Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сачылі за журналістамі Свабоды пасьля стрыму ад Цэнтравыбаркаму. Аўдыёзапіс радыёперамоваў


Журналіст Свабоды Антон Трафімовіч перад затрыманьнем 15 ліпеня. Пры затрыманьні яго зьбілі і зламалі нос

У рэдакцыю трапілі запісы радыёперамоваў невядомых асобаў, якія сачылі за здымачнай групай Свабоды.

Што адбывалася 15 ліпеня

15 ліпеня Радыё Свабода вяло відэатрансьляцыю ад Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе ўтварылася чарга ахвотных падаць скаргу на нерэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Трансьляцыя пачалася а 16 гадзіне і скончылася ў 19.30. У ёй удзельнічалі апэратар Андрэй Рабчык, карэспандэнты Алесь Пілецкі, Алег Грузьдзіловіч і Антон Трафімовіч.

Неўзабаве пасьля завяршэньня трансьляцыі Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў раёне Нямігі. У момант затрыманьня ён знаходзіўся далёка ад груп людзей, проста ішоў вуліцаю, вяртаючыся ў рэдакцыю.

«Я ішоў на адлегласьці 25 мэтраў за Антонам Трафімовічам, — расказаў чытач Свабоды Ягор. — Бачыў, як мікрааўтобус марудна каціўся, а пасажыр у балаклаве мэтанакіравана некага выглядваў у вакно сярод людзей, якія ішлі наперадзе. Мяркуючы па тым, што я бачыў, у іх была мэта схапіць менавіта вашага журналіста».

Рэшта нашых журналістаў вярнулася ў рэдакцыю без інцыдэнтаў.

«Карцінкі Радыё Свабода ў эфіры няма». Што кажуць на аўдыёзапісе радыёперамоваў

Пазьней мы атрымалі ад ананімнай крыніцы запісы радыёперамоваў невядомых асобаў, зь якіх можна зразумець, што за апэратарам Андрэем Рабчыкам і журналістам Алесем Пілецкім працягвалі сачыць пасьля завяршэньня трансьляцыі.

Журналістаў нейкі час суправаджалі, «перадаючы» іх невядомым асобам. З запісаў можна зразумець, што сачэньнем кіравала невядомая асоба з пазыўнымі «02 Адамава». У працэсе былі задзейнічаныя таксама пазыўныя «03» і «73».

Агулам запісаў радыёперамоваў шэсьць, іх працягласьць вагаецца ад некалькіх да 26 сэкундаў. Падаём іх цалкам у выглядзе аднаго аўдыёфайла, а таксама асобна тэкставую расшыфроўку кожнага з шасьці.

Наўпроставы лінк


Запіс 1

«Нуль два Адамава, карцінкі Радыё Свабода ў эфіры няма».

Запіс 2

«На сувязі. Ой... 73, 73, набяры нуль трэцяму па правадах».

Запіс 3

«Адамава, кінатэатар „Цэнтральны“ праходзяць. 73, дай прывязку па карэспандэнту»

Запіс 4

«Нуль тры Адамава. Вам далі карэспандэнтаў? Інфармацыю па карэспандэнту далі? На сувязі. Нуль тры Адамава. Карэспандэнты стаяць на скрыжаваньні па Незалежнасьці, будуць пераходзіць на бок МУС. Прыняў».

Запіс 5

«На сувязі. Нуль тры Адамава. Незалежнасьці — Камсамольская. Скрыжаваньне. Рэпартэры Радыё Свабода».

Запіс 6

«На сувязі. Нуль тры Адамава. Нуль тры Адамава. Вы журналіста бачыце? Радыё Свабода? Прынята».

Былы міліцыянт: «99% гэта перамовы міліцыі»

Свабода папрасіла пракамэнтаваць запіс радыёперамоваў падпалкоўніка міліцыі ў запасе, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Цікава, што на гэтым запісе не чуваць адказаў. Але 99% гэта перамовы міліцыі. Я толькі дакладна не магу назваць, каму належаць пазыўныя. „Нуль два“ — гэта, хутчэй за ўсё, Барсукоў (Аляксандар Барсукоў — намесьнік міністра ўнутраных спраў. — РС). „Нуль тры“ — гэта, хутчэй за ўсё, Кубракоў (кіраўнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў. — РС). Таму што пазыўны „Нуль адзін“ належыць міністру ўнутраных спраў, і яго звычайна ніхто на сябе не бярэ. Яго намесьнік ужо можа быць „Нуль два“. Я гавару пра гэта зь вялікай доляй верагоднасьці, амаль 100% гэта іх пазыўныя», — кажа Мікалай Казлоў.

Ён ня здолеў прыгадаць, чый пазыўны «Адамава».

«Магчыма, гэта нейкі аддзел міліцыі грамадзкай бясьпекі. „73“ — гэта ніжэйшыя па ўзроўню пазыўныя. Яны разьмяркоўваюцца па раёнах гораду. „Адамава“ на гэтым запісе — гэта чалавек, які падтрымлівае сувязь. Лексыка, манера гаварыць — гэта ўсё міліцэйскае», — кажа былы міліцыянт.

Кіраўнік БАЖ: «Запіс сьведчыць, што журналістаў затрымліваюць сьвядома»

Запіс радыёперамоваў на просьбу Свабоды таксама пракамэнтаваў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Гэта сьведчаньне таго, што ідзе, як кажуць, „наружка“ за журналістамі, — кажа Андрэй Бастунец. — Мы такую інфармацыю ўжо атрымлівалі. Сёньня мы ўсе мусім разумець, што, нягледзячы на гарантыі прафэсійнай журналісцкай дзейнасьці, мы сутыкаемся зь яе абмежаваньнямі ў выпадку затрыманьняў. А гэты запіс сьведчыць, што гэта мэтанакіраваныя дзеяньні сілавых структураў супраць журналістаў. Журналістаў затрымліваюць сьвядома».

Па словах Андрэя Бастунца, ціскам на журналістаў зьяўляюцца і так званыя затрыманьні «для праверкі дакумэнтаў».

«Гэта незаконна, — мяркуе Андрэй Бастунец. — Вядзецца пра тое, каб ня даць журналістам працаваць зь месца падзей, ня даць „рабіць карцінку“. Калі б трэба было праверыць асобу чалавека, то ў яго ёсьць пашпарт, які гэтую асобу пацьвярджае. А калі пашпарт нават ніхто не правярае, то гэта сьведчыць аб перашкодзе журналісцкай працы. Тэарэтычна такія дзеяньні цалкам падпадаюць пад артыкул 198 Крымінальнага кодэксу — перашкода журналісцкай працы. Іншая справа, што ў Беларусі гэты артыкул у выпадках зь ціскам на журналістаў недзяржаўных СМІ ніводнага разу не прымяняўся».

Што кажуць у міліцыі

Свабода зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай пракамэнтаваць магчымую датычнасьць атрыманых намі запісаў да працы прадстаўнікоў праваахоўных органаў. На момант публікацыі мы не атрымалі адказу.

Хваля затрыманьняў журналістаў Свабоды

Затрыманьне Антона Трафімовіча стала трэцім за апошнія тыдні выпадкам затрыманьня журналістаў Радыё Свабода, якія працавалі падчас жывых трансьляцый на вуліцах Менску. 19 чэрвеня ў жывым эфіры на плошчы Якуба Коласа затрымалі карэспандэнтку Аляксандру Дынько і апэратара Андрэя Рабчыка. Абаіх адвезьлі ў Савецкае РУУС Менску і выпусьцілі празь некалькі гадзін, папярэдзіўшы пра адказнасьць.

14 ліпеня ў раёне плошчы Перамогі, таксама падчас жывой трансьляцыі, затрымалі журналістаў Свабоды Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка. Іх адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, адкуль адпусьцілі празь дзьве гадзіны без складаньня пратаколаў і праверкі дакумэнтаў.

Затрымлівалі журналістаў Свабоды ва ўсіх трох выпадках людзі ў цывільным адзеньні, якія не прадстаўляліся і не тлумачылі прычынаў затрыманьня.

Як затрымлівалі Трафімовіча

Падчас затрыманьня 15 ліпеня Антону Трафімовічу зламалі нос. У РУУС яго везьлі ў кайданках, паставіўшы на калені на падлогу мікрааўтобуса — нягледзячы на тое, што ў яго ішла кроў і ён відавочна меў патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Вызвалілі карэспандэнта Свабоды прыкладна праз гадзіну пасьля затрыманьня.

Антон Трафімовіч пасьля вызваленьня з міліцыі, 15 ліпеня
Антон Трафімовіч пасьля вызваленьня з міліцыі, 15 ліпеня

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч сказала Свабодзе, што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаваньне».

«Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводзкі РУУС гораду Менску. Цялесныя пашкоджаньні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкаваньня. Па факце атрыманьня цялесных пашкоджаньняў матэрыял накіраваны ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзеньня праверкі і дачы прававой ацэнкі», — сказала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму.

Па словах Антона Трафімовіча, ніякага непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі ён не чыніў.

«Ніхто не прадстаўляўся, проста падбеглі людзі ў цывільным, схапілі за рукі, выцялі па галаве, не сказаўшы, за што мяне цягнуць. Я не супраціўляўся. Я нават ня меў магчымасьці супраціўляцца, бо іх было чацьвёра, хто мяне цягнуў. Гэта было праз 10-15 хвілін пасьля стрыму. Тое, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, я даведаўся толькі тады, калі мяне прывезьлі ў РУУС», — сказаў журналіст.

Антон Трафімовіч сьцьвярджае, што ніякага разбору ў Заводзкім РУУС не было: «Нас там ніхто не апытваў, праз гадзіну нас выпусьцілі».

«Учора (15 ліпеня. — РС) я зьвярнуўся ў 4-ы шпіталь Менску па мэдычную дапамогу. На рэнтгене ў мяне выявілі пералом носа. Лор выявіла парваную сьлізістую ў носе, наклала чатыры швы», — кажа Антон Трафімовіч.

Лекарка накіравала зварот журналіста аб зьбіцьці ў міліцыю. 16 ліпеня зь ім зьвязаўся прадстаўнік РУУС Маскоўскага раёну Менску і паведаміў, што перадае справу ў Сьледчы камітэт Маскоўскага раёну. Антон Трафімовіч рыхтуе заяву на завядзеньне крымінальнай справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG