Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віктар Дзьмітрыевіч ніколі б ня зьехаў, Эдзік таксама». Шчыры аповед сяброўкі Эдуарда Бабарыкі. ФОТА


Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам і ягонай дзяўчынай Аляксандрай Зьверавай. Корсіка, 2020 год

Аляксандра Зьверава, сяброўка Эдуарда Бабарыкі — кіраўніка ініцыятыўнай групы і сына патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, у інтэрвію Свабодзе расказала пра сям'ю Бабарыкаў, адносіны з Эдуардам, хвалю падтрымкі пасьля арышту, а таксама пра тое, чаму Віктар, Эдуард і яна ня зьедуць зь Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Аляксандра працуе на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by, разам з Эдуардам яны ўжо сем гадоў. Яна чакае выкліку ў «органы» і дзякуе людзям за салідарнасьць.

Сьцісла

  • 18 чэрвеня мой каханы чалавек зьнік. Затрыманьне Віктара Бабарыкі было больш падобнае да выкраданьня. Пра тое, як затрымлівалі Эдзіка, мне дагэтуль невядома.
  • Цяпер рэч не ў палітыцы, рэч у справядлівасьці.
  • Каб зразумець, які ён чалавек, трэба ўбачыць, як любяць яго дзеці і якой шчасьлівай і каханай была ягоная жонка.
  • Памятаю, як да нас уляцела Марына Юрʼеўна з словамі: «Вы, фанаты Толкіна! Што казаў Гэндальф? Калі ня можаце вяртаць жыцьцё, тады не сьпяшайцеся адымаць яго».
  • Калі Віктар Дзьмітрыевіч напісаў пра намер балятавацца, да яго ляцелі паведамленьні: «Выяжджай з краіны» і «Вывозь сына». Цяпер такія ж паведамленьні атрымліваю я.

«18 чэрвеня Эдзік і Віктар Дзьмітрыевіч проста зьніклі»

— Аляксандра, як непасрэдна вас закранула затрыманьне Эдуарда і Віктара Бабарыкаў? Ці дапытвалі вас? Што зьмянілася ў вашым жыцьці?

Аляксандра Зьверава
Аляксандра Зьверава

— Затрыманьне Эдзіка і Віктара Дзьмітрыевіча фізычна, калі так можна выказацца, мяне не кранула. Пра эмацыйны бок, думаю, усё і так зразумела. Трэба разумець, што 18 чэрвеня Эдзік і Віктар Дзьмітрыевіч проста зьніклі. Пасьля падзей зь «Белгазпрамбанкам», арыштаў яго мэнэджараў, пасьля арыштаў сяброў Віктара Дзьмітрыевіча ў нас з Эдзікам зьявілася дамоўленасьць: калі мы ня разам, то некалькі разоў у дзень мы сьпісваемся. 18 чэрвеня Эдзік перастаў выходзіць на сувязь. Пра затрыманьне я даведалася з паведамленьняў штабу Бабарыкі.

Першыя два дні да Эдзіка не пускалі адвакатаў. З прычыны каранавірусу (якога, як мы ўсе ведаем, у Беларусі няма) і «вучэньняў» у дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. За мінулыя 6 дзён адвакатаў да Эдзіка пусьцілі толькі аднойчы. Хачу заўважыць, што да 18 чэрвеня ні Эдзіка, ні ягонага бацьку не выклікалі ў органы для допыту або каб даць якія-небудзь паказаньні.

— Раскажыце больш пра сябе, пра вашу адукацыю, працу, зацікаўленьні.

Эдуард Бабарыка, сын патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, з Аляксандрай Зьверавай і камандай Ulej. Архіўнае фота. Менск, 2017 год.
Эдуард Бабарыка, сын патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, з Аляксандрай Зьверавай і камандай Ulej. Архіўнае фота. Менск, 2017 год.

— У мяне дзьве вышэйшыя адукацыі ў дзьвюх спэцыяльнасьцях: прадусарства ў сфэры мастацтва і рэклямны мэнэджмэнт. Я працавала ў рэклямнай студыі. Пайшла працаваць у Ulej амаль адразу пасьля яго запуску. Спачатку вяла сацыяльныя сеткі, потым стала куратарам праектаў.

«Эдзік умее прызнаваць свае памылкі — на мой погляд, гэта моцна характарызуе чалавека»

— Як доўга вы сустракаецеся з Эдуардам? Як пазнаёміліся? Як бы вы маглі ахарактарызаваць яго?

Эдуард Бабарыка і і Аляксандра Зьверава, Вільня, 2014 год.
Эдуард Бабарыка і і Аляксандра Зьверава, Вільня, 2014 год.

— Мы з Эдзікам разам сем гадоў. І праз 7 гадоў я магу прыехаць зь ім на вячэру і прагаварыць чатыры гадзіны запар. Эдзік разумны, добры, неверагодна цікаўны. Вельмі прыстойны і спагадны. Яшчэ ў Эдзіка вельмі высокія патрабаваньні да сябе. І ён умее прызнаваць свае памылкі — на мой погляд, гэта моцна характарызуе чалавека.

— Што цяпер адбываецца з кватэрай Эдуарда, у якой вы жылі разам?

— Уся маёмасьць Эдуарда арыштаваная.

— У інтэрвію Белсату Віктар Бабарыка расказваў, што перад тым, як абвясьціць пра ўдзел у выбарах, меў працяглую размову з сынам, у выніку сын яго падтрымаў. Абодва яны ўсьведамлялі ўсе рызыкі. Што вам расказваў Эдуард пра гэта?

— Усё, што казаў Эдуард мне асабіста, застаецца паміж намі.

— Што вы думаеце пра тое, як паведамляюць на дзяржаўным тэлебачаньні пра гэтую справу?

— Нядаўна прачытала добры жарт у Facebook: вяртаецца вядоўца БТ дадому, а жонка ў яго пытаецца: табе што гатаваць — рыс ці макарону? «Рыс», — адказвае тэлевядоўца і сумуе. Бо хацеў макароны, але звычку хлусіць ужо не перамагчы. Там замест «хлусіць» іншае слова выкарыстоўвалі, але вы яго публікаваць ня будзеце :).

«І цяпер сябе менавіта палітычна актыўнай не лічу»

— Ці былі раней вы самі палітычна актыўнай? Ці, як вялікая частка людзей з ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, практычна ўпершыню праявілі палітычную і грамадзкую актыўнасьць?

— Не, не была. І цяпер сябе менавіта палітычна актыўнай не лічу. Я нядаўна пісала ў сваім інстаграме: цяпер рэч не ў палітыцы, рэч — у справядлівасьці. Безумоўна, я ўступіла ў ініцыятыўную групу Віктара Дзьмітрыевіча: зьбірала подпісы, выконвала валянтэрскія заданьні. Дагэтуль у мяне такога досьведу не было. Шмат зь якімі людзьмі ў штабе тая ж гісторыя.

Я лічу, што многія беларусы кажуць, што яны апалітычныя, бо выказваць сваю думку і рабіць нейкія дзеяньні ва ўмовах цяперашняй улады яны ня бачаць сэнсу. Ані жаданьні народу, ані думкі людзей не цікавыя цяперашняй уладзе.

«Калі яны разам, атрымліваецца нейкае рэальнае братэрства пярсьцёнка, якое ня могуць зламаць ніякія абставіны»

— Вы частка сямʼі Бабарыкаў. Ці маглі б вы болей расказаць пра гэтую сямʼю знутры? Якія гэта людзі? Якія каштоўнасьці галоўныя для гэтай сямʼі?

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і малымі дзецьмі. Архіўнае фота.
Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і малымі дзецьмі. Архіўнае фота.

— Калі не лічыць Эдзіка, бліжэй за ўсё зь сямʼі я была зь ягонай мамай. Яна была цудоўная. Вельмі добрая, вельмі сонечная. Зь неймавернай здольнасьцю ствараць вакол сябе ўтульнасьць, цяпло і клапаціцца пра ўсіх, хто хоць трохі ў гэтае яе акружэньне трапляў. Яна памятала, хто што любіць, хто чым захапляецца, усімі цікавілася. Уся сямʼя Эдзіка фанацее ад «Уладара Пярсьцёнкаў». Мне здаецца, гэта пра многае сьведчыць.

Віктар Бабарыка зь сям'ёй. Архіўнае фота. 2013 год
Віктар Бабарыка зь сям'ёй. Архіўнае фота. 2013 год

Каб зразумець, якім чалавекам была мама Эдзіка, я раскажу адну гісторыю. Раз у дом заляцеў велізарны шэршань. Пакуль мы з Эдзікам і бацькам выбіралі спосаб, як шэршня з дому выгнаць, не выключаючы і даволі барбарскіх варыянтаў, да нас уляцела Марына Юрʼеўна з словамі: «Вы, фанаты Толкіна! Што казаў Гэндальф? «Калі ня можаце вяртаць жыцьцё, тады не сьпяшайцеся адымаць яго». І вельмі акуратна гэтага шэршня злавіла і выпусьціла.

Архіўнае фота. Мальдывы, 2013 год
Архіўнае фота. Мальдывы, 2013 год

Віктар Дзьмітрыевіч — разумны, харызматычны і вельмі добры чалавек. Ён быў вельмі кахаючым мужам і застаецца неверагодна пяшчотным і клапатлівым бацькам. Калі я апублікавала некалькі іхных здымкаў у сацыяльных сетках, людзі пачалі пісаць пра тое, што гэтая велізарная любоў бацькі і сына счытваецца на фатаграфіях, і чалавек, які так любіць сваю сямʼю, ня стане дрэнным прэзыдэнтам.

Віктар Дзьмітрыевіч быў добрым кіраўніком, але гэта і так зразумела: сваю пасаду ў «Белгазпрамбанку» ён займаў 20 гадоў і сышоў зь яе на ўласнае жаданьне. Каб зразумець, які ён чалавек, трэба ўбачыць, як любяць яго дзеці і якой шчасьлівай і каханай была ягоная жонка.

Віктар Бабарыка зь сям'ёй, Канада, 2019 год.
Віктар Бабарыка зь сям'ёй, Канада, 2019 год.

Я ня ведаю, як выхоўвалі Машу і Эдзіка, але ўяўляю, якія каштоўнасьці ім прышчаплялі. Эдзік казаў, што бацькі яго ніколі ня лаялі. Яны ўсе вельмі шмат размаўлялі. На той момант, калі мы з Эдзікам пачалі сустракацца, яго сястра Маша ўжо пераехала ў Лёндан, а Эдзік пераехаў ад бацькоў, але езьдзіў да іх кожны вечар. Ён жартаваў, што памяняў толькі месца начлегу. Учора, калі мы з Эдзікавым сябрам зьбіралі яму перадачу ў СІЗА, я ўспамінала, як з Эдзікам езьдзілі вечарамі да бацькоў у Цну гуляць з сабакамі...

Эдуард Бабарыка. 2015 год. Менск.
Эдуард Бабарыка. 2015 год. Менск.

Маша і Эдзік — добра адукаваныя: яны шмат умеюць і ведаюць, могуць падтрымаць любую дыскусію. У вольны час уся іхная сямʼя чытае, а за вячэрай ніхто не глядзіць у тэлефон. У іх шмат сямейных традыцыяў: пераднавагоднія сустрэчы з падсумаваньнем вынікаў году, нядзельныя званкі праз скайп (сястра Эдзіка Маша жыве ў Сыднэі), раз на год уся сямʼя абавязкова езьдзіць на адпачынак усім складам. Раней гэта была кампанія з чатырох чалавек, потым да яе далучыліся я і Мэт, муж Машы.

Віктар Бабарыка зь сям'ёй, Канада, 2019 год.
Віктар Бабарыка зь сям'ёй, Канада, 2019 год.

У 2017 годзе мама Эдзіка загінула. Гэта была страшэнная трагедыя, якая моцна выбіла ўсіх з каляіны. Тое, як уся сямʼя клапацілася адзін пра аднаго і адзін аднаго падтрымлівала, мяне зьдзіўляла. Наагул, усе яны вельмі моцныя духам людзі, кожны паасобку. А калі яны разам, атрымліваецца нейкае рэальнае братэрства пярсьцёнка, якое ня могуць зламаць ніякія абставіны.

Я ня ведаю, ці маю права казаць, што я частка іхнай сямʼі: усё ж мы з Эдзікам ніякім афіцыйным статусам не зьвязаныя. Я абавязкова спытаюся ў іх пры сустрэчы. Калі скажуць, што мяне прызнаюць, я буду вельмі шчасьлівым чалавекам. Сямʼю, лепшую за гэтую, мне складана ўявіць.

«Святлана Купрэева — не адзіны сябар Віктара Дзьмітрыевіча, каго затрымалі проста так»

— Ці адчуваеце вы падтрымку людзей цяпер? Наколькі важная салідарнасьць? Якая дапамога вам патрэбная?

— Безумоўна. Адчуваю вялікую падтрымку. Адчувала яе, калі бачыла «ланцуг салідарнасьці», калі бачу, як мае сябры і зусім незнаёмыя мне людзі перажываюць, дзеляцца навінамі, допісамі, уступаюць у ініцыятывы. Калі бачу, як людзі па ўсёй плянэце выходзяць на вуліцу з плякатамі і заклікамі вызваліць Віктара Дзьмітрыевіча, Эдзіка і Сьвятлану Купрэеву. Дарэчы, яна не адзіны сябар Віктара Дзьмітрыевіча, каго затрымалі проста так.

У сваіх сацыяльных сетках я ўвесь час пішу, як можна дапамагчы: уступайце ўва ўсе групы і каналы Віктара Дзьмітрыевіча, якімі цяпер апякуецца яго штаб. Падтрымлівайце ініцыятывы, дзяліцеся інфармацыяй, уступайце ў шэрагі валянтэраў.

— Чаго вы баіцеся? А што для вас ня страшна?

Эдуард Бабарыка і Аляксандра Зьверава, Вільня, 2016 год.
Эдуард Бабарыка і Аляксандра Зьверава, Вільня, 2016 год.

— 18 чэрвеня мой каханы чалавек зьнік. Проста перастаў выходзіць на сувязь. Толькі 24 чэрвеня стала вядома, як адбывалася затрыманьне Віктара Бабарыкі.

Гэтае затрыманьне больш падобнае да выкраданьня. Пра тое, як затрымлівалі Эдзіка, мне дагэтуль невядома. У органы мяне пакуль не выклікалі. Але я, безумоўна, гэтага чакаю.

Зь першага дня, калі Віктар Дзьмітрыевіч напісаў пра свой намер балятавацца, да яго з усіх бакоў ляцелі паведамленьні: «Выяжджай з краіны» і «Вывозь сына». Ён ніколі б ня зьехаў. Эдзік — таксама. Цяпер такія ж паведамленьні атрымліваю я. І чую такія ж словы. Але я, мабыць, застануся. Занадта мне падабаюцца 97% маіх суайчыньнікаў і краіна, у якую ўпэўненымі крокамі ператвараецца Беларусь.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG