Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэры заявілі пра падтрымку «Белгазпрамбанку» ў сувязі зь ператрусамі


«Белгазпрамбанк»

Акцыянэры «Белгазпрамбанку» — Публічнае акцыянэрнае таварыства «Газпром» і Банк ГПБ — заявілі пра поўную падтрымку банку і гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню сытуацыі. Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».

У прэс-рэлізе пацьверджана, што 11 траўня ў будынку «Белгазпрамбанку» Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю «ажыцьцяўляе працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да шэрагу юрыдычных і фізычных асобаў».

У ім таксама падкрэсьлена, што гэтыя падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, выкананьне прынятых на сябе абавязаньняў і абслугоўваньне кліентаў, плацяжы якіх ажыцьцяўляюцца ў звычайным рэжыме.

11 чэрвеня пачаліся ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанку», які 20 гадоў узначальваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, і ў шэрагу іншых прыватных кампаній.

З раніцы 11 чэрвеня да «Белгазпрамбанку» прыехалі 50 чалавек у масках, там пачаўся ператрус. У дачыненьні да былых і цяперашніх кіраўнікоў завялі крымінальную справу па двух артыкулах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.

10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаній, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Лукашэнка даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

«Белгазпрамбанк» дзейнічае ў Беларусі з 1990 году. Расейскім кампаніям «Газпром» і «Газпромбанк» належыць па 49,8% акцый «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка ўзначальваў «Белгазпрамбанк» зь сярэдзіны 2000 году да траўня 2020-га, калі абвясьціў пра свой намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG