Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы


11 чэрвеня пачаліся ператрусы ў «Белгазпрамбанку», які 20 год узначальваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, і ў шэрагу іншых прыватных кампаній. Глядзім, што пра іх вядома.

З раніцы 11 чэрвеня да «Белгазпрамбанку» прыехалі 50 чалавек у масках, там пачаўся ператрус. У дачыненьні да былых і цяперашніх кіраўнікоў завялі крымінальную справу па двух артыкулах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.

«Белгазпрамбанкам» на працягу 20 гадоў кіраваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка. Па стане на 15 гадзін 11 чэрвеня ён не зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы.

Глядзім, што гэта за кампаніі.

Адзін з самых буйных замежных банкаў

Галоўны офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску
Галоўны офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску

Згодна з дадзенымі парталу bankchart.by, «Белгазпрамбанк» займае 5 месца з 24 паводле памеру сваіх актываў і 5 месца паводле памеру капіталу ў Беларусі.

Актывы банку на сёньня — 5,5 мільярда рублёў, капітал — 687 мільёнаў, чысты прыбытак у сакавіку — 4,5 мільёна. Гэты паказчык расьце трэці месяц запар.

«Белгазпрамбанк» — сумеснае беларуска-расейскае акцыянэрнае таварыства. Ягоныя асноўныя акцыянэры — «Газпром» і «Газпрамбанк». Банк быў заснаваны ў 1990 годзе пад назвай «Камэрцыйны банк „Экаразьвіцьцё“». У 1993 годзе зьмяніўся склад акцыянэраў, банк перайменавалі ў «Алімп».

У 1997 годзе «Газпром» і «Газпрамбанк» набылі 35% ад статутнага фонду банку, дзяржаўны канцэрн «Белтрансгаз» — 26%, а Міністэрства па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі ўнесла ў статутны фонд дзяржаўную маёмасьць у выглядзе памяшканьня. Банк атрымаў сваю цяперашнюю назву.

На сёньня 49,8% статутнага фонду належыць «Газпрому», 49,8% — расейскаму «Газпрамбанку», 0,2% — кампаніі «Газпром трансгаз Беларусь», 0,09% — Дзяржаўнаму камітэту па маёмасьці.

Ад 1995 году да сёлетняй вясны банкам кіраваў Віктар Бабарыка. Цяпер выканаўца абавязкаў старшыні праўленьня — Кірыл Бадзей, выканаўчы дырэктар — Тацяна Аўраменка. Таксама ў склад праўленьня ўваходзяць Аляксандар Ільясюк, Дзьмітры Кузьміч, Ірына Патапава, Уладзімер Сажын, Аляксандар Сотнікаў і Сяргей Шабан.

На прэсавай канфэрэнцыі 11 чэрвеня Віктар Бабарыка падкрэсьліў, што «да банку не было ніякіх пытаньняў да цяперашняга часу», хоць яго правяралі і міжнародныя, і беларускія аўдытарскія кампаніі. Апошняя праверка, па ягоных словах, прайшла перад самым ягоным сыходам з банку.

«Белгазпрамбанк» — мэцэнат культуры Беларусі. Адпаведную ўзнагароду ад Міністэрства культуры банк атрымліваў у 2015, 2016 і 2017 гадах. Банк выкупляў працы ўсясьветна вядомых мастакоў беларускага паходжаньня, дамы на Кастрычніцкай вуліцы, каб зрабіць там арт-прастору і «гараж інавацый» амаль за 3 мільёны даляраў.

Што за «Прыватлізінг»

Лізінгавая кампанія з статутным фондам у 500 тысяч рублёў. Летась уваходзіла ў пяцёрку самых буйных лізінгавых кампаній з доляй на рынку ў 3,5%.

Летась кампанія заключыла новых дамоваў на 205,3 мільёна рублёў. Кампанія — лідэр у зьдзелках зь нерухомасьцю, бытавой тэхнікай, аўтамабілямі. Па 19% «Прыватлізінгу» належыць Аляксею Герашчанку і Андрэю Харлановічу.

Па 15% кампаніі належыць Сяргею Дабралёту і Антону Марозаву. Абодва раней працавалі ў «Белгазпрамбанку». Яшчэ 32% кампаніі належыць латвійскім кампаніям «АЛДІ Проджэктс» (18%), якая зьмяніла іншую латвійскую кампанію «Аўструму Цілтс», і «МВС Інвестмент» (14%).

«Прыватлізінг» актыўна супрацоўнічае з дабрачынным фондам «Шанс», які дапамагае хворым дзецям і апякунчую раду якога ўзначальвае Віктар Бабарыка.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Віктар Бабарыка сказаў, што «Прыватлізінг» супрацоўнічаў зь «Белгазпрамбанкам» і да гэтай кампаніі ў праваахоўнікаў таксама не было пытаньняў.

«Кентаўр» і «Кампары»

Таксама ператрусы прайшлі ў кампаніях «Кентаўр» і «Кампары».

«Кентаўр» — гэта страхавая кампанія, займаецца страхаваньнем маёмасьці і здароўя. Працуе з 1991 году, генэральны дырэктар — Сяргей Прохарчык.

«Кампары» — кампанія, якая займаецца вытворчасьцю сродкаў гігіены, працуе на рынку з 1997 году. Дырэктар Анатоль Булава ўваходзіць у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што ўсе гэтыя кампаніі «зьяўляюцца кліентамі „Белгазпрамбанку“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG