Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліда, які хадзіў да будынку міліцыі ў Горадні падтрымаць Ціханоўскага, пакаралі штрафам


Мікола Салянік (справа) і Сяргей Ціханоўскі на пікеце 29 траўня ў Горадні

Сябра Беларускага Нацыянальнага кангрэсу Мікалая Саляніка аштрафавалі на 1080 рублёў за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 8 чэрвеня.

Як расказала дачка актывіста Сьняжана Салянік, суд прызнаў Міколу Саляніка вінаватым у тым, што той 29 чэрвеня выступаў на Савецкай плошчы падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую з рупарам. Апрача таго, пасьля затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, Салянік пайшоў разам зь дзясяткамі іншых удзельнікаў пікету да будынку УУС, каб падтрымаць і даведацца пра іх далейшы лёс.

Саляніка затрымалі 30 траўня каля будынку абласной управы міліцыі, куды ён накіроўваўся, каб высьветліць, дзе знаходзяцца Ціханоўскі і іншыя. Празь некалькі гадзін у РАУС яму стала блага, здарыўся гіпэртанічны крыз, актывіста забрала «хуткая». Ён ляжаў некалькі дзён у шпіталі пад аховай міліцыі да суду. Цяпер ён дома.

Салянік інвалід 2-й групы. Ён вядомы сваімі пэрформансамі: ладзіў акцыі ў турэмнай робе, заклейваў сабе рот скотчам падчас судовага паседжаньня, прыкоўваў сябе кайданкамі да балясаў у судзе, рабіў пахаваньне Канстытуцыі Беларусі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG