Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мясіць бэтон на будоўлі стабільнасьці ня будзе каму» — журналіст Сяргей Дарафееў зьвярнуўся да «людзей зь беларускага тэлевізара»


Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў

Вядомы журналіст і тэлевядучы Сяргей Дарафееў эмацыйна зьвярнуўся да «людзей з тэлевізара» і чыноўнікаў у Беларусі з нагоды пандэміі каранавірусу. Паводле журналіста, «красавіцкае маўчаньне 1986-га пра сытуацыю ў Беларусі не павінна паўтарыцца ў сакавіку 2020-га».

«Калі чытаеш італьянскія, францускія, гішпанскія навіны, прарывае плаціну перажываньняў за тое, што адбываецца (ці не адбываецца) у Беларусі. Я нарадзіўся ў Менску, там жывуць мае родныя, блізкія і сябры. У Беларусі прайшлі 30 гадоў майго жыцьця», піша Сяргей Дарафееў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Вядомы тэлевядучы, які да сьнежня 2010 году працаваў на тэлеканале АНТ, зьвяртаецца да сваіх былых калегаў і іх начальнікаў:

«Людзі з беларускага тэлевізара — калегі-журналісты, тэлевізійныя начальнікі і дзяржаўныя чыны! Некаторых з вас я ведаю асабіста. Зьвяртаюся да ўсіх вас па праву наяўнасьці ў мяне сіняга беларускага пашпарту. Проста як адзін з 10 000 000. Так склалася, што сытуацыю з пандэміяй я бачу знутры. І, паверце, ня менш вашага не хачу панікі ў Беларусі. Але паніка ўзьнікае як раз празь недахоп дзеяньняў, — лічыць журналіст. — Красавіцкае маўчаньне 1986-га пра сытуацыю ў Беларусі не павінна паўтарыцца ў сакавіку 2020-га. Гэта маё асабістае прадчуваньне. Спадзяюся, памылковае».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сяргей Дарафееў піша пра неабходнасьць увядзеньня карантыну на сваёй радзіме:

«Хтосьці яшчэ ня верыць у тое, што Эўропа сапраўды задыхаецца? А карантын у Беларусі ня ўводзіцца, бо эканоміка краіны важнейшая? Але эканоміку робяць людзі! Можа адбыцца так, што мясіць бэтон на будоўлі стабільнасьці ня будзе проста каму. Або больш ніхто не захоча. Паглядзіце відэа з Бэргама... або любое іншае з Італіі (іх цяпер шмат) і ўсяго на імгненьне ўявіце сябе на месцы родных тых, каго вязуць па пустых вуліцах у ваенных грузавіках», — піша журналіст.

«Нікога ні ў чым не абвінавачваю, але людзі з тэлевізара, калі ласка, дайце мне (нам, гледачам / чытачам, хто згодны са мной) больш падстаў давяраць вам! Цяпер зручны момант навесьці масты. Скажу шчыра, калі б у мяне былі дзеці, я б не пусьціў іх у дзіцячы садок / школу / унівэрсытэт. І хай афіцыйна ў Беларусі няма карантыну, мне ўсё адно... Чаму? Я прывык турбавацца пра сябе сам. Нават ня так — мяне прывучылі думаць пра сябе самому і нікому не давяраць. А хацелася б верыць і давяраць!» — тлумачыць Дарафееў.

Журналіст заклікае «людзей з тэлевізара» не зьмяншаць небясьпеку, сьмела выносіць навіны пра COVID-19 на першыя палосы, зь іх пачынаць выпускі навінаў:

«І хай там будзе толькі праўда, таму што і ў вас ёсьць дзеці, жонкі, мужы, састарэлыя бацькі. Паважаныя чыны ўсіх рангаў, ідзіце на эфір, распавядайце, будзьце з намі І гэта супакоіць. Маю зносіны са знаёмымі беларускімі лекарамі. Дзякуй вам за вернасьць прафэсіі! Вы на перадавой і ўпэўненыя ў сваіх сілах, нават калі часам застаяцеся зь вірусам адзін на адзін. Нам бы эўрапейскую салідарнасьць, беларусы б таксама апладзіравалі вам па вечарах.

  • Вядучы ток-шоў тэлеканалу АНТ «Выбар» Сяргей Дарафееў быў звольнены пасьля 19 сьнежня 2010 года, калі ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў задаў у наўпроставым эфіры Лідзіі Ярмошынай некалькі непрыемных пытаньняў, пасьля чаго тая пакінула студыю. Пасьля Сяргей Дарафееў зьехаў ва Ўкраіну, дзе працаваў на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр», на 5-м украінскім тэлеканале. У 2012 годзе атрымаў тэлевізійную прэмію Ўкраіны «Тэлетрыюмф-2012». Пазьней Сяргей Дарафееў быў тры з паловай гады вядучым тэлепраграмы «Настоящее время», сумеснага праекта Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі.

У інтэрвію Свабодзе ў перадачы «Бяз гальштукаў» Дарафееў расказваў, якія меў праблемы зь кіраўніцтвам пасьля ягонай перадачы пра эпідэмію сьвінога грыпу ў Беларусі, якая замоўчвалася ўладамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG