Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына Эдуарда Бабарыкі: я і штаб просім ня ладзіць дэманстрацыяў, гэта можа нашкодзіць Віктару Дзьмітрыевічу і Эдзіку


Падчас ператрусу ў доме Віктара Бабарыкі ў Лагойскім раёне.

Аляксандра Зьверава, дзяўчына Эдуарда Бабарыкі, пра яго затрыманьне даведалася раніцай 18 чэрвеня: ініцыятыўная група пра гэта напісала ў сваім чаце і апублікавала ў інфармацыю ў сацыяльных сетках. Потым зьявіліся навіны ў СМІ.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Аляксандра расказала «Настоящему Времени» вечарам 18 чэрвеня, што ёй вядома аб затрыманьні Эдуарда і яго бацькі і што яна зьбіраецца рабіць далей.

Девушка Эдуарда Бабарико рассказала о его задержании
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:59 0:00

— Я знаходжуся цяпер у Эдуарда у кватэры, дзе мы зь ім жылі. Толькі што са мной зьвязаліся [каля 18.00 менскага часу 18 чэрвеня], празь невядома колькі гадзін, бо Эдуарда з бацькам затрымалі раніцай, і толькі цяпер са мной зьвязаліся з ДФР [Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў].

Усё, што мне паведамілі, — гэта тое, што Эдуард затрыманы паводле артыкулу, які мае на ўвазе ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Сказалі: «Можаце паглядзець на сайце, як яму можна нешта перадаць». Гэта ўсё, што мне паведамілі.

Калі вы ведаеце ў цэлым сытуацыю, ёсьць Віктар Дзьмітрыевіч, які кандыдат [на пасаду прэзыдэнта], ёсьць яго сын Эдуард, які, у сутнасьці, не датычны да гэтага. Але Эдуард валодае ўсёй нерухомасьцю. Дом на Вячы быў у валоданьні мамы Эдзіка: яна загінула, дом перайшоў да яго ў спадчыну.

Ёсьць таксама дом у Цне, і ёсьць кватэра, дзе мы жывем. Ператрус прайшоў ужо ў доме на Вячы, наступны дом, у якім даўно ўжо ніхто не жыве, — яго абшукалі другім. Зараз я чакаю ператрусу ў кватэры, але мяне ўжо папярэдзілі, што часьцей за ўсё Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і ўсе гэтыя арганізацыі любяць прыходзіць альбо на досьвітку, альбо ўначы, калі ты сонны, разгублены, ня можаш паклікаць на дапамогу.

Табе абсякаюць тэлефон, не даюць паклікаць ні сяброў, ні адваката, нікога, што, уласна, зь імі цяпер і адбываецца. Адвакатаў не пускаюць на падставе каранавірусу, якога ў Беларусі няма, як вы ведаеце. Наш прэзыдэнт назваў гэта псыхозам, але адвакатаў да іх не пускаюць. Таму так, я сяджу чакаю, са мной сядзяць мае сябры з 14.00.

На жаль, мы ўсе ўяўляем, у якой краіне жывем. Зразумела, што вінаватая не краіна, а гаворка ідзе выключна пра ўрад. Таму, на жаль, да такога раскладу рыхтаваліся. Праўда, меркавалі, што ўсе дзеяньні будуць накіраваныя на Эдуардавага бацьку як на патэнцыйнага суперніка Аляксандра Рыгоравіча. Усё ж такі спадзяваліся, што Эдзіка сытуацыя не закране. Хоць, з словаў Эдзіка, як толькі Віктар Дзьмітрыевіч паведаміў у сваіх сацыяльных сетках, што будзе вылучацца, яму пачалі паступаць нібыта ад нейкіх дасьведчаных асобаў званкі-папярэджаньні: забірайце сына, хавайце, бо празь яго будуць чыніць ціск. Адразу стала зразумела, што ніхто нікуды не паедзе. Думалі, што арышт Эдуарда — гэта будзе ўжо вельмі цынічным здарэньнем.

Але вы павінны разумець у той жа час, што расьсьледаваньні пачаліся ў банку, які Віктар Дзьмітрыевіч 20 гадоў узначальваў, у сумежных кампаніях — гэта кампаніі-кліенты. Сярод затрыманых як кіраўніцтва банку, так і проста сябры Віктара Дзьмітрыевіча, якія наагул зь ім [банкам] ніяк не зьвязаныя працаю, у тым ліку сяброўка сям’і — гэта сяброўка загінулай мамы Эдуарда, жонкі Віктара Дзьмітрыевіча, якую проста затрымалі і трымаюць ужо ледзь ня тыдзень. Да яе гэтаксама не пускаюць адвакатаў, не агучваюць, за што яе затрымалі. Так, на жаль, мы былі гатовыя. Вельмі спадзяваліся, што да гэтага ня дойдзе, але дайшло.

Усё, што цяпер я магу рабіць, — гэта [зьвяртацца] да адвакатаў, спрабаваць нейкім чынам зьвязацца [зь імі] і неяк паўплываць на сытуацыю. Але паколькі адвакатаў не пускаюць, адзінае, пра што мы цяпер просім людзей, — я і штаб, які працуе, — ня ладзіць ніякіх дэманстрацыяў, бо гэта таксама можа нэгатыўна адбіцца. Гэта можа цяпер нашкодзіць і Віктару Дзьмітрыевічу, і Эдзіку.

У мяне плян толькі адзін. У мяне на руцэ запісаны тэлефон адваката на выпадак, калі мяне забяруць. Паводле заканадаўства, паколькі мы з Эдуардам юрыдычным статусам не зьвязаныя — я не зьяўляюся ні жонкай, ні сваячкай, я ні ў якіх кампаніях не працавала, дзякуй Богу, ніякімі долямі я не валодаю, я «гол як кол» — таму ўсё, што мне могуць прад’явіць, — гэта проста забраць мяне і ўтрымліваць 72 гадзіны. Я адразу сказала, што без адваката на пытаньні адказваць наагул ня буду, кантакт у мяне ёсьць, дамова ў мяне ёсьць. Калі адваката да мяне не пускаюць, гэта ня значыць, што я ад яго адмовілася. Гэта значыць, што да мяне яго дакладна гэтаксама не пускаюць. Вось гэта ўвесь мой плян — чакаць ператрусу і спадзявацца, што мяне не забяруць куды-небудзь пасядзець.

Нягледзячы на тое, што мне таксама ўсе пачалі раіць куды-небудзь бегчы, я падумала, што я заканадаўства не парушала, пасяджу я дома, запрашу сяброў. І адвакат параіў, каб ператрус адбываўся ў прысутнасьці некага. Таму адзінае самае правільнае, што я вырашыла рабіць, — гэта проста распаўсюджваць інфармацыю, каб вы былі ў курсе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG