Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нашай сям’і не прынята ні перад кім апускацца на калені». Піша Антон Трафімовіч


З раніцы пасьля затрыманьня пазваніла мама. Плакала ўсю ноч. Ва ўсёй гэтай сытуацыі яе больш за ўсё абурыла ня тое, што мяне незаконна затрымалі, што зьбілі і што зламалі нос. Нават не кайданкі. Маму да сьлёз абурыла, што ў мікрааўтобусе мяне паставілі на калені.

«У нашай сям’і не прынята ні перад кім апускацца на калені, — кажа мама. — Для кагосьці гэта ня так важна. Але мы маем уласную годнасьць».

Можна прастаяць на каленях 30 хвілін там, дзе тваё жыцьцё ў руках іншых, дзе ты ня маеш выбару. Але нельга апускацца на калені там, дзе ты можаш і мусіш стаяць.

Сваімі словамі мама вельмі дакладна апісала тое, што цяпер адбываецца ў краіне. Людзі пагаджаюцца з тым, што кажуць хлусы, выконваюць загады злодзеяў, праглынаюць абразы з боку недалёкіх, але надзеленых уладай. І ўстаюць на калені перад тымі, хто ня мае права прыніжаць іх годнасьць.

Цяпер, пасьля ўсіх зьдзекаў, міліцыянты хочуць, каб я замаўчаў, каб баяўся, каб нават ня думаў патрабаваць іхнага пакараньня.

«Ваша будучыня залежыць ад таго, што вы цяпер будзеце рабіць», — сказаў адзін зь міліцэйскіх начальнікаў, выводзячы мяне з пастарунку другі раз за тыдзень.

Што гэта, як не застрашваньне? Я, грамадзянін Беларусі, якога ні разу не прыцягвалі да адказнасьці за парушэньне грамадзкага парадку, цяпер мушу думаць, як мой кожны крок і кожнае слова ўспрыме нейкі міліцэйскі начальнік?

Я наперад ведаю, што мяне самога зробяць вінаватым у тым, што паўтузіна бугаёў у цывільным зламалі мне нос, што ў мяне зьявіліся сьляды ўдару на галаве, кровападцёкі ў вачах і задзірыны на руках ад кайданкоў. Па-іншаму ў маёй краіне цяпер не бывае. Але я дайду да канца, каб паглядзець у вочы міліцыянтам і судзьдзям. Зьвяртацца да іх ня мае сэнсу, бо шчырыя і годныя людзі не апынуліся б на іхным месцы. Але я хачу ведаць іхныя імёны, каб зьвярнуцца да дзяцей, бацькоў і суседзяў з пад’езду гэтых пэрсанажаў. Каб спытаць іхных матак, ці ня сорамна ім атрымліваць віншаваньні ад дзяцей-хлусаў на 8 сакавіка. Каб спытаць іхных дзяцей, ці ня сорамна ім віншаваць татаў-садыстаў у «Дзень абаронцы Айчыны». І тады, я спадзяюся, будуць вымушаныя хавацца псэўдаправаахоўнікі, а ня мірныя людзі, якія выходзяць на вуліцу, асьцерагаючыся быць затрыманымі проста за тое, што яны маюць сваю думку.

Пад псэўдаправаахоўнікамі я маю на ўвазе далёка ня ўсіх міліцыянтаў, сьледчых і АМАПаўцаў. Бо сярод іх шмат годных людзей, якія даюць рады шчыра выконваць сваю працу, а не ганебныя і незаконныя загады свайго кіраўніцтва.

За тыдзень я чатыры разы пабываў у міліцэйскіх пастарунках і аддзяленьнях Сьледчага камітэту. І бачыў там шмат шчырых людзей, па чыіх тварах можна напэўна вызначыць, што яны ня зьвяры. Асабліва калі чуеш, што ў кагосьці зь іх на рынгтоне стаіць песьня «Август» гурта Inteligency. Таго самага гурта, чыйго гітарыста месяц таму запхнулі ў аўтазак на плошчы Якуба Коласа, пасьля чаго музыка страціў прытомнасьць. Калі чуеш такі трэк у Заводзкім РУУС, дык яшчэ маеш надзею, што нават у гэтай сыстэме ня ўсе апусьціліся на калені. Хаця б ціха, намёкам, але гэтыя людзі падаюць сыгнал.

P. S. Што адбываецца з маёй справай цяпер. 16 ліпеня я падаў заяву ў Сьледчы камітэт, каб знайсьці асобаў, якія мяне затрымалі і зьбілі, і распачаць супраць іх крымінальную справу за перашкоду дзейнасьці журналіста. Адразу ж Заводзкае РУУС пачало адміністрацыйны працэс супраць мяне — нібыта я адмаўляўся выконваць законныя патрабаваньні міліцыі. Яны склалі пратакол, які я адмовіўся падпісаць, і паслалі яго ў суд. Час і дата суду пакуль невядомыя.

Толькі на пяты дзень пасьля зьбіцьця я змог трапіць у судова-мэдычную экспэртызу, дзе ў мяне знайшлі дадатковыя сьляды пабіцьця: кровападцёкі ў вачах і на плячы. У чацьвер здымуць швы са сьлізістай носу. Пералом загоіцца сам, тут трэба проста чакаць. Таксама я знайшоў сямёх сьведак, якія бачылі, дзе і як мяне затрымлівалі, і цяпер рыхтуюся да суду супраць мяне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG