Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да дома Валера Цапкалы прыходзіў Дзяржкантроль. Ператрусу не было

абноўлена

Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

Каля менскага дома патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы 10 чэрвеня заўважылі прадстаўнікоў Дзяржкантролю, піша Tut.by.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Прадстаўнік штабу расказаў выданьню, што некалькі супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнага кантролю цяпер знаходзяцца каля дома, але «ператрус яшчэ не пачаўся». Сам Цапкала быў на прабежцы, калі прыйшлі прадстаўнікі Дзяржкантролю, а дзе ён цяпер, у штабе ня ведаюць.

Прэсавая служба Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў пакуль недасяжная для камэнтароў. Прэс-сакратар Дзяржкантролю Кірыл Данілаў заявіў Tut.by, што нібыта ня мае інфармацыі пра сваіх супрацоўнікаў ля дома Цапкалы.

Абноўлена, 11.42: Прэсавы сакратар Валера Цапкалы Аляксей Урбан паведаміў Свабодзе, што ля дома Цапкалы ўсё спакойна, ужо нікога з супрацоўнікаў ДФР няма, ператрусу не было.

Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што мае «кампрамат» на Цапкалу:

«Ён, праўда, хітруе. Ня кажа, чаму яго прэзыдэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце, чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісьці на выбары. Але ён шчыра ня скажа. Трэба — скажам, але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Лукашэнка.

Цапкала пазьней заявіў, што Лукашэнка яго звольніў за тое, што ён выступіў супраць пасадкі Віктара Пракапені і іншых бізнэсоўцаў.

Раней у гэты ж дзень пачаліся сьледчыя дзеяньні, ускосна зьвязаныя зь іншым патэнцыйным кандыдатам: завялі крымінальную справу на супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», дырэктарам якога шмат гадоў быў Віктар Бабарыка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG