- і радыёвядучая, блогерка, адміністратарка суполкі ў Фэйсбуку «Хватит бояться» Тацяна Мартынава тлумачыць Свабодзе вымушаны ад’езд зь Беларусі пагрозай арышту. Пасьля параду 9 траўня Тацяна стварыла суполку, у якой цяпер каля 27 тысяч удзельнікаў. Журналістка расказвае, як «партызаняць» былыя калегі зь дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, і адказвае на пытаньне, ці была яна ў рэстарацыі ля Курапатаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Тут фрагмэнты інтэрвію.

Сьцісла

  • Калі я атрымала пацьверджаньне, што мяне 100% затрымаюць, спачатку падумала, што адседжу 15 сутак.
  • Працуючы на Радыё Бі-Эй, я сабе дазваляла неадназначныя жарты на той адрас. Замяталін тэлефанаваў кіраўніцтву і казаў, каб Мартынаву прыбралі з эфіру.
  • За ніводную праграму, за ніводнае ток-шоў, якое я вяла на прапагандысцкім АНТ, мне ня сорамна.
  • Інтэрвію з Іванам Эйсмантам я лічу за прыклад партызанскай вайны, таму што ніколі нармальныя журналісты не дазвалялі выкладваць каравую мову сваіх калегаў.
  • 11 тысяч людзей на парадзе — гэта ягоны адміністрацыйны рэзэрв, плюс сілавікі.
  • Я ніколі не была ў рэстарацыі «Поедем поедим». А людзей, якія раптам туды схадзілі, я да ворагаў не далучала і ня буду гэта рабіць. Гэта іх выбар.

«У турмах Беларусі сядзіць вялікая колькасьць актыўных людзей, якія маглі б штосьці арганізоўваць і рабіць для сваёй краіны»

— Што адбылося апошнімі днямі? Чаму вы зьехалі зь Беларусі?

— Цяпер я ва Ўкраіне. Я буду працягваць рабіць тое, што лічу патрэбным і слушным. Я буду працягваць адміністраваць суполку, я буду працягваць запісваць ролікі для свайго блогу на Youtube. У Беларусі гэта было б для мяне сёньня немагчыма.

У мяне ёсьць бар у Менску. У панядзелак туды прыйшлі людзі зь міліцыі, АБЭЗ і падатковай, якія распачалі вялікую праверку. Склалі пратакол за тое, што кніга праверак і рэвізій у мяне старога ўзору, пратакол за 3 рублі 50 капеек, на якія бармэн не пасьпеў прабіць чэк, а таксама пратакол за тое, што ў бары вісеў надрукаваны аркуш паперы з надпісам «Лукашэнка — ня мой прэзыдэнт. Разам мы сіла. Нас 97%». Як аказалася, гэта супрацьзаконна.

Яны сышлі, але паміж радкоў папярэдзілі, каб я «заткнулася». Я патлумачыла, што я ня буду гэтага рабіць. Мы і так занадта доўга ўсе маўчалі. На наступны дзень праз добрага чалавека (не хачу называць імя, каб не падставіць) я даведалася, што на наступны дзень, максымум у чацьвер мяне затрымаюць.

Спачатку сказала сабе, што нікуды не паеду. Потым я ўзважыла ўсе «за» і «супраць» і вырашыла зьехаць. Сёньня ў турмах Беларусі сядзіць вялікая колькасьць актыўных людзей, якія маглі б штосьці арганізоўваць і рабіць для сваёй краіны, як мінімум — тлумачыць, што адбываецца, працаваць з інфармацыяй. Я магла стаць адной зь іх. Мая сяброўка-адвакат сказала: «Усё, што я змагу зрабіць для цябе, гэта проста хадзіць да цябе штодня, каб табе моцна сумна не было, і прыносіць весткі з волі. Больш я не зраблю для цябе нічога, і ты сама нічога ня зможаш зрабіць». Я ўжо адказная за пэўную колькасьць людзей, якія мне вераць, давяраюць, зь якімі я працую інфармацыйна.


— Ці было куды ехаць?

— Ехаць не было куды. Калі я атрымала пацьверджаньне, што мяне 100% затрымаюць, спачатку падумала, што адседжу 15 сутак. Потым высьветлілася, што гэта былі б не 15 сутак, найхутчэй. Бліжэй да вечара аўторка было прынятае рашэньне зьяжджаць. Паўстала пытаньне — куды. Межы закрытыя. Мне прапаноўвалі ехаць у Расею, але я выбрала Ўкраіну, таму што сёньня гэта больш дэмакратычная краіна, у якой я буду адчуваць сябе ў большай бясьпецы, чым у Расеі. Украіна зрабіла падарунак у мой дзень нараджэньня 12 чэрвеня — беларусам дазволілі туды ехаць. Цяпер я на самаізаляцыі, у жорсткім карантыне буду 2 тыдні.

«Я галасавала за Шушкевіча, усе мае сябры тады галасавалі за Шушкевіча»

— Вы працавалі на, умоўна кажучы, апалітычным Радыё Бі-Эй, вялі грамадзка-палітычныя праграмы на тэлеканале АНТ. Праз гады цяпер адмініструеце суполку, у якой даволі рэзка крытыкуюць уладу. Як адбывалася ваша трансфармацыя, пераасэнсаваньне?

Тацяна Мартынава
Тацяна Мартынава

— Ніякай трансфармацыі не было. Я пачала працаваць у 1993 годзе на ўльтракароткіх хвалях на «Аўтарадыё». Падчас выбараў 1994 году мы бясконца жартавалі ў эфіры, дазвалялі сабе такое «бязьмежжа». Ніхто нас не чапаў, не саджаў. Я галасавала за Шушкевіча, усе мае сябры тады галасавалі за Шушкевіча. Потым была «Газэта Андрэя Клімава», БДГ, зь якіх выйшлі многія журналісты. Нават працуючы потым на Радыё Бі-Эй, я сабе дазваляла неадназначныя жарты на той адрас. Замяталін тэлефанаваў кіраўніцтву і казаў, каб Мартынаву прыбралі з эфіру...

Бізнэсам я пачала займацца яшчэ да таго, як мяне запрасілі на АНТ. Калі я там працавала, у мяне ўжо быў свой бар. На АНТ я адпрацавала сэзон. Мяне запрасіў асабіста дырэктар навінавага вяшчаньня Андрэй Бас. Мой дастаткова рэзкі характар усе там ведалі, таму нічога, акрамя сацыяльных тэмаў, не давяралі. Палітыку ў нас вёў Гігін, вядомая асоба. Гэта быў сэзон 2013–2014 году. За ніводную праграму, за ніводнае ток-шоў, якое я вяла на прапагандысцкім АНТ, мне ня сорамна.

«Многія цяпер партызаняць»

— Цяпер гучаць галасы журналістаў, вядучых, якія працуюць ці працавалі на дзяржаўным тэлебачаньні і якія выказваюць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне. З вашага досьведу працы на тэлебачаньні, наколькі крытычна ацэньваюць сытуацыю ў краіне людзі, якія там працуюць? Ці шмат людзей здольныя зрабіць як той жа Сяргей Дарафееў — задаць нязручныя пытаньні Лідзіі Ярмошынай у жывым эфіры і сысьці?

— Там вельмі шмат нармальных людзей. Давайце прааналізуем тое, што ёсьць у адкрытым доступе. Я ніколі не працавала на БТ і мала каго там ведаю. За БТ не адказваю. Адкажу за тых, каго ведаю, з кім працавала на АНТ. Я проста назіраю, як 500 вагонаў лайна на БТ выліваецца на нармальных людзей, і далей уся гэтая фэерыя адзінага і незаменнага. І што робяць АНТ-шнікі. Так, яны ня могуць рабіць па-іншаму. Пра іх ніхто не паклапоціцца. У іх сем’і, дзеці, яны ня могуць цяпер наўпрост сысьці з працы. Пачуцьцё калектыўнай бясьпекі ўзьнікае, калі робяць многія і адразу. А калі ў адзіночку нехта нешта сказаў, то адстрэльваць і саджаць па адным будуць. Гэта прасьцей.

Таму многія цяпер партызаняць. За ўсіх не скажу. Інтэрвію з Іванам Эйсмантам, напрыклад, я лічу за прыклад партызанскай вайны, таму што ніколі нармальныя журналісты не дазвалялі выкладваць каравую мову сваіх калегаў. Інтэрвію з Ванем Эйсмантам было выкладзена слова ў слова, каб максымальна паказаць ягоную чалавечую тупасьць. Я апладзірую такім журналістам сёньня, таму што яны ў рамках сваіх кампэтэнцый робяць тое, што могуць. Яны намякаюць, яны дапамагаюць тымі сродкамі, якія ў іх ёсьць. Часам я чую, што трэба ўсіх потым люстраваць і выгнаць на вуліцу. Ня трэба. Калі не застанецца прафэсіяналаў, у вас не застанецца тэлебачаньня. Так, ёсьць тыя, каго сапраўды трэба выкінуць на вуліцу з СМІ, таму што тое, што яны робяць, гэта шкодна нават для нармальнай чалавечай псыхікі. Настрой ва ўсіх аднолькавы.

«У суполцы „Хватит бояться!“ ёсьць пачуцьцё калектыўнай бясьпекі»

— Ці ёсьць вашыя былыя калегі ў суполцы «Хватит бояться!»?

— Каля 25 чалавек калег-журналістаў. У групе ёсьць усе сацыяльныя праслойкі. Яна вельмі яркая і паказальная. Я разумею, што для людзей самае галоўнае... На што гатовыя пайсьці людзі, чаго яны насамрэч хочуць, што сёньня на першым пляне, якія інфармацыйныя плыні трэба спэцыяльна раскручваць, каб яны даходзілі да максымальнай колькасьці людзей, і што ім зразумела.

Мы можам падрыхтаваць доўгі эканамічны тэкст на 20–30 тысяч знакаў і паспрабаваць патлумачыць, што адбылося за 26 гадоў у эканоміцы і чаму трэба ўсё мяняць і гэта апошні шанец. Толькі ніхто ня будзе чытаць 20 тысяч знакаў, і зьвяраць лічбы таксама ня будзе. З рознымі людзьмі трэба размаўляць на рознай мове, і гэтая мова павінна быць зразумелая, простая і чалавечая. У суполцы «Хватит бояться!», напэўна, сёньня ёсьць пачуцьцё калектыўнай бясьпекі. Яно расьце праз тое, што людзі не хаваюць свае твары за аватаркай коціка. Там рэальныя імёны і прозьвішчы.

«Улада ўвесь час на крок наперадзе»

— Давайце з самага пачатку. Як утварылася гэтая суполка?

— Мяне «дабіў» парад перамогі. Людзі плакалі і казалі, што я не магу не пайсьці, але баюся памерці. Гэта цынізм, якім зламалі магчымасьць супраціўляцца. 11 тысяч людзей на парадзе — гэта, па сутнасьці ягоны адміністрацыйны рэзэрв, плюс сілавікі. Калі парадная вакханалія прайшла, я паглядзела камэнтары і вырашыла сабраць усіх, хто сьцьвярджае, што можна па-іншаму, і не баіцца пра гэта хаця б гаварыць.

Я вырашыла іх сабраць у адным месцы і абʼяднаць. Так больш працягвацца ня можа. Я думала, што большасьць спалохаецца, не чакала, што за такі невялікі час у суполку прыйдзе 27 тысяч чалавек. У мяне ёсьць плян Б, магчыма, па ім будзем рухацца далей. Цяпер немагчыма прадказаць, што будзе праз тыдзень, два ці тры. Улада ўвесь час на крок наперадзе. А мы ўвесь час спазьняемся. Цяпер яны будуць «выразаць» па адным, хапаць па адным. Яны ж пайшлі ў сацсеткі, усе гэтыя недарэкі чыноўнікі і дэпутаты. Яны пайшлі і вырашылі, што яны там зробяць сваё беларускае тэлебачаньне. Натуральна, мы іх там ужо годна сустрэлі з «экскрэмэнтамі». А што рабіць?

«У штабе Бабарыкі свая мова. Я разумею, што яны спрабуюць данесьці, а людзі не разумеюць»

— Якая ваша роля? Хто вы цяпер? Як бы вы самі вызначылі?

— Ленін у Польшчы, як жартуе мая дачка. Тое, што я адміністратар суполкі, нічога ня значыць. Людзі маюць патрэбу, каб ім перакладалі з эльфійскай мовы. Я добры перакладчык з эльфійскай. Гэта мова, на якой з намі размаўляе ўлада, Мінздароўя і ўсе гэтыя людзі. Потым павінен нехта перакладаць з бабарыкаўскай. У штабе Бабарыкі свая мова. Я разумею, што яны спрабуюць данесьці да людзей. Але яны знаходзяцца ўнутры краіны, для іх крок улева, крок управа — спроба ўцёкаў, расстрэл. Я разумею, да чаго яны заклікаюць, а людзі не разумеюць. Ім нехта павінен патлумачыць. Я спрабавала перакладаць і буду гэта рабіць далей. Тут я ўжо ў выразах стрымлівацца ня буду.

«Я ніколі не была ў рэстарацыі „Поедем Поедим“»

— «А што, праўда, што арганізатар групы „Хватит бояться“ нядаўна нахабна засядала ў рэстаране ў Курапатах?» — запыталася ў Фэйсбуку Аляксандра Баярына. І ў камэнтарах зьявіўся фатаздымак з вамі і некалькімі людзьмі, якія хадзілі дэманстрацыйна ў гэтую рэстарацыю. Што б вы адказалі?

— Я бачыла гэты фатаздымак, ён з майго бару. Стэла Чыркова праводзіла сустрэчу са сваімі сябрамі, забраніравала загадзя стол, прэзэнтавала кнігі. Яе муж на гэтым фота ёсьць. Мы якраз сядзелі, зь ім размаўлялі, пакуль Стэла са сваімі паклоньнікамі таленту размаўляла. Мая пазыцыя — я ніколі не дзяліла людзей па рэлігійных перакананьнях, па тым, за каго яны пайшлі галасаваць на выбарах, па прынцыпе, супраць каго сябруем, па пазыцыі ў тых жа Курапатах. Я ніколі не выказвалася з гэтай нагоды.

— Дык можа цяпер выкажаце сваё стаўленьне да месца расстрэлаў Курапаты і рэстарацыі каля ўрочышча?

— Гэта вялікая трагедыя, генацыд нашага народу. Ён працягваецца і цяпер. Я ніколі не была ў рэстарацыі «Поедем поедим», ніколі не стаяла побач зь ёю з адной простай прычыны. Хлопцы, дзе вы былі 10 гадоў таму, калі быў дазвол, чаму цяпер?.. А людзей, якія раптам туды схадзілі, я да ворагаў не далучала і ня буду гэтага рабіць. Гэта іх выбар. Я не лічу ворагамі і людзей, якія шчыра вераць у Лукашэнку і ідуць за яго галасаваць. Гэта іх выбар. Яны мне ня ворагі. А ворагі — гэта тыя, хто прымушае маўчаць нас.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG