Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў «прашарсьціць пузатых буржуяў». Што гэта, калі не абвяшчэньне вайны неляяльнаму бізнэсу?


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты каля Кмароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты каля Кмароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня 2020 году

Беларускі бізнэс пайшоў у палітыку, і Лукашэнка пачынае супраць яго рэпрэсіі.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 10 чэрвеня даручыў правесьці праверку і разабрацца з прыватнымі кампаніямі, на якіх нібыта звальняюць людзей за тое, што адмовіліся падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Што гэта можа значыць?

Кіраўнік дзяржавы даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

Узгадваньне бізнэсу ў зьвязку з выбарамі, на мой погляд, — даволі важны паварот у ходзе выбарчай кампаніі. І нічога добрага прыватным фірмам гэта не абяцае.

Удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі прэтэндэнтаў, якія наўпрост ці ўскосна маюць дачыненьне да бізнэсу (Бабарыка, Цапкала, Ціханоўскі, Канапацкая, Чэрачань, Кісель), — адметная яе рыса. Раней такога не было. Бізнэс прытрымліваўся жорсткага патрабаваньня Лукашэнкі: прадпрымальнікі не павінны ўдзельнічаць у палітыцы, бо тады зь імі будуць разьбірацца як з палітыкамі. А як у Беларусі разьбіраюцца з палітыкамі, якія апынуліся ў апазыцыі да Лукашэнкі, усім добра вядома.

Але сёлета бізнэс парушыў тое табу, накладзенае Лукашэнкам. На гэта паўплывала як агульная атмасфэра ў краіне, так і незадаволенасьць прадпрымальнікаў тым, што ўлады адмовіліся даць ім ільготы ў зьвязку зь вялікімі эканамічнымі цяжкасьцямі, выкліканымі пандэміяй.

І бізнэс асьмялеў. Мяркую, Лукашэнку паведамілі нейкія факты пра тое, як прыватныя кампаніі падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў.

Вось кіраўнік дзяржавы робіць ход у адказ. Гэтае даручэньне Лукашэнкі можна разглядаць як абвяшчэньне вайны неляяльнаму бізнэсу. Ён ставіць ультыматум: альбо падтрымліваеце мяне, альбо я вас зьнішчу. І ніякага нэўтралітэту быць не павінна: хто не са мною, той супраць мяне. Менавіта так можна прачытаць гэты сыгнал. А хто не адразу змог раскадаваць, расшыфраваць гэтае пасланьне, таму дапаможа Камітэт дзяржаўнага кантролю, падатковыя і іншыя «кампэтэнтныя» органы.

Пачалася гульня па-буйному. Усялякія цырымоніі, міндальнічаньне, інтэлігенцкія комплексы і спасылкі на законнасьць рашуча адкінутыя. Лукашэнка паказвае, што за сваю ўладу ён будзе змагацца да канца, нават калі для гэтага трэба будзе зруйнаваць эканоміку. Зьвярніце ўвагу, уся ягоная перадвыбарчая праграма зводзіцца да суцэльных пагрозаў.

І адгадайце з трох разоў — ці будзе Лукашэнка пасьля выбараў (калі застанецца на сваёй пасадзе) пашыраць прастору прыватнага бізнэсу, ці, наадварот, працягне ўмацоўваць дзяржаўны сэктар?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG