Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 200 беларускіх журналістаў падпісаліся пад лістом да грамадзкасьці, улады і сілавікоў з нагоды гвалту і перашкодаў у працы


Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько, 19 чэрвеня
Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько, 19 чэрвеня

Калектыўны ліст накіравалі міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, міністру інфармацыі Ігару Луцкаму, генэральнаму пракурору Аляксандру Канюку, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай.

«Апошнія месяцы сталі часам надзвычай жорсткіх рэпрэсій у дачыненьні да прадстаўнікоў незалежных СМІ Беларусі. За час прэзыдэнцкай кампаніі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў былі затрыманыя 43 журналісты. У зьвязку з гэтым рэдакцыі незалежных выданьняў Беларусі звяртаюцца да грамадзкасьці, улады, сілавікоў», — гаворыцца ў калектыўным звароце.

Апошняй кропляй стала жорсткае затрыманьне 15 ліпеня журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча ў цэнтры Менску пасьля заканчэньня відэастрыму каля Цэнтаравыбаркаму.

Супрацоўнікі міліцыі зламалі яму нос, але замест пакараньня праваахоўнікаў адміністрацыйны працэс вядзецца ў дачыненьні да самога Трафімовіча — за нібыта непадпарадкаваньне распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы.

Затрыманьні адбываюцца ў самых розных гарадах краіны — ад Менску да Ганцавічаў. Некоторых людзей хапаюць проста ў жывым эфіры, на вачах дзясяткаў тысяч гледачоў.

«Гэтыя дзеяньні парушаюць арт. 198 Крымінальнага кодэксу, які вызначае адказнасьць за „перашкоду прафэсійнай дзейнасьці журналіста“ і маюць адну мэту — паказаць усяму грамадзтву, што законы ня дзейнічаюць, калі ёсьць вышэйшыя палітычныя інтарэсы. Аднак бессаромнасць такіх паводзінаў прыводзіць да адваротнага эфэкту. Цынічнае імкненьне прадэманстраваць грамадзянам, наколькі яны безабаронныя перад уладай, дыскрэдытуе ўладу, як нішто іншае», — адзначаюць падпісанты.

Журналісты патрабуюць ад уладаў спыніць перасьлед журналістаў незалежных выданьняў, а сілавікам нагадваюць: затрымліваючы журналістаў пры выкананні прафэсійных абавязкаў і ўжываючы супраць іх сілу, яны ня толькі парушаюць закон, а і самі робяць злачынства.

  • Артыкул 198 КК. Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Звароты да кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму Івана Кубракова, кіраўніка атраду АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітрыя Балабы, намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова ня мелі плёну.

Больш за месяц таму прэс-служба МУС анансавала сустрэчу прадстаўнікоў ведамства з журналістамі, якія працуюць на масавых мерапрыемствах, аднак дагэтуль нічога не адбылося.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG