Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці былі ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары без палітвязьняў? Інфаграфіка


Ілюстрацыйнае фота

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі цяпер 25 палітвязьняў. Зьняволеньне большасьці зь іх зьвязанае з удзелам у выбарчай кампаніі: гэта прэтэндэнты ў кандыдаты, кіраўнікі і сябры ініцыятыўных групаў, блогеры. Беларускія ўлады дэманструюць «беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў сёлетняга выбарчага працэсу», заявілі аўтары кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Гэта шостыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Ці былі палітвязьні падчас ранейшых прэзыдэнцкіх выбарчых кампаній у Беларусі?


Прэзыдэнцкія выбары 1994 году

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу.1994 год.
Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу.1994 год.

Палітычных зьняволеных у Беларусі не было. Аляксандар Лукашэнка перамог у другім туры. Выбары былі прызнаныя справядлівымі.

Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011 (PDF)

Прэзыдэнцкія выбары 2001 году

Перадвыбарчая праграма Лукашэнкі. 2001 год. Ілюстрацыйнае фота
Перадвыбарчая праграма Лукашэнкі. 2001 год. Ілюстрацыйнае фота

Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 75,65% галасоў. АБСЭ заявіла, што працэс «не адпавядаў міжнародным стандартам». На момант прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было тры прызнаныя міжнароднай супольнасьцю палітвязьні.

  • Андрэй Клімаў, прадпрымальнік, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (11.02.1998 — 25.03.2002). Абвінавачаны ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах, асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Валеры Шчукін, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (12.06.2001 — 12.09.2001). Пасьля спробы трапіць на прэсавую канфэрэнцыю тагачаснага кіраўніка МУС Навумава адседзеў тры месяцы за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку МУС.
  • Юры Бандажэўскі, стваральнік і першы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту (13.07.1999 — 8.08.2005). Вывучаў узьдзеяньне на здароўе малых дозаў радыяцыі. Арыштаваны паводле падазрэньня ў хабарніцтве, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Прэзыдэнцкія выбары 2006 году

Намёты лягер на Кастрычніцкай плошчы. 2006 год.
Намёты лягер на Кастрычніцкай плошчы. 2006 год.

Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83% галасоў. Міжнародная супольнасьць не прызнала выбары свабоднымі і справядлівымі. На дзень правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было 12 прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітвязьняў. Па выніках пратэстаў пасьля выбараў іх стала 13 — дадаўся Аляксандар Казулін.

  • Мікола Астрэйка, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 17.11.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на два гады пазбаўленьня волі.
  • Эніра Браніцкая, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 21.08.2006). Абвінавачаная ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаная на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
  • Цімафей Дранчук, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 26.12.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на год пазбаўленьня волі.
  • Аляксандар Шалайка, аб’яднаньне «Партнэрства» для назіраньня за выбарамі (21.02.2006 — 21.08.2006). Абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
  • Міхаіл Марыніч, дэпутат, міністар, амбасадар (26.04.2004 — 14.04.2006). Асуджаны на пяць гадоў турмы за завалоданьне аргтэхнікай, бязвыплатна перададзенай амбасадай ЗША арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва».
  • Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прадпрымальнік (15.05.2005 — 15.11.2006). Зьвінавачаны ў выманьваньні крэдыту, асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі.
  • Андрэй Клімаў, прадпрымальнік, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня (22.09.2005 — 22.12.2006). Асуджаны на год і шэсьць месяцаў за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.
  • Валеры Леванеўскі, кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў (1.05.2004 — 15.05.2006). Арыштаваны на мітынгу ў Горадні, удзельнікі якога патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Асуджаны на два гады зьняволеньня.
  • Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік (15.10.2005 — 18.01.2008). Зьняволены за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі на тры з паловай гады зьняволеньня.
  • Павал Севярынец, палітык (15.08.2005 — 22.05.2007). За арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў 2004 году асуджаны на тры гады абмежаваньня волі.
  • Мікола Статкевіч, палітык (29.07.2005 — 22.05.2007). За арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў 2004 году асуджаны на тры гады абмежаваньня волі.
  • Артур Фінькевіч, палітык (8.12.2005 — 5.02.2008). Асуджаны на два гады зьняволеньня за графіці палітычнага зьместу.
  • Пасьля выбараў у часе пратэстаў быў арыштаваны кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін (25.03.2006 — 16.08.2008). Асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў.

Адзін дзень палітвязьня. — 2009. (PDF)

Прэзыдэнцкія выбары 2010 году

Плошча-2010.
Плошча-2010.

Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83% галасоў. ЗША і ЭЗ не прызналі вынікаў выбараў. Пасьля галасаваньня акцыя пратэсту ў Менску была жорстка разагнаная міліцыяй і ўнутранымі войскамі. Сотні людзей былі арыштаваныя, у тым ліку кандыдаты на прэзыдэнта. Палітвязьнямі ў выніку гэтых прэзыдэнцкіх выбараў былі прызнаныя 42 чалавекі.

  • Аляксандар Атрошчанкаў (20.12.2010 — 14.09.2011)
  • Зьміцер Бандарэнка (20.12.2010 — 15.04.2012)
  • Зьміцер Буланаў (19.12.2010 — 14.09.2011)
  • Сяргей Вазьняк (20.12.2010 — 29.01.2011)
  • Ільля Васілевіч (19.12.2020 — 13.08.2011)
  • Павал Вінаградаў (5.01.2011 — 14.09.2011)
  • Дзьмітрый Вус (26.05.2011 — 1.10.2011)
  • Алег Гнедчык (6.01.2011 — 1.09.2011)
  • Арцём Грыбкоў (19.12.2010 — 13.08.2011)
  • Дзьмітры Даронін (19.12.2010 — 1.09.2011)
  • Зьміцер Дашкевіч (18.12.2010 — 28.08.2013)
  • Андрэй Дзьмітрыеў (19.12.2010 — 3.01.2011)
  • Зьміцер Дрозд (19.12.2010 — 13.08.2011)
  • Сяргей Казакоў (27.01.2011 — 13.08.2011)
  • Аляксандар Квяткевіч (19.12.2010 — 13.08.2011)
  • Алесь Кіркевіч (28.01.2011 — 1.09.2011)
  • Аляксандар Класкоўскі (21.12.2010 — 14.09.2011)
  • Мікіта Ліхавід (19.12.2010 — 14.09.2011)
  • Уладзімер Лобан (19.12.2010 — 14.09.2011)
  • Эдуард Лобаў (18.12.2010 — 18.12.2014)
  • Анатоль Лябедзька (20.12.2010 — 6.04.2011)
  • Аляксандар Малчанаў (6.01.2011 — 14.09.2011)
  • Сяргей Марцалеў (23.12.2010 — 16.05.2011)
  • Віталь Мацукевіч (21.03.2011 — 13.08.2011)
  • Фёдар Мірзаянаў 19.12.2010 — 14.09.2011)
  • Алесь Міхалевіч (20.12.2010 — 19.02.2011)
  • Зьміцер Новік (23.12.2010 — 14.09.2011)
  • Уладзімер Някляеў (19.12.2010 — 20.05.2011)
  • Андрэй Пазьняк (19.12.2010 — 26.05.2011)
  • Наста Палажанка (20.12.2010 — 17.02.2011)
  • Васіль Парфянкоў (4.01.2010 — 13.08.2011)
  • Андрэй Пратасеня (9.02.2011 — 1.09.2011)
  • Натальля Радзіна (20.12.2010 — 28.01.2011)
  • Віталь Рымашэўскі (19.12.2010 — 1.01.2011)
  • Яўген Сакрэт (19.12.2010 — 13.08.2011)
  • Андрэй Саньнікаў (19.12.2010 — 14.04.2012)
  • Павал Севярынец (20.12.2010 — 19.10.2013)
  • Мікола Статкевіч (19.12.2010 — 22.08.2015)
  • Алег Федаркевіч (19.12.2010 — 14.04.2012)
  • Аляксандар Фядута (20.12.2010 — 8.04.2011)
  • Ірына Халіп (19.12.2010 — 16.05.2011)
  • Уладзімер Яроменак (19.12.2010 — 13.08.2011)

Заставаўся ў зьняволеньні:

  • Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік (8.02.2009 — 8.04.2014). Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавоз пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы.

Прэзыдэнцкія выбары 2015 году

Галасуе кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч. Менск, 11 кастрычніка 2015 году
Галасуе кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч. Менск, 11 кастрычніка 2015 году

Цэнтравыбаркам абвясьціў перамогу Лукашэнкі з вынікам 83,5% галасоў. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікаў выбараў. На дзень правядзеньня выбараў 11 кастрычніка за кратамі знаходзіўся прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязень, праваабаронца Міхаіл Жамчужны. Ён быў увязьнены ў жніўні 2014 году і дагэтуль знаходзіцца ў зьняволеньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG