Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрысты патлумачылі, чаму «справу Ціханоўскага» трэба закрыць


Сяргей Ціханоўскі

«Прававая ініцыятыва» разабрала артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх вінавацяць Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў.

Блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем яго паплечнікаў абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкула 364 КК РБ (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Юрысты арганізацыі «Прававая ініцыятыва» сфармулявалі чатыры пытаньні адносна крымінальных спраў, распачатых за інцыдэнт 29 траўня на пікеце ў Горадні:

1. Ці быў сход незаконным?

Юрысты мяркуюць, што не. Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, паводле арт. 61 Выбарчага кодэксу, можа ладзіцца без адмысловых дазволаў у месцах, дзе гэта не забаронена. Пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні праводзіўся там, дзе гэта не забаронена.

Таксама на пікетах не забараняецца размаўляць зь людзьмі, якія хочуць паставіць подпіс за вылучэньне кандыдатаў. Вялікая колькасьць людзей вакол пікету тлумачыцца жаданьнем людзей паставіць подпісы за вылучэньне кандыдата, і гэта «частка нармальнай хады перадвыбарчай кампаніі».

2. Ці было парушэньне грамадзкага парадку?

Пікет быў мірны і не перарастаў у беспарадкі ад пачатку і да моманту затрыманьня Ціханоўскага і паплечнікаў, мяркуюць юрысты. Удзельнікі не парушалі Выбарчы кодэкс і не прадстаўлялі пагрозы грамадзкаму парадку, ня несьлі небясьпекі здароўю або маральнасьці насельніцтва.

Юрысты спасылаюцца на пункты 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (да пакту далучылася і Беларусь), а таксама на Сыракускія прынцыпы тлумачэньня абмежаваньняў і адступленьняў ад пунктаў гэтага пакту.

Пры тым адзначаецца, што супрацоўнікі міліцыі мусілі рэагаваць на правакацыі і бараніць удзельнікаў мірнага сходу, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, якога яны перасьледавалі і хапалі за рукі.

3. Ці была арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх?

Сяргей Ціханоўскі не зьбіраў людзей дзеля парушэньня грамадзкага парадку і не заклікаў да парушэньняў, не кіраваў імі, пішуць юрысты. Ён толькі хадзіў па тэрыторыі пікету, размаўляў і фатаграфаваўся зь людзьмі, якія прыйшлі падпісацца за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты. Мэтай Ціханоўскага, як і ягоных паплечнікаў, быў збор подпісаў за кандыдатку, кіраўніком ініцыятыўнай групы якой ён зьяўляецца.

Тое, што Ціханоўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытаньні асобных удзельнікаў пікету і ня стаў рэагаваць на іхныя выказваньні ў павышаным тоне, не зьяўляецца грубым парушэньнем грамадзкага парадку, адзначаюць юрысты. Дзеяньні Ціханоўскага былі накіраваныя на тое, каб не паўстаў канфлікт з удзельнікамі пікету, якія паводзілі сябе задзірліва.

4. Ці было відавочнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі?

На відэа інцыдэнту, адзначаюць праваабаронцы, ня бачна, каб міліцыянты выстаўлялі законныя патрабаваньні. З улікам таго, што дзеяньні ўдзельнікаў пікету былі законнымі і станавілі рэалізацыю свабоды думкі і мірных сходаў, міліцыянты самі парушылі закон тым, што не прадставіліся і пачалі хапаць Ціханоўскага за рукі. Ціханоўскі спрабаваў аддаліцца ад бойкі, але быў затрыманы.

Калі супрацоўнікі міліцыі пачалі затрымліваць Ціханоўскага, іншыя ўдзельнікі пікету палічылі гэта незаконным (Ціханоўскі не чыніў правапарушэньняў, міліцыянты ня выставілі законных патрабаваньняў) і спрабавалі спыніць незаконнае і адвольнае, на іх думку, затрыманьне. Пры тым супрацоўнікі міліцыі не выстаўлялі ўдзельнікам пікету нейкіх законных патрабаваньняў.

Выснова «Прававой ініцыятывы»:

«У дзеяньнях Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Крымінальная справа павінна быць спыненая».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG