Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі пра «справу Белгазпрамбанку»: трэба «чакаць афіцыйных ацэнак», а не «варажыць на кававай гушчы»


Дзьмітры Мезенцаў, архіўнае фота

Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў пракамэнтаваў 12 чэрвеня крымінальную справу супраць супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», галоўнымі акцыянэрамі якога зьяўляюцца расейскія кампаніі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Так ці інакш, нам трэба чакаць тых абгрунтаваных ацэнак афіцыйных прадстаўнікоў таго ці іншага праваахоўнага ведамства, а не варажыць на кававай гушчы і ня дабудоўваць тыя схемы, якія нас толькі робяць слабейшымі», — перадае БелаПАН заяву Дзьмітрыя Мезенцава.

Тым часам расейскія акцыянэры «Белгазпрамбанку» — публічнае акцыянэрнае таварыства «Газпром» і «Газпромбанк» — заявілі пра падтрымку банку і гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню сытуацыі.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку», патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка сказаў:

«Напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўны палітычны характар». Ён мяркуе, што праз справу, заведзеную на ягоных былых супрацоўнікаў і сяброў, чыніцца ціск на яго самога.

Іншы патэнцыйны кандыдат Валер Цапкала заявіў, што расцэньвае цяперашнія падзеі як спробу ціску на канкурэнтаў Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка 12 чэрвеня, не згадаўшы імя Бабарыкі, зьвязаў «гэтага нягодніка», які быў кіраўніком банку, з крымінальнай справай, але дадаў, што «вязьнем сумленьня мы яго ня зробім».

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG