Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё шыта белымі ніткамі». Што ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі кажуць пра «справу Ціханоўскага». Дапаўняецца


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Кіраўнік ініцыятыўнага штабу Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі знаходзіцца за кратамі праз абвінавачаньне ў крымінальнай справе. Што думаюць пра гэта іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзыдэнты, высьвятляла Свабода.

Сяргею Ціханоўскаму і ягоным папечнікам выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Аднаму з затрыманых выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 за «гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».

Прэс-служба Валера Цапкалы: «Заклікаем да максымальнай адкрытасьці і галоснасьці гэтага працэсу»

Кіраўнік прэсавай службы Валера Цапкалы Аляксей Урбан заявіў, што яны пакуль ня робяць ацэнак таму, што адбываецца зь Сяргеем Ціханоўскім.

«Але мы хочам заклікаць да максымальнай адкрытасьці і галоснасьці гэтай справы, — заявіў Аляксей Урбан. — У прыватнасьці, прыцягнуць да ўдзелу ў гэтым працэсе ня толькі АБСЭ, міжнародныя структуры, дыпляматаў, але і Камісію правоў чалавека. І абавязкова з удзелам сродкаў масавай інфармацыі — каб працэс быў максымальна адкрытым».

Андрэй Дзьмітрыеў: «Гэта палітычная справа супраць усіх, хто сёньня спрабуе гаварыць праўду»

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 10 гадоў таму сам быў асуджаны паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Я лічу, што гэты артыкул і па сёньняшні дзень выкарыстоўваецца выключна ў палітычных мэтах, каб ня даць людзям магчымасьці гаварыць праўду, — заявіў ён. — Таму для мяне затрыманьне Сяргея Ціханоўскага зьяўляецца цалкам незаконным. Усе мы бачылі гэта відэа. Дзе там гвалт над міліцыянтам? Там гвалт над грамадзкай думкай і грамадзянскімі правамі чалавека.

Безумоўна, гэта палітычная справа, і яна супраць усіх тых, хто сёньня спрабуе гаварыць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Я балятуюся ў прэзыдэнты, каб гэтая магчымасьць была ў кожнага – незалежна ад таго, падабаецца гэта ўладзе ці не».

Сяргей Чэрачань: «Правакацыі, якія ладзяцца ўладай, накіраваныя толькі на адно — на ўтрыманьне ўлады»

На думку старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня, на дэмакратычных кандыдатаў ідзе сапраўдны, непрыхаваны ціск

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

«Відавочна, што ідзе ціск на дэмакратычных кандыдатаў, на дэмакратычныя сілы, якія робяць усё неабходнае, каб у нашай краіне адбыліся перамены, каб адбылася зьмена ўлады, — заявіў ён. —. І каб краіна мела магчымасьць правесьці пэўныя рэформы рухацца наперад да новай Беларусі, да новага жыцьця.

Ціск ідзе сапраўдны, ціск непрыхаваны, і мы разумеем, што правакацыі, якія ладзяцца ўладай, накіраваныя толькі на адно – на ўтрыманьне ўлады.

Мы ўсьведамляем усю складанасьць сытуацыі, што далей будзе толькі горш, але рукі ў нас не апускаюцца, і мы ў межах нашай кампаніі, нашай каманды зробім усё, каб гэтыя зьмены адбыліся».

Мікалай Казлоў: «Не Ціханоўскі будзе несьці адказнасьць, а тыя людзі, якія правакацыю ўчынілі»

Старшыня АГП Мікалай Казлоў перакананы, што адбываецца палітычны перасьлед апанэнтаў, прычым правакацыя арганізавана абуральна груба.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Усе мы бачылі відэазапіс: правакацыя рабілася абуральна груба, як і ўсё тое, што цяпер робіць дзяржава.

Мне здаецца, што тыя людзі, якія плянавалі гэтую правакацыю і ўчынілі яе, у найбліжэйшай будучыні панясуць крымінальную адказнасьць. Не Ціханоўскі будзе яе несьці, а тыя людзі, якія гэту правакацыю сплянавалі, санкцыянавалі, далі каманду, ажыцьцявілі.

Дарэчы, і ў мінулую нядзелю таксама рыхтавалася правакацыя, былі там камяні, цэгла, брукаванка. Лукашэнка разумее, што ўтрымае ўладу толькі з дапамогай сілы і правакацый. Усё, што засталося ў Лукашэнкі — гэта сілавыя структуры, якія выконваюць карныя функцыі», — мяркуе Мікалай Казлоў.

Юрась Губарэвіч: «Усё шыта белымі ніткамі»

На думку Юрася Губарэвіча, правакацыя была зьнята не з аднаго ракурсу, і цалкам відавочна, што распрацаваная і зьдзейсьненая яна была супрацоўнікамі міліцыі.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Усё шыта белымі ніткамі. Я думаю, пэрспэктывы гэтая справа нармальным судзе ня мае. Але сытуацыя ў нашай краіне такая, што самыя абсурдныя правакацыі ўлада звычайна рэалізуе і даводзіць да канца. Таму можна чакаць, што наступныя некалькі месяцаў Ціханоўскі правядзе за кратамі — якраз усю выбарчую кампанію. Дзеля гэтага правакацыя і рабілася. Але нейкае канчатковае рашэньне, думаю, будзе ўжо пасьля выбараў», — лічыць Юрась Губарэвіч.

Ганна Канапацкая: «Прымяненьне сілы да ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі недапушчальнае»

Ганна Канапацкая кажа, што ёй як юрысту складана камэнтаваць, ня бачыўшы матэрыялаў справы і дакумэнтаў, абвінавачаньні, выстаўленыя Сяргею Ціханоўскаму і ягоным паплечнікам.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«У любым выпадку, у дачыненьні да ўсіх кандыдатаў, сяброў ініцыятыўных груп і ўдзельнікаў выбарчай кампаніі недапушчальна прымяняць сілу», — коратка пракамэнтавала справу Ціханоўскага Ганна Канапацкая.

Вольга Кавалькова: «Апроч рэпрэсій, у Лукашэнкі няма іншых мэтадаў утрыманьня ўлады»

Вольга Кавалькова лічыць, што крымінальная справа, заведзеная на Сяргея Ціханоўскага, цалкам палітычна матываваная і сфабрыкаваная.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

«Барацьба з палітычнымі апанэнтамі шляхам правакацый і рэпрэсій паказвае слабасьць Лукашэнкі. Апроч рэпрэсій, у яго няма іншых мэтадаў утрыманьня ўлады. Сёньня немагчыма схаваць яго нізкі рэйтынг, бо тысячы людзей стаяць у чэргах па свабоду, па перамены. На вуліцах адбываецца народны імпічмэнт Лукашэнку.

Я патрабую неадкладна спыніць перасьлед Сяргея Ціханоўскага і яго каманды і і вызваліць іх, спыніць ціск на ўсіх актывістаў і беларусаў, якія сёньня выступаюць з альтэрнатыўнай уладзе думкай.

Сёньня беларускае грамадзтва павінна быць салідарным з камандай Сяргея, бо наша праваахоўная і судовая сыстэма выконвае функцыю рэпрэсіўнага мэханізму супраць сваіх грамадзян. А зьмяніць гэта можна толькі са зьменай улады», — кажа Вольга Кавалькова.

Алесь Таболіч: «Трэба ўсім альтэрнатыўным кандыдатам сабрацца і абмеркаваць стратэгію выбараў»

Алесь Таболіч прапануе ўсім альтэрнатыўным кандыдатам кансалідавацца, выпрацаваць агульную пазыцыю і падтрымліваць адзін аднаго.

Алесь Таболіч
Алесь Таболіч

«Зразумела, супраць Ціханоўскага была арганізаваная правакацыя. Мы літаральна на наступны дзень былі ў Горадні, і нам расказвалі відавочцы, як усё было. Мы часьцяком побач з паплечнікамі Ціханоўскага праводзім пікеты — і ў нас, і ў іх ідзе нармальны мірны працэс збору подпісаў, ніякіх заклікаў да непарадкаў не бывае. Тое, што Сяргею інкрымінуюць крымінальную справу, гэта ненармальна. Ідзе «зачыстка» палітычнага поля, зьнішчэньне апанэнтаў.

А правакацыі з боку ўладаў будуць працягвацца. Таму трэба ўсім альтэрнатыўным кандыдатам сабрацца і абмеркаваць стратэгію гэтых выбараў і разьвіцьця краіны. Рэальна, каб тыя людзі, якія працуюць актыўна, ладзяць пікеты (а такіх 6–7 ініцыятыўных груп), сабраліся і пагаварылі. Пройдуць яны ці ня пройдуць, пойдуць Цапкала і Бабарыка далей у палітыку ці не, але павінна быць нармальная грамадзкая пазыцыя. Трэба, каб мы адзін аднаго падтрымлівалі, — перакананы Алесь Таболіч.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG