Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка роварнага «ланцуга салідарнасьці» пакінулі на Акрэсьціна да панядзелку


Яўген Міхасюк, архіўнае фота
Яўген Міхасюк, архіўнае фота

Удзень 10 ліпеня стала вядома пра затрыманьне адраджальніка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і заснавальніка кампаніі «Дзіджытал Нэйціўс» Яўгена Міхасюка, які ўдзельнічаў у роварных заездах. Паводле праваабаронцаў «Вясны», яго да панядзелку пакінулі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску на Акрэсьціна.

У ЦІП пацьвердзілі, што Міхасюк у іх, але зь якой прычыны, не ўдакладнілі. «Вясна» мяркуе, што ў панядзелак яго могуць судзіць за «несанкцыянаваную акцыю».

Апошнімі днямі беларусы сталі праводзіць роварныя флэшмобы, «прабегі салідарнасьці».​

Некаторых удзельнікаў затрымліваюць з розных прычынаў. 10 ліпеня ў Менску АМАП затрымаў каля 15 чалавек. Паводле «Вясны», усіх акрамя Міхасюка вызвалілі, на некаторых склалі пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху, аштрафавалі на 27 рублёў. Затрыманых днём раней удзельнікаў роварных акцыяў Андрэя Бароўскага і Аляксандра Масяйчука асудзілі на 7 дзён арышту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG