Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ сьцьвярджае, што Міністэрства фінансаў ЗША адыграла ролю ў выкрыцьці «справы „Белгазпрамбанку“»


У праграме «Галоўны эфір» дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» сьцьвярджаюць, што ў выкрыцьці нібыта злачыннай схемы «Белгазпрамбанку» вялікую ролю адыграла Міністэрства фінансаў ЗША. І доказы сьледзтва такія пераканаўчыя, што амбасадары і часовая павераная ў справах ЗША «мелі прыгнечаны выгляд» пасьля сустрэчы ў МЗС.

Паводле вядоўцы «Галоўнага эфіру» намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Гусачэнкі, пасьля чатырох гадоў няспынных запытаў Кіпр і Латвія ў канцы 2019 году нарэшце выдалі поўныя схемы махінацыяў топ-мэнэджмэнту «Белгазпрамбанку» ўключна з экс-старшынём праўленьня.

«Ён неяк падазрона раптоўна зазьбіраўся ў палітыку», — выказвае сваю асабістую думку Гусачэнка.

Патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы, затрымалі 18 чэрвеня. 20 чэрвеня ім выставілі абвінавачаньні. Усяго ў справе «Белгазпрамбанку» затрымалі 20 чалавек.

БТ прыводзіць довады сьледзтва: маўляў, у 2016 годзе Нацыянальны банк і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў заўважылі дрэнную справаздачнасьць «Белгазпрамбанку». На паперы аб’ёмныя паказьнікі нібыта растуць, але, відаць, за кошт слабых, ці, як кажуць «сьмецьцевых» актываў. А даходныя і супэрдаходныя крэдыты выводзяцца, сьцьвярджаецца ў сюжэце.

Далей вядоўцы кажуць, што ёсьць дакумэнты з Кіпру, дзе фігуруюць прозьвішчы былога кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, Аляксея Задойкі, Сяргея Дабралёта, а таксама сяброўкі сям’і Бабарыкі Сьвятланы Купрэевай.

Другую палову справы, як кажа БТ, раскапала Міністэрства фінасаў ЗША.

«Не ДФР, не беларусы, а Мінфін ЗША! Гэтыя дакладна могуць адсачыць рух любой прыстойнай сумы ў далярах ува ўсім сьвеце — будзь то кэш (наяўныя), альбо модныя безнаяўныя, альбо крыптагрошы. Люты 2018-га. Чытаем заяву — увага! — намесьніцы міністра фінансаў ЗША у справах тэрарызму і фінансавай выведкі спадарыні Сыгал Мандэлкер», — эмацыйна прамаўляе Гусачэнка.

Цытата кароткая, і Беларусь у ёй ня ўзгадваецца. Цытуе амэрыканскую чыноўніцу (цяпер ужо былую) жонка Гусачэнкі Вольга Макей, намесьніца кіраўніка Агенцтва тэлевізійных навінаў:

«Латвійскі банк ABLV зрабіў асновай сваёй дзейнасьці адмываньне грошай. Банк пералічваў сродкі карумпаваным палітычна ўплывовым асобам, а таксама перанакіроўваў мільярды даляраў у сфэру публічнай карупцыі і вываду актываў».

Дарэчы, спадарыня Сыгал Мандэлкер у гэтай заяве ўзгадвае Расею, Азэрбайджан і Ўкраіну. Пра Беларусь — ні слова.

Паводле БТ, пасьля гэтай заявы спадарыні Мандэлкер латвійскі банк ABLV лопнуў. А пракуратура Латвіі, маўляў, заявіла: «Незаконна набытыя сродкі, што пералічваліся праз банк ABLV у Эўропу, мелі расейскае і беларускае паходжаньне. Сумы былі атрыманыя шляхам махлярства і нясплаты падаткаў».

Далей у «Галоўным эфіры» паказваюць нейкія пакункі з грашыма, разважаюць, у якую «тару» можна зьмясьціць амаль паўмільярда даляраў — менавіта такую суму назваў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль. Паводле БТ, у купюрах па 100 даляраў гэта «куча грошай, якая важыць 5 тон», гэта «пяць каробак ад вялікіх лядоўняў», а каб іх перавезьці, «спатрэбілася б фура».

БТ апавядае пра спэцапэрацыю латвійскіх сілавікоў 14 чэрвеня і затрыманьні празь некалькі дзён у Менску экс-старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» і ягонага сына, а таксама топ-мэнэджараў банку.

«І гэта не супадзеньне — гэта сумеснае расьсьледаваньне, якое пачало, паўторым, Міністэрства фінансаў ЗША. І дзе тут палітыка? Дзе выбары? Усе шакаваныя нахабствам і маштабамі злачыннага сындыкату, які дзейнічаў ў 18 краінах сьвету», — прамаўляе Сяргей Гусачэнка.

На яго думку, амбасадары гэтых дзяржаваў і часовы павераны ў справах ЗША «мелі такі прыгнечаны выгляд пасьля сустрэчы зь міністрам замежных справаў Макеем і старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Тэртэлем, бо факты, якія ім прадэманстравалі, занадта пераканаўчыя».

Варта адзначыць, што абазнанасьць у матэрыялах сьледзтва дэманструюць ня толькі журналісты дзяржаўных тэлеканалаў, але і прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

«Каб лялькаводы экс-банкіра, паважаныя дыпляматы і грамадзтва раптам не падумалі, што справу ў Беларусі могуць спусьціць «на тармазах» з жаданьня не выносіць сьмецьця з хаты, ці таму што паўмільярда даляраў відавочна ня грошы спадара Бабарыкі, а людзей больш сур'ёзных. Дык вось не!» — Сяргей Гусачэнка не хавае эмоцыяў.

Паводле вядоўцы «Галоўнага эфіру», Генэральная пракуратура кваліфікуе названае як арганізаваную злачынную групу, за што «сьвеціць» 15 гадоў пазбаўленьня волі. А Лукашэнка нібыта расцаніў «усю гэтую кампанію як выклік не сабе асабіста, а стабільнасьці і сувэрэнітэту нашай маладой рэспублікі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG