Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьмены ў Беларусі не наступяць цяпер», — Дэйвід Марплз


Валер Цапкала каля свайго пікету ў Віцебску 8 чэрвеня

Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі і Ўкраіны, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане. Свабода пагаварыла з канадзкім палітолягам пра чаканьні ад беларускай выбарчай кампаніі.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі​

Сьцісла:

  • Вынік выбараў-2020 «прадвызначаны».
  • Сьвятлана Ціханоўская не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • «Слабы Лукашэнка» як прэзыдэнт у Менску больш прымальны для Масквы, чым «непрадказальны» Бабарыка.
  • Маштаб вулічнай актыўнасьці беларусаў пакуль не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі.
  • Захад наўрад ці рэзка адрэагуе на чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі, калі ў кампаніі ня будзе сьмяротных ахвяраў.


— Мяркуючы па тым, што цяпер можна назіраць у Беларусі, што вы скажаце пра прэзыдэнцкія выбары 2020: іх вынік загадзя вядомы, як яно было ўжо чатыры разы ў гэтым стагодзьдзі, ці ўсё ж не, і застаецца нейкая няпэўнасьць адносна таго, што насамрэч адбудзецца ў жніўні?

Дэйвід Марплз
Дэйвід Марплз

— Я б не сказаў, што гэта загадзя вядомая справа, але я думаю, што канчатковы вынік выбараў прадвызначаны, як было і раней. Усё тое, што было на папярэдніх выбарах, паўтараецца і на цяперашніх. Адзіная розьніца гэтым разам, як думаю, у якасьці і разнастайнасьці контракандыдатаў Лукашэнкі, якія праводзяць даволі эфэктыўную кампанію.

Як мне здаецца, Лукашэнка гэтым разам крыху больш напалоханы, чым раней, таму што пагроза зыходзіць і ад прэтэндэнтаў, прынамсі ад двух прадстаўнікоў намэнклятуры. Цяпер цяжэй абвінаваціць кандыдатаў у тым, што яны — «пятая калёна», фінансаваная немаведама кім і адкуль. У кожным разе, як мне здаецца, Лукашэнка цяпер больш перапалоханы, чым у 2015 годзе, калі ён ня меў сур’ёзных апанэнтаў на выбарах.

Сёлетняя сытуацыя крыху нагадвае выбары 2010 году. І яна яшчэ нагадвае мне 2017 год, калі пачаў дзейнічаць «дармаедзкі дэкрэт» і людзі пачалі спантанна выходзіць на вуліцы пратэставаць. Такую спантаннасьць я бачу і цяпер, калі людзі выходзяць на вуліцу, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. І я думаю, што сёлетняя пагроза для Лукашэнкі большая, чым тыя дзьве ранейшыя.

— Найдаўжэйшыя чэргі стаяць перад пікетамі, дзе зьбіраюць подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Але людзі такім чынам насамрэч падтрымліваюць яе мужа-блогера, якога на выбары не пусьцілі. Як вы лічыце, Святлана Ціханоўская будзе сур’ёзнай пагрозай для Аляксандра Лукашэнкі, калі прыняць, што яе зарэгіструюць?

— Насамрэч, не. Яе ўдзел у выбарчай кампаніі — гэта ў першую чаргу падтрымка мужа, а таксама мэсыдж для людзей, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары, як і ранейшыя, — фэйкавыя, бутафорскія. Але гэта важны ўдзел, таму што дзякуючы яму беларусы пачынаюць выходзіць на вуліцы і задумвацца над альтэрнатывай. Лукашэнка ж ня вечны, і раней ці пазьней ён сыдзе, калі не ў 2020, то ў 2030. І што далей?

Атмасфэра гэтай выбарчай кампаніі нагадвае мне крыху атмасфэру прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году, калі я быў у Беларусі. Розьніца толькі ў тым, што тады ніхто ня ведаў, які з кандыдатаў пераможа, а цяпер вынік, на жаль, прадвызначаны.

— Калі не Ціханоўскай, то каго найбольш баяцца Лукашэнку — Цапкалы, Бабарыкі?

— Я думаю, якраз гэтых абодвух. У 2010 годзе была крыху падобная сытуацыя да сёлетняй, тады таксама былі два моцныя апанэнты Лукашэнкі: Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў. Але рэч у тым, што сёлета ніякага другога туру ня будзе, як не было яго 10 гадоў таму.

Лукашэнка ўсьведамляе, што перамога для яго з афіцыйным вынікам 50–55%, хай бы ён быў і не сфальшаваны, — гэта насамрэч параза, якая пашле дрэнны мэсыдж насельніцтву. Яму трэба вынік 70–75%. Таму, кажучы пра тое, што Бабарыка і Цапкала — найбольшая пагроза для Лукашэнкі, трэба мець на ўвазе, што гэтая пагроза ніяк не адлюструецца ў афіцыйных выніках выбараў.

— А хто, па-вашаму, больш на руку Маскве — Лукашэнка ці, скажам, Бабарыка?

— Лукашэнка. Бо Бабарыка не такі прадказальны, як Лукашэнка, і няясна, куды б ён павёў Беларусь. Я ня думаю, што тое, якім чынам праходзяць выбары ў Беларусі, мае для Масквы нейкае важнае значэньне. На маю думку, Масква хацела б, каб прэзыдэнцкую пасаду ў Менску захаваў Лукашэнка, але слабы Лукашэнка, які будзе ўвесь час патрабаваць дапамогі Расеі.

Дарэчы, гэта заўсёды была сытуацыя, якой Масква аддавала перавагу. Ня толькі ў выпадку Беларусі, але і Ўкраіны. У Менску і Кіеве Маскве патрэбныя слабыя кіраўнікі, якіх лёгка кантраляваць. А Лукашэнка цяпер выглядае значна слабейшым, чым шэсьць месяцаў таму.

— Што вы думаеце наконт прынятай Лукашэнкам тактыкі змагацца са сваімі апанэнтамі сілавымі мэтадамі і грубай мовай, як нярэдка бывала ў мінулым? Ці спрацуе гэтая тактыка і сёлета?

— Яна можа працаваць да пэўнай ступені. Эфэктыўнасьць гэтай тактыкі залежыць ад памераў пратэставага патэнцыялу ў Беларусі. Зразумела, Лукашэнка не завагаецца паслаць на вуліцы спэцназ супраць пратэстоўцаў, як ён рабіў ня раз у мінулым. Але пытаньне тут, ці будуць гэта такія пратэсты, як, напрыклад, пратэсты супраць Януковіча ва Ўкраіне, калі на вуліцы выходзіла сотня тысяч чалавек?

Я ня думаю, што мы нешта такое маштабнае ўбачым у Беларусі сёлета. Апошнія такія пратэсты, калі на вуліцу выходзіла сотня тысяч чалавек, у Беларусі мы бачылі ў 1990-м. Мяркуючы па тым, колькі людзей выходзіць на вуліцы ў Менску сёньня, гэта ня той маштаб, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу для ўладаў. Гэта, вядома, сыгнал і для ўлады, і для ўсіх беларусаў, што ў краіне патрэбныя зьмены, але я ня думаю, што гэтыя зьмены наступяць ужо цяпер.

— Як, па-вашаму, павінен рэагаваць на Лукашэнку і яго цяперашнія паводзіны Захад? Безумоўна, павінна быць, і напэўна будзе, крытыка. Але калі Лукашэнка гэтым разам здушыць акцыі пратэсту сілай і «арганізуе» чарговую перамогу на выбарах, то ці павінен Захад аднавіць санкцыі, ці, можа, лепш яму паспрабаваць адцягнуць Лукашэнку крыху далей ад Расеі? Ну бо цяпер, як выглядае, адносіны Менску з Масквой горшыя, чым калі-небудзь раней…

— Гэта залежыць ад пэрспэктывы, зь якой паглядзець на дачыненьні Лукашэнкі з Захадам.

У кароткай пэрспэктыве разумней было б паспрабаваць адцягнуць яго крыху далей ад Расеі, тым больш што за апошнія гады быў зроблены адчувальны прагрэс у дыялёгу Захаду зь Беларусьсю. Хаця трэба сабе ўсьведамляць і тое, што Эўропа сёньня ня мае адзінай пазыцыі наконт усходняй палітыкі і таго, як паводзіць сябе ў дачыненьні да аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў на постсавецкай прасторы. Адны хочуць збліжэньня з Масквою, іншым зручней дамаўляцца з Лукашэнкам, чым з Пуціным.

У даўжэйшай пэрспэктыве, па-мойму, для Захаду было б лепш аднавіць санкцыі і паставіцца да Лукашэнкі як да адшчапенца ў Эўропе.

Я ня думаю, што эўрапейская рэакцыя на тое, як Лукашэнка праводзіць гэтыя выбары, будзе вельмі рэзкай. Хіба што падчас пратэстаў загінуць людзі, будуць чалавечыя ахвяры. Тады, безумоўна, сытуацыя будзе выглядаць зусім інакш.

— У чым галоўная праблема так званай дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі? Чаму яна такая непапулярная сярод простых беларускіх выбарнікаў? Чаму беларусы масава прыходзяць падтрымаць чалавека, які год таму быў практычна нікому не вядомы, і ігнаруюць тых палітычных актывістаў, якія дзесяцігодзьдзямі выступалі супраць Лукашэнкі і ня раз траплялі ў турму?

— Добрае пытаньне. Адразу можна адказаць наступнае: людзі стаміліся глядзець на тыя самыя твары і слухаць больш-менш такі самы мэсыдж столькі гадоў (сьмяецца)… Мне здаецца, што некаторыя з тых апазыцыянэраў, якія кіравалі сваімі партыямі доўгія гады, страцілі сувязь са звычайнымі людзьмі ў Беларусі. У 2010-м, калі Андрэй Саньнікаў паехаў у правінцыю, каб пагаварыць зь людзьмі ў малых гарадках і вёсках, гэта ўспрымалася як нешта незвычайнае.

Такі чалавек, як Сяргей Ціханоўскі, блог якога мае дзьвесьце тысяч падпісчыкаў, — ён сапраўды вядомы ў народзе. Ён сапраўды мае за сабой натоўп і прыцягвае народную ўвагу.

Нядаўна я глядзеў відэаблог брытанскага блогера зь мянушкай Bald and Bankrupt. Ён вандраваў па Беларусі зь відэакамэрай і запісваў усё, што бачыў. І яго блог мае недзе каля мільёна падпісчыкаў у Беларусі. Гэта паказвае, як можна дайсьці да людзей у Беларусі — праз сацыяльныя сеткі. Гэтыя мэдыя Лукашэнка насамрэч ніколі не выкарыстоўваў для сваіх мэтаў. Я думаю, што такія мэдыя, як YouTube, Instagram і Twitter, сёньня значна больш эфэктыўныя, чым старасьвецкая палітычная прапаганда ў стылі 1990-х.

Мне здаецца, што праблема тут таксама ў тым, за кім сёньня гатовыя пайсьці малодшыя пакаленьні беларусаў. Возьмем прыклад Паўла Севярынца, які цяпер зноў апынуўся ў вязьніцы. Ягоны палітычны мэсыдж дзеліць маладых беларусаў, таму што некаторыя не прымаюць яго кансэрватыўна-хрысьціянскія погляды на грамадзтва, якія знаходзяцца ў выразнай апазыцыі да, скажам так, больш адкрытага сацыяльна-дэмакратычнага мэсыджа, які значна бліжэйшы большасьці беларусаў.

Калі паспрабуем прааналізаваць палітычную лінію Лукашэнкі, дык заўважым, што ён недзе пасярэдзіне паміж сацыял-дэмакратамі і цьвердалобымі кансэрватарамі. Мне здаецца, што сацыял-дэмакратычны рух мае значна большы шанец мабілізаваць беларусаў, чым кансэрватыўная хрысьціянска-дэмакратычная праграма. Праблема беларусаў цяпер — гэта ўжо ня толькі Лукашэнка, але і разыходжаньні ў палітычных поглядах грамадзтва, якія цяпер выходзяць навонкі. Сытуацыя насамрэч больш складаная, чым яна выглядае на паверхні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG