25 чэрвеня Менскі гарадзкі суд разгледзеў пытаньне законнасьці і абгрунтаванасьці ўзяцьця пад варту Святланы Купрэевай, сяброўкі сям’і Віктара Бабарыкі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Як і раней, сёньня суд зноў адмовіўся зьмяніць ёй меру стрыманьня. Мы абскарджвалі меру стрыманьня, якую абраў КДБ, у суд Маскоўскага раёну. У панядзелак было паседжаньне, і суд адмовіў.
Гэтая пастанова суду была абскарджаная ў гарадзкі суд, і гарадзкі суд сёньня таксама адмовіў нам. Таму Святлана застаецца ў ізалятары», — сказаў Свабодзе адвакат Яўген Пыльчанка.
Суд адмовіў, нягледзячы на асабістае паручальніцтва Святланы Алексіевіч, Уладзімера Арлова, Сяргея Законьнікава і Леаніда Галубовіча.
Святлана Купрэева ўжо два тыдні знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яе затрымалі 11 чэрвеня, а абвінавачаньне прад’явілі 18 чэрвеня ў прысутнасьці адваката.
«З судамі мы ўсе магчымыя інстанцыі прайшлі, апроч абскарджаньня ў парадку нагляду, але гэта занадта доўга, — сказаў адвакат. — У суд ужо няма чаго абскарджваць. І затрыманьне, і ўзяцьце пад варту ўжо абскардзілі. Далей я буду спрабаваць трапіць у ізалятар. Дагэтуль гэтага не адбылося, я мог Купрэеву бачыць толькі падчас сьледчых дзеяньняў, а зайсьці да яе ў ізалятар не магу. Заўтра буду спрабаваць зноў туды трапіць. Калі ня будуць пускаць, то буду гэта абскарджваць у пракуратуры».
Адваката не пускаюць у ізалятар КДБ, спасылаючыся на эпідэмію каранавірусу.
«Такіх падставаў у заканадаўстве няма. Нідзе не запісана, што ў выпадку эпідэміі забаронена адвакату наведваць кліента ў ізалятары. Тым больш што афіцыйна ў нас не абвешчаны карантын. Гэта я ведаю выключна са слоў работніка КДБ, які прымае дакумэнты для ізалятара. Таму нават афіцыйнай пазыцыі, якая б грунтавалася на нейкіх прававых нормах, я пакуль што ад ізалятара не атрымаў», — сказаў адвакат Яўген Пыльчанка.
Адвакат бачыў Сьвятлану двойчы падчас сьледчых дзеяньняў, якія праводзіліся ў кабінэтах КДБ.
«То бок сытуацыя такая, што на сьледчыя дзеяньні людзей можна прыводзіць, а менавіта ў ізалятары іх наведваць нельга», — сказаў адвакат.
Не пускаюць адвакатаў у СІЗА КДБ таксама да Віктара Бабарыкі і да яго сына Эдуарда.
Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці іхнай дачкі.