Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падчас ператрусу забралі два кубкі». Што вядома пра арыштаванага апэратара блогера Ціханоўскага


Арцём Сакаў у судзе 9 траўня ў Магілёве

Арцёму Сакаву, які працаваў апэратарам арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага, прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Апэратара затрымалі ў Горадні 31 траўня каля 23.00. Пазьней перавялі ў Менск.

Арцём Сакаў
Арцём Сакаў

Цяпер Арцём Сакаў, як і Ціханоўскі і яшчэ 7 ягоных паплечнікаў, знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Маці Арцёма жыве ў Карме Гомельскай вобласьці. У яе прайшоў ператрус.

«Ня ведаю, што яны шукалі... Але забралі толькі два кубкі зь лягатыпам „Страна для жизни“. Сьледчы з намі не зьвязваўся. Адзінае, што паведаміў, што Арцёма ўзялі пад варту», — сказала Свабодзе.

Яна кажа, што на відэа з інцыдэнту ў Горадні добра відаць, што Арцёма не было ў эпіцэнтры інцыдэнту, ён стаяў далей.

«Але пра што казаць, калі яны (міліцыя. — РС) хапалі з-за столікаў людзей, якія зьбіралі подпісы? Арцём, наколькі я ведаю, цяжка гэта перажывае. Гэта ўсё вельмі цяжка. Але ўсе, хто нас ведае, падтрымліваюць нас», — дадала Ларыса.

Сям’я наняла адваката, адвезла ў СІЗА перадачы для Арцёма.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG