Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Зьмітра Паліенку агулам асудзілі на 45 сутак, — сукамэрнік


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенку пакаралі арыштам яшчэ на 15 сутак. Такім чынам, агулам Зьміцер адбудзе у ізалятары на Акрэсьціна 45 сутак і зможа выйсьці на волю толькі 23 жніўня.

Пра новы тэрмін жонка актывіста Наста Паліенка даведалася ад сукамэрніка яе мужа, які выйшаў на волю і патэлефанаваў ёй.

«Сукамэрнік расказаў, што Зьміцер трымаецца і жадае ўсім на волі перамогі над рэжымам», — сказала Наста Паліенка.

У якім судзе і за што трэці раз пакаралі яе мужа, Наста ня ведае.

«На мінулым тыдні былі зьвесткі пра другі прысуд, але ў судах гэта абвяргалі. А цяпер бачу, што хлусілі. Гэта ў іх такі мэтад — схаваць актыўнага чалавека надоўга, каб на выбарах ня выказаўся сам і каб за ім не пайшлі людзі. Гэта сапраўдныя рэпрэсіі за палітычныя погляды», — сказала Наста Паліенка.

У якіх умовах трымаюць мужа, Наста амаль ня ведае, бо адваката да яго не пускаюць.

«Перадачы прымаюць, але лістоў ад яго няма», — паведаміла жонка актывіста.

8 ліпеня ў кватэры, дзе пражывае Зьміцер Паліенка, адбыўся ператрус. Пазьней Першамайскі суд Менску арыштаваў актывіста на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Падчас перапынку ў судзе Паліенка паведаміў праваабаронцам, што ў гэты ж дзень яго вазілі ў Маскоўскае РУУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.

Зьміцер Паліенка і цяпер адбывае пакараньне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 году суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG