Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС абмеркавалі з амбасадарамі заходніх краін узаемадзеяньне ў расьсьледаваньні «справы „Белгазпрамбанку“»


Міністэрства замежных спраў Беларусі, архіўнае фота
Міністэрства замежных спраў Беларусі, архіўнае фота

Амбасадары краін Эўразьвязу і ЗША адмовіліся ад камэнтароў пасьля сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі з удзелам старшыні Камітэту дзяржкантролю Беларусі Івана Тэртэля, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Сустрэча працягвалася каля дзьвюх гадзін, у ёй бралі ўдзел часовая павераная ў справах ЗША, амбасадары Польшчы, Італіі, Літвы, Швэцыі, Славаччыны і прадстаўніцтва ЭЗ.

Амбасадар Італіі ў Беларусі Марыё Бальдзі сказаў журналістам, што «была цікавая сустрэча», ім агучылі «агульную інфармацыю пра сёньняшнія падзеі». Ён не ўдакладніў, пра якія канкрэтна падзеі вялася гаворка, але дадаў, што яны вітаюць адкрытасьць беларускага боку.

Іван Тэртэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей таксама адмовіліся ад камэнтароў.

Як паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, падчас сустрэчы абмяркоўвалі ўзаемадзеяньне ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асобаў «Белгазпрамбанку». Старшыня КДК Іван Тэртэль распавёў кіраўнікам дыпмісій пра ход расьсьледаваньня і агучыў прапановы па далейшым супрацоўніцтве. У рамках расьсьледаваньня Беларусь раней ужо накіроўвала лісты ў адрас шэрагу дзяржаў, адказваючы на запыты зь іх боку, піша агенцтва.

Удзень Свабодзе стала вядома пра запрашэньне амбасадараў заходніх краін на незаплянаваную сустрэчу ў МЗС Беларусі, якая мелася распачацца ў 18.30. Тэму размовы пры запрашэньні беларускія ўлады не назвалі, — сказалі Свабодзе прадстаўнікі амбасадаў трох эўрапейскіх краін у Менску.

Што адбылося 18 чэрвеня

Раніцай 18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі.

У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.

Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.

«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.

Паводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх — махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў, сярод структураў, якія ўдзельнічалі ў гэтым, — латвійскі банк ABLV. «Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК.

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго: ён згадваў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG