Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выйшла з унутранай эміграцыі». Чаму жанчыны ідуць да Бабарыкі


Пікет па збору подпісаў за Віктара Бабарыку ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Сёлетняя выбарчая кампанія адметная актыўным удзелам у ёй людзей, якія шмат гадоў ігнаравалі палітычную дзейнасьць. Свой выбар тлумачаць актыўныя жанчыны, якія ўпершыню ў жыцьці ўвайшлі ў ініцыятыўную групу і цяпер зьбіраюць подпісы за Віктара Бабарыку — псыхоляг Вольга Андрэева і доктарка Эмілія Мезіна. Удзел жанчын у выбарах-2020 аналізуе гендэрная экспэртка Юлія Міцкевіч.

Цалкам дыскусію глядзіце на відэа.

«Гэта першая сур’ёзная кандыдатура, якой я магу ганарыцца і дакладна ня буду саромецца»

Псыхоляг, псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева апошні раз галасавала на выбарах у 1994 годзе. Цяпер разам з мужам зьбірае подпісы за прэтэндэнта на кандыдацтва ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку.

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

— Я не галасавала больш за 25 гадоў, але ў мяне ёсьць поўнае ўсьведамленьне таго, што адбываецца. Я палітычна актыўны чалавек. У 1994 годзе мне прыйшлося пагадзіцца з выбарам беларускага народу. Мы з мужам галасавалі за Шушкевіча, гэта быў чалавек з нашымі каштоўнасьцямі. Гэта былі дэмакратычныя выбары, і мы пагадзіліся з выбарам большасьці. Мае каштоўнасьці абраным кандыдатам не падзяляліся, і я зразумела, што сыходжу ва ўнутраную эміграцыю.

Я, практычна не задумваючыся, уступіла ў ініцыятыўную групу Бабарыкі, таму што гэта чалавек з блізкімі мне каштоўнасьцямі. Калі ў выбарах удзельнічалі прадстаўнікі палітычных партый і лідэр ці прадстаўнік партыі заяўляў, што ён супраць абортаў, мне было зь ім не па дарозе. Я не настойваю, каб жанчыны рабілі аборты, але я лічу, што ніякі мужчына, ніякая палітычная партыя не павінны пазбаўляць жанчыну права распараджацца сваім целам. У кожнай палітычнай партыі было нешта, што было мне ня блізка. Мне блізкія каштоўнасьці сярэдняй клясы, я чалавек праэўрапейскі, мая мара — пабачыць Беларусь у Эўразьвязе.

Віктар Бабарыка — вельмі разумны, адукаваны, выхаваны чалавек. Ён адпавядае многім маім патрабаваньням да людзей. Гэта першая сурʼёзная кандыдатура, якой я магу ганарыцца і дакладна ня буду саромецца. Для мяне гэта вельмі важны крок. Мне падаецца, што выхад на электаральнае поле новых людзей, якія раней на ім не прысутнічалі ні ў якасьці актыўных удзельнікаў, ні ў якасьці тых, хто падтрымлівае, зьвязана з тым, што зьявіліся людзі, якія прыносяць новыя каштоўнасьці. І за кожным прэтэндэнтам на кандыдацтва будзе стаяць свая група людзей. Мяне вельмі радуе, што каштоўнасьці Бабарыкі падзяляе вялікая колькасьць беларусаў.

Калі мы кажам пра кандыдатаў пратэсту, то ў нас толькі адзін кандыдат — Сьвятлана Ціханоўская, якая, як дзекабрыстка, падставіла плячо. У яе няма палітычнага бэкграўнду, але я проста захапляюся тым, што яна як жанчына праявіла адданасьць і сьмеласьць. Яна, можа, ня бачыць сябе сурʼёзнай палітычнай фігурай, але тое, што яна зрабіла цяпер, гэта прыклад жаночага самаахвяраваньня. У гэтым пляне яна спадкаемніца традыцый найлепшых беларускіх жанчын. Калі мужчыны гінулі, жанчыны выходзілі і абаранялі радзіму, дзяцей паднімалі. Ціханоўская для мяне — гэта чалавек, які пераступіў цераз свой страх і стаў публічнай пэрсонай у тым фармаце, які яна абрала. Яна сапраўды не плянуе быць прэзыдэнтам, ня бачыць сябе ім, для яе гэта ўсё вельмі нечакана, але мне ёй хочацца сказаць вялікі дзякуй.

Я б хацела пабачыць на чале Беларусі жанчыну, але я ня бачу сярод тых кандыдатак жанчын, якія цягнуць на гэтую ролю. Я ня буду камэнтаваць прэтэндэнтак, але для мяне кандыдат у прэзыдэнты — гэта інтэлект і харызма. Харызмы дакладна няма. Для мяне ідэал — Ангела Мэркель, Маргарэт Тэтчэр, жанчыны з інтэлектам, харызмай і выхаванасьцю. Я заклікаю беларускіх дзяўчат быць палітычна актыўнымі, магчыма, ісьці ў прафэсійную палітыку. Палітык павінен вырасьці, быць у тусоўцы, расьці як прафэсіянал, і тады, напэўна, мы атрымаем такую жанчыну.

«Цяперашні ўдзел у кампаніі — не падыгрываньне ўладам, гэта магчымасьць правесьці сапраўдныя выбары»

Эмілія Мезіна, прыватная доктарка і мэнэджэрка мэдыцыны. Ніколі не галасавала на выбарах. Сёлета яна разам з мужам і сынамі ўвайшла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.

Эмілія Мезіна
Эмілія Мезіна

— Я пабачыла, што зьявіўся кандыдат, асоба, якой я магу давяраць, якая адпавядае маім уяўленьням пра прэзыдэнта, якая выклікае ў некаторай ступені захапленьне. Гэта не было зьвязана з пандэміяй, я пабачыла чалавека, які можа прадстаўляць краіну. Асабіста я не знаёмая зь Віктарам Бабарыкам, але зь ім быў знаёмы мой бацька, які характарызаваў яго як прыстойнага чалавека. Я захаплялася праектамі, якія рабіў Белгазпрамбанк, і я вырашыла, што яго трэба падтрымаць. Гэтае рашэньне адначасна было прынятае ўсімі маімі сямейнікамі — мужам і двума сынамі.

Упершыню маю такі досьвед, мы ніколі не былі сябрамі ініцыятыўнай групы. Хачу адзначыць, што вельмі добра арганізаваная праца ініцыятыўнай групы Бабарыкі. З тых, з кім я кантактавала падчас збору подпісаў, ніхто не выказваў адмоўных эмоцый. Мне пашанцавала, напэўна, бо маё кола зносінаў ня самае простае і ня самае прымітыўнае, і ўсё абсалютна падтрымліваюць гэтую кандыдатуру. Мы маем просты вясковы дом у Валожынскім раёне, і засьведчу, што вяскоўцы гэтак жа падтрымліваюць Бабарыку.

Я ніколі не галасавала на ніводных выбарах у Беларусі. У 2010 годзе разам з бацькам і мужам мы былі на Плошчы. Я ведаю, што там адбывалася. Не магу сказаць, што кагосьці з тых кандыдатаў я падтрымлівала, як і на ранейшых выбарах. У мяне выклікала павагу кандыдатура паэта, інтэлектуала Някляева. Тое, што ён у ягоным узросьце зрабіў такі крок, выклікала павагу, але я разумела, што ў нас няма чалавека, за якім бы пайшлі, які б сапраўды прывёў краіну да патрэбнага выніку. Цяпер такое адчуваньне прысутнічае.

Цяперашні ўдзел у кампаніі — гэта не падыгрываньне ўладам, гэта магчымасьць правесьці сапраўдныя выбары. Я напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што калі вы будзеце агітаваць за байкот альбо за тое, што так яно і будзе, як заўсёды, то я ня з вамі, бо я дакладна разумею і веру, што цяпер трэба выказаць грамадзянскую пазыцыю. Такая магчымасьць ёсьць, і ёй трэба скарыстацца. Нічога не адбываецца само па сабе. Грамадзтва павінна быць падрыхтаванае да пераменаў. Што падштурхне да іх — іншае пытаньне. Дрэнна, калі да пераменаў падштурхне нешта, падобнае да каранавірусу, альбо яшчэ больш страшнае — масавыя расстрэлы, якімі нехта спрабуе пагражаць, ці масавыя рэпрэсіі, голад і абвал эканомікі. Гэта дрэнна. Гэта іншы этап разьвіцьця. На сёньняшні дзень усім нам дазволена законным шляхам дзейнічаць у рамках нават дзейнага заканадаўства, каб выказаць сваю волю і нешта зьмяніць.

«З гэтымі кандыдатамі не асацыюю сябе з той самай апазыцыяй»

Юлія Міцкевіч, гендэрная экспэртка, праектная мэнэджэрка арганізацыі «Актыўным быць файна», палітычная актывістка ў мінулым, у сёлетняй выбарчай кампаніі ня ўдзельнічае.

Юлія Міцкевіч
Юлія Міцкевіч

— Калі параўноўваць удзел жанчын у сёлетняй выбарчай кампаніі і ранейшых, то адрозьненьне палягае ў тым, што цяпер ёсьць так званыя кандыдаты пратэсту — тры асноўныя фігуры, якіх мы бачым, за якіх падпісваемся. У мінулыя гады гэта былі палітыкі, людзі, за якімі стаялі палітычныя партыі, сілы, рухі, плятформы. І заўсёды былі актыўныя жанчыны ў кампаніях, і заўсёды былі людзі, якія ўпершыню пачыналі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Хачу працытаваць маю знаёмую, якая адрозна ад мяне, раней ня ўдзельнічала ў палітычных кампаніях. Яна зь бізнэсу, у яе складаныя часы, зьвязаныя з цынічнай палітыкай улады падчас каранавіруснай пандэміі, калі заяўлялася, што ўвесь сьвет закрыўся і таму ў іх эканоміка трашчыць па швах, а ў нас, як заўсёды, востраў стабільнасьці. Па факце мы бачым зусім іншае, людзі губляюць працоўныя месцы, усё роўна былі вымушаныя не працаваць, каб клапаціцца пра здароўе і жыцьцё сваіх супрацоўнікаў, і ў выніку многія страцілі свае бізнэсы. І гэта стала рухальным фактарам для многіх, у тым ліку і для жанчын, якія мелі бізнэс. Вось як яна сфармулявала адну з галоўных прычын, чаму яна пайшла ў кампанію: «Я адчуваю з гэтымі кандыдатамі, што я не асацыюю сябе з той самай апазыцыяй».

Доўгія гады ў нас былі кандыдаты ад апазыцыі. У іх таксама былі свае каштоўнасьці, якія нам падыходзілі ці не падыходзілі. Таксама былі ўсплёскі палітычнай актыўнасьці, і жанчын у тым ліку. Цяперашнія кандыдаты пратэсту не асацыююцца ў многіх з тым, што было раней, з той самай апазыцыяй. Але для ўлады і цяпер, і ў 2006, 2010 і 2015 гадах, як бы мы сябе ні асацыявалі, мы ўсё роўна «вашывая апазыцыя», і далей усе іншыя словы, якія я не хачу паўтараць.

Што да ролі жанчын у складзе выбарчых камісій. Мы жывём у мужчынскай сыстэме ўлады, да гендэрнай роўнасьці нам вельмі далёка з розных прычын. Жанчынамі лягчэй маніпуляваць. Іх лягчэй прымусіць нешта рабіць, таму што вельмі часта ў грамадзкай сьвядомасьці іхняя роля — ахвяраваць, клапаціцца пра сямʼю, дзяцей. У іх дзеці і семʼі, і праз гэта на іх вельмі лёгка націснуць.

Давайце будзем сумленнымі. У Беларусі няма выбараў. Выбары — гэта працэдура, працэдура тут не працуе. Мы ня ведаем дакладна, хто і як падлічвае галасы, як гэта адбываецца. Мы атрымліваем пэўныя лічбы, якія агучвае ЦВК, і бачым выніковую лічбу. Калі пашукаць інфармацыю пра парлямэнцкія выбары мінулага году, то мы пабачым, што старшыні акруговых выбарчых камісій былі пераважна мужчынамі. А менавіта старшыні камісій прымаюць рашэньні, а ня тыя, хто запісвае падлічанае ці проста падлічвае. Я заўсёды станаўлюся на бок жанчын, і мне вельмі не падабаецца, калі гэтых жанчын пачынаюць агулам абвінавачваць, што гэта яны ва ўчастковых камісіях фальсыфікуюць выбары і бязь іх у нас бы наступіла сьветлая будучыня. Давайце гаварыць пра тых людзей ва ўладзе, якія нясуць самую галоўную адказнасьць за тое, што цяпер адбываецца і будзе адбывацца, хто гэтыя людзі і колькі жанчын сярод гэтых людзей.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG