Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу заклікаў Менск вызваліць Бабарыку


Жузэп Барэль

Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць рэальныя канкурэнтныя ўмовы ў перадвыбарнай кампаніі.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі​

«Палітычна матываваныя абмежавальныя захады не павінны перашкаджаць ніводнаму патэнцыйнаму кандыдату ў выкананьні працэдуры рэгістрацыі», — напісаў у заяве Пэтэр Стана, прэсавы прадстаўнік Жузэпа Барэля.

«Учора Віктар Бабарыка, адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, і яго сын Эдуард Бабарыка, кіраўнік кампаніі, былі затрыманыя па крымінальнай справе. ЭЗ заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх ад утрыманьня пад вартай і гарантаваць поўнае захаваньне вяршэнства закону, уключаючы сумленнае і празрыстае расьсьледаваньне і права на доступ да адваката. Любое расьсьледаваньне павінна быць бесстароньнім і без палітычнага ціску», — гаворыцца ў заяве.

У заяве высокі прадстаўнік ЭЗ выказвае трывогу выпадкамі жорсткага абыходжаньня з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, у тым ліку з Паўлам Севярынцам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Барэль таксама выказвае надзею, што Беларусь афіцыйна запросіць прадстаўнікоў АБСЭ/БДІПЧ (Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе/Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) для маніторынгу выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG