Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту Паліенку далі яшчэ адзін тэрмін?


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Такую інфармацыю паведамілі ягонай жонцы Насьце Паліенцы ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Да Зьмітра Паліенкі не пускаюць адваката.

Паводле Насты Паліенкі, жонкі актывіста Зьмітра Паліенкі, 10 ліпеня над ім зноў адбыўся суд, вынік якога ёй не паведамілі. Пра тое, што Зьмітра Паліенку асудзілі другім разам, жонцы актывіста сказалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе яго трымаюць з 8 ліпеня.

8 ліпеня суд Першамайскага раёну асудзіў Зьмітра Паліенку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за заклік да флэшмобу з пустымі рондлямі, які актывіст зьмясьціў у інтэрнэце. 10 ліпеня Зьмітра Паліенку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў спрабаваў наведаць адвакат, але яго да актывіста не пусьцілі, спаслаўшыся на эпідэмічную сытуацыю. Пра тое, што сёньня ў Зьмітра Паліенкі быў новы суд, ягоная жонка даведалася ад супрацоўнікаў ЦІПа.

«Прасіла перадаць яму перадачу, а мне сказалі, што ён адмаўляецца і што ў яго быў другі суд. За што і які атрымаў прысуд, не сказалі. Хутчэй за ўсё, далі яшчэ 15 сутак, як іншым актывістам, каб да выбараў ня выйшаў на волю. Таму і адмаўляецца ад перадач, бо трымае на знак пратэсту галадоўку», — мяркуе Наста Паліенка.

У Першамайскім раённым судзе Менску, куды актывістка зьвярнулася, каб даведацца пры вынік суду над мужам, спачатку адна з супрацоўніц назвала артыкул 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне міліцыі), за які судзілі Зьмітра Паліенку. Але іншыя супрацоўніцы гэтага не пацьвердзілі.

«На тую супрацоўніцу зашыкалі калегі, маўляў, што ты кажаш, і тады сказалі, што суду не было ўвогуле. Але я мяркую, што тая дзяўчына прагаварыла забароненую інфармацыю. Бо дзе яшчэ маглі судзіць Дзіму, акрамя як у Першамайскім судзе? Тут і першы суд быў», — мяркуе Наста Паліенка.

Супрацоўніца Першамайскага раённага суду, якая адказвае за кантакты з прэсай, сказала карэспандэнту Свабоды, што адміністрацыйная справа Зьмітра Паліенкі сёньня ў судзе не разглядалася.

У прэсавай службе Вярхоўнага суду атрымаць апэратыўную інфармацыю пра меркаваны суд над Зьмітром Паліенкам не ўдалося — тэлефоны не адказваюць.

8 ліпеня ў кватэры, дзе пражывае Зьміцер Паліенка, адбыўся ператрус. Пазьней Першамайскі суд Менску арыштаваў актывіста на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Падчас перапынку ў судзе Паліенка паведаміў праваабаронцам, што ў гэты ж дзень яго вазілі ў Маскоўскае РУУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.

Зьміцер Паліенка і цяпер адбывае пакараньне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 году суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG