Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З ізалятара выйшаў мацнейшым» — актывісту далі 10 сутак за велапрабег


Яўген Міхасюк, архіўнае фота 2016 году

Грамадзкі актывіст, у мінулым адзін з адраджальнікаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Яўген Міхасюк адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у велапрабегу салідарнасьці, які адбыўся ў Менску 7 ліпеня.

Яўген Міхасюк расказаў пра суд, умовы ў ізалятары часовага ўтрыманьня і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна і пра змаганьне за свае правы.

«Пяцёра на аднаго — ці не зашмат?»

Затрымалі Яўгена не адразу пасьля велапрабегу, а ў 15.00 9 ліпеня, калі выходзіў з дому ў краму.

«Раптам у двары да мяне падскочылі двое ў цывільным: „Праедзем з намі ў Цэнтральны РУУС“. Толькі пасьпеў зьняць пасьведчаньне аднаго, як зьявіліся яшчэ два, пяты сядзеў у бусіку. Такім чынам, 5 на аднаго — ці не зашмат сродкаў і сілаў трацяць праваахоўнікі на палітычных актывістаў?» — згадвае момант затрыманьня Яўген Міхасюк.

Суд над актывістам праходзіў праз скайп, Яўген удзельнічаў у ім з ізалятара на Акрэсьціна. Яўген згадвае, што яго судзіў малады судзьдзя, фактычна ягоны аднагодак.

«Прасіў яго не даваць мне сутак, абмежавацца штрафам. У пратаколе было напісана, што я браў удзел у праезьдзе роварнай калёны зь лёзунгамі „Нас 97%“ і „Стоп таракан“ на Кастрычніцкай плошчы. Але ў мяне ніякіх налепак не было. Кажу судзьдзі, што калі абмяжуецца штрафам, дык больш ня буду далучацца да велапрабегаў. Не паслухаў, прысудзіў усё ж 10 сутак. Мяркую, паглядзелі ў базу, што мяне затрымлівалі ў 2017 годзе напярэдадні Дня Волі», — мяркуе Яўген.

Катаваньне холадам, сьвятлом, вадой

Умовы ў карцарах ІЧУ і ЦІП Яўген Міхасюк лічыць формай катаваньня і пералічвае толькі побытавыя асаблівасьці гэтых месцаў: прахалодна нават улетку (бо паветра наганяюць праз вэнтыляцыйную сыстэму), увесь час у малой камэры гарыць яркае сьвятло (гэтак званая «луна», якая нібыта зламалася і не выключаецца), вада адключана (таксама нібыта зламалася), матрацы і бялізну часьцей за ўсё не выдаюць (могуць сказаць, што на дэзынфэкцыі, альбо ўвогуле нічога не тлумачыць).

Плюс да гэтага арыштант доўгі час знаходзіцца ў адзіноце, а заняць сябе няма чым — кніг і газэт не даюць, радыё няма. Арыштантаў пазбаўляюць нармальнага адпачынку ноччу: пэрыядычна бразгаюць акенцамі, гэтак званымі «кармушкамі», на дзьвярах камэры альбо грукаюць па дзьвярах кулакамі, праводзяць раптоўныя і жорсткія начныя праверкі.

Пытаньне часу

«Зразумеў, што ім вельмі важна дэзарыентаваць арыштанта ў часе, таму адразу забіраюць гадзіньнік і ня кажуць, колькі часу, калі спытаеш. А 10-й вечара ў ізалятары павінен быць адбой — тады адкідаюць навясную „шконку“ і выдаюць матрац. Але арыштант часу ня ведае, і ахоўнікі могуць адцягваць адбой, каб максымальна зьменшыць час на адпачынак.

Лічыцца, што зьнясілены чалавек лягчэй зламаецца маральна і пойдзе на тое, што ім патрэбна», — такую выснову, назіраючы за парадкамі на Акрэсьціна, зрабіў Яўген Міхасюк. Але малады чалавек лічыць, што гэтай сыстэме можна супрацьстаяць.

«Як ж казаў, што „мой рэжым хутка рухне“, гэтак і адбылося»

Неяк жанчына, якая разносіць ежу па камэрах, сказала Яўгену, колькі цяпер часу. Ведаючы, што ахоўнікі абыходзяць камэры кожныя 15 хвілін, ён прыкладна разьлічыў, калі павінен быць адбой, і пачаў патрабаваць выкананьня рэжыму.

«На наступны дзень прыходзіць час адбою, а ахоўнік не прыходзіць, шконку не апускае. Я пачынаю грукаць і патрабую адбою. Ахоўнік дзівіцца, адкуль я ведаю, што ўжо павінен быць адбой, але ўрэшце саступае. Для мяне з гэтага пачалося, як у той песьні, што „мой рэжым хутка рухне“», — кажа Яўген.

Актывіст кажа, што ніводнага дня не было, каб ён ня ставіў перад кіраўніцтвам ізалятара пытаньня пра недахопы ва ўмовах утрыманьня арыштантаў.

«Там такі парадак: пасьля пад’ёму выводзяць з камэр на праверку ў калідор, а ў канцы калідора стаіць начальнік, і можна яму паскардзіцца. Дык я не прапускаў ніводнай магчымасьці. Што не даюць асадкі і паперы, што парушаюць маё права на прагулку, што не выдаюць матрац, і гэтак далей. Вядома, нічога ня выправілі, але цяпер я дакладна ведаю, на што можна скардзіцца. У мяне ёсьць прынамсі 8 такіх пунктаў, спадзяюся, што з дапамогай „Вясны“ ўдасца падаць у суд», — сказаў Яўген Міхасюк.

Актывіст згадаў, што адзін раз за час ягонай адседкі ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсьціна была праверка, але адкуль дакладна, ён ня ведае, бо сядзеў тады ў карцэры. Паляпшэньня ва ўмовах утрыманьня пасьля праверкі не адчуў.

Як ставяцца ахоўнікі да арыштантаў?

Міхасюк мяркуе, што ахоўнікі ў абодвух ізалятарах ставяцца да палітычных арыштантаў больш патрабавальна і жорстка, чым да ўсіх іншых — бяздомных, хуліганаў, сямейных дэбашыраў ды моцна пітушчых. Прычыну гэтага падзелу патлумачыў Яўгену адзін з ахоўнікаў, зь якім пасьля канфлікту і замірэньня ўдалося паразмаўляць, як кажа Яўген, «па-простаму, па-чалавечы».

«Ён прызнаўся, што гэта невыпадкова, што ад іх начальства патрабуе якраз такога прэсінгу на палітычных. У тым ліку патрабуюць, каб з камэр, дзе ёсьць палітычныя, звычайных арыштантаў не выводзілі на працы — а гэта ім хоць нейкі здабытак, бо бывае, што нешта грузяць, зьбіраюць, прыбіраюць. А тут нічога, нават няма як зарабіць на цыгарэты. Гэта каб пасварыць астатніх арыштантаў з палітычнымі», — мяркуе Яўген.

Але, паводле ягоных назіраньняў, такіх мэтаў ніводнага разу дасягнуць не ўдавалася. «Сварак з намі ў іншых сукамэрнікаў ніколі не было», — зазначае Яўген.

Як дамагчыся матраца

Дзякуючы сваёй настойлівасьці ўрэшце ён дамогся яшчэ адной істотнай перамогі — у канцы адседкі яму нарэшце выдалі матрац.

«З другога карцара мяне вярнулі праз 4 дні. Лічу, што яшчэ б трымалі, але ўбачылі, што я там прыстасаваўся, не разгубіўся, і вярнулі ў звычайную камэру, але шостым арыштантам, а ложкаў толькі чатыры. То бок мне ложка няма.

Блізіцца адбой, і я пачаў грукаць у дзьверы ды ціснуць чырвоную кнопку „трывога“. І кажу ахоўніку, што буду гэтак ціснуць кнопку і грукаць усю ноч, калі мне не дадуць дзе спаць. А гэта якраз было 15 ліпеня, калі пасьля 14-га да іх больш за 200 чалавек новых завезьлі. Ахоўнік пачаў пагражаць карцарам. На гэта адказваю, што толькі адтуль вярнуўся, ну што ты мне зробіш? Тады ён божыцца, што няма месцаў, але і я не саступаю. У выніку прынёс мне хаця б матрац. Вось тады я і сказаў сукамэрнікам, што атрымалася, як і прадказваў: „Мой рэжым хутка рухне“».

Праўда, калі ўчора Яўгена выпускалі на волю, дык ягоны аптымістычны настрой значна сапсавалі пэрспэктывай замест волі трапіць на «Валадарку».

«На выхадзе паставілі тварам да сьцяны, пачалі зьвяраць дакумэнты. І тут чую, што ходзяць нейкія сьледчыя, кажуць пра крымінальную справу. Калі шчыра, сэрца абарвалася. За мной ніякага крыміналу няма, але ж вядома, у якой краіне жывём, што заўгодна могуць навесіць.

Але пахадзілі-пахадзілі, прагучала нейкае прозьвішча — не маё, відаць, зь некім пераблыталі, — і адпусьцілі. Выходжу, а вакол сябры — мяне чакалі! Усім вялікі дзякуй — гэта так важна, што падтрымліваюць. Дарэчы, мяне і ўзялі за гэта — што ў Тэлеграме заклікаў раварыстаў падтрымаць тых, каго хапаюць на вуліцах. Вось і мяне падтрымалі», — кажа Яўген Міхасюк.

Севярынец сядзіць з арыштантамі ЛПП, Паліенка трымае галадоўку

Паводле Яўгена Міхасюка, у ЦІП на Акрэсьціна ён перасякаўся зь людзьмі, якія сядзелі ў адной камэры з Паўлам Севярынцам і Зьмітром Паліенкам.

«Севярынца на выходныя адпускаюць у звычайную камэру, у якой большасьць пасьля ЛПП — гэта тыя, каму прысудзілі працы. Гэта звычайна бамжы, алькаголікі, людзі, ня схільныя да эмпатыі. Разьлік на тое, што гэтыя людзі потым ня будуць ні на кога выходзіць, каб нешта расказаць пра Паўла. А потым цягам працоўнага тыдня яго зноў кідаюць у карцар. Так казалі сукамэрнікі», — гэтак расказаў Яўген пра палітвязьня Паўла Севярынца. Яўген дадаў, што пра Севярынца на Акрэсьціна ведае вельмі шмат арыштантаў, ён там асоба папулярная.

Таксама Яўгену давялося сядзець зь людзьмі, якія сустракаліся на Акрэсьціна з актывістам Зьмітром Паліенкам. Аднойчы Яўген нават пачуў ягоны голас, які даносіўся праз калідор.

«Цяпер Паліенку трымаюць у адзіночнай камэры. Ён абвясьціў галадоўку, проста ляжыць, а непадалёк стаіць ахоўнік. Нібыта таму, што Зьміцер пагражае сабе нешта пашкодзіць. Чуў, як ахоўнік угаворваў Зьмітра паесьці, а той адмаўляецца.

Арыштанты, якія зь ім раней сядзелі, казалі, што ім прапаноўвалі нейкія паблажкі, кшталту прагулкі, каб угаварылі Паліенку спыніць галадоўку. Але той не саступае. Доктар з ізалятара да яго прыходзіць, але хуткую яму не выклікаюць», — кажа пра Зьмітра Паліенку Яўген Міхасюк. На момант вызваленьня з Акрэсьціна Яўген яшчэ ня ведаў, што Паліенку асудзілі агулам на 45 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Гэта вынік шматгадовай працы палітычных актывістаў»

Яўген Міхасюк паўтарыў, што двойчы пабываў на Акрэсьціна — у сакавіку 2017-га і цяпер, у ліпені 2020, дык мае з чым параўнаць. Актывіст кажа, што цяперашняя адседка для яго асабіста аказалася такім жа цяжкім выпрабаваньнем, але выйшаў зь яго ён мацнейшым. Але самае значнае, як яму падаецца, — ён выйшаў у іншае грамадзтва.

«2017 год — гэта быў год, калі людзі выходзілі з эканамічнымі патрабаваньнямі, памятаеце мітынгі недармаедаў. А цяпер цешыць, што людзі выходзяць і з палітычных прычын, каб змагацца за свае палітычныя правы. Вось толькі суткі, як я на волі, але з кім пасьпеў пагаварыць, то бачу, што вакол яшчэ больш людзей, іх сяброў, сваякоў уцягваюцца ў гэты працэс. Сам я з 2012 году займаюся палітыкай, і мне вельмі падабаецца, што ідзе такі рух. Бо бачна, што шмат гадоў такой працы былі недарэмныя», — мяркуе Яўген Міхасюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG