Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне здаў аднавясковец». Хлопец, які выбачаўся за ўлёткі «3%», расказаў пра пагрозы і падман з боку міліцыянтаў


Ягор Кедзіч
Ягор Кедзіч

«Пагражалі крымінальнай справай аб зьнявазе прэзыдэнта і абяцалі не зьмяшчаць мае выбачэньні ў інтэрнэт, але падманулі».

18-гадовы Ягор Кедзіч, які жыве і працуе ў Менску, а сам з Чэрвеньскага раёну, — той самы хлопец, які два тыдні таму выбачаўся на відэа за тое, што 1 ліпеня раскідаў у вёсцы ўлёткі «3%» і напісаў на прыпынку словы «Стоп таракан». Ягора і ягонага бацьку пакаралі штрафамі агулам на 2295 рублёў, але такіх грошай у сям’і няма, а бяз сплаты штрафаў, як сказалі міліцыянты, тэлефон ды іншую тэхніку яму не аддадуць.

Без тэлефона ж, кажа Ягор, яму ня ўдасца падзарабіць на сплату штрафу — асноўны заробак у яго невялікі. Частку сродкаў яму дапамаглі сабраць на #BY_Help. «Палова ўжо ёсьць», — сказаў Ягор.

«Казалі, што падключыцца КДБ»

Ягор патлумачыў, як атрымалася, што ён пагадзіўся запісаць свае выбачэньні на відэа, і як да ягонага ўчынку паставіліся сваякі, сябры і калегі на працы.

«Мяне абурае палітыка ўладаў, я за перамены, таму і вырашыў пратэставаць», — кажа Ягор.

Напярэдадні затрыманьня ён прыехаў на выходныя да бацькоў у родную вёску Ляды, што ў Чэрвеньскім раёне. Зь Менску прывёз балёнчык з чырвонай фарбай, а на прынтэры раздрукаваў улёткі пра 3%.

Улёткі Ягор падкідваў праз плот аднавяскоўцам, а фарбай расьпісаў прыпынак надпісамі «Стоп таракан» і «Саша 3%». На дарожным знаку абмежаваньня хуткасьці ў 30 кілямэтраў ён замест 0 намаляваў%.

«Знак потым прыбралі, а цяпер паставілі новы, але ўжо 40. На ўсякі выпадак, каб больш не падмалявалі», — сьмяецца Ягор.

Назаўтра раніцай яго з бацькам забрала міліцыя.

«Бацьку таму, што разам хадзілі па вёсцы», — кажа Ягор. Дадае, што ў міліцыю пра іх паведаміў аднавясковец.

«У нас зрабілі ператрус, забралі мой ноўтбук, прынтэр і мабільнік. Усё шукалі балёнчык, але не знайшлі. Завезьлі ў Чэрвеньскі райаддзел міліцыі, трымалі там да вечара. Складалі пратаколы, мяне апрацоўвалі, палохалі, што КДБ падключыцца. Вось тады я і саступіў — пагадзіўся на гэтае выбачэньне. Але цяпер бы быў разумнейшы, не паддаўся б», — кажа Ягор.

Паводле хлопца, зь ім размаўляў высокапастаўлены афіцэр міліцыі — прозьвішча і званьня ён не запомніў. Гэты міліцыянт, як сьцьвярджае Ягор, увесь час зь некім перапісваўся праз тэлефон.

Паводле Ягора, міліцыянт пагражаў, што завядзе крымінальныя справы за абразу прэзыдэнта і на яго самога, і на бацьку.

«А каб гэтага не было, прапанаваў запісаць на відэа выбачэньне. Прычым сказаў, што зьмяшчаць яго ня будуць, але запіс ім патрэбны для падстрахоўкі — каб больш такога не рабіў. Далі прагледзець падобнае відэа хлопца з Маладэчна, сказалі, што дакладна мушу гаварыць, вось я і пагадзіўся. Нават не скажу, што адчуваў. Толькі памятаю, што моцна спужаўся», — згадвае Ягор Кедзіч.

Аштрафавалі на 2295 рублёў пры заробку 500

6 ліпеня Ягору Кедзічу прызначылі пакараньне. Спачатку камісія Чэрвеньскага райвыканкаму аштрафавала яго за надпісы на 675 рублёў, а бацьку — на 540. У той жа дзень суд аштрафаваў яго на 1080 рублёў. На судзе Ягор прызнаў віну, пагадзіўся выплаціць штраф — і думаў, што гісторыя на гэтым скончыцца.

Але на наступны дзень міліцыя абнародавала ягонае відэа з выбачэньнямі.

«Зь сяброў мяне ніхто не асуджаў. Наадварот, усе зразумелі, што яно запісана пад ціскам, і абураліся, што міліцыянты ня выканалі абяцаньня не выстаўляць відэа. У сям’і адбыўся падзел: маці супраць, яна за мяне непакоіцца, а бацька адназначна падтрымлівае. На працы калегі таксама падтрымалі. Там большасьць за Ціханоўскага і ягоную жонку, за перамены. Усім гэты во як надакучыў!» — апавёў Ягор Кедзіч.

Ягор кажа, што таксама расчараваўся ў дзейнай уладзе. Ён прыгадаў, як да ягонага дзеда-інваліда, калі той зламаў нагу, адмовілася ехаць хуткая дапамога з раёну.

«Вясковаму чалавеку жыць вельмі цяжка і крыўдна. На маіх вачах вёскі пусьцеюць, гінуць, а ўлады кажуць, што жыцьцё становіцца лепшым. Вельмі надакучыла гэта чуць», — абураецца Ягор.

Для Ягора Кедзіча выбары 9 жніўня будуць першымі ў жыцьці. За каго зьбіраецца галасаваць?

Малады чалавек прызнаецца, што ўжо вызначыўся, хоць давялося пахвалявацца за кандыдата.

«Чаму жанчына ня можа быць прэзыдэнтам? Можа быць, і ня горшым за некаторых».

Адказны супрацоўнік Чэрвеньскага райаддзелу міліцыі ў размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што гэта была ня іх ініцыятыва разьмясьціць відэа з выбачэньнямі, і пацьвердзіў гісторыю з затрыманьнем і выбачэньнямі Ягора Кедзіча ў інтэрнэце.

«Рашэньне прымалася ня ў нас», — сказаў міліцыянт.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG