Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барам прадпрымальніцы, якая паскардзілася на Лукашэнку ў ЦВК, зацікавілася падатковая


Уладальніца менскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салёнаў, жыхарка Менску Ксенія Фёдарава расказала на Facebook 10 чэрвеня, што падатковы інспэктар «пацікавіўся, чаму мы не адказваем на ліст, адпраўлены ў асабісты электронны кабінэт 5 чэрвеня», а ў тым лісьце просяць тэрмінова падаць дакумэнты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ксенія Фёдарава 1 чэрвеня зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «канстытуцыю не пад жанчыну». Яна лічыць выказваньне Лукашэнкі абразьлівым і для сябе, і для памяці продкаў, і для ўсіх сучасных дзяўчат і жанчын краіны.

Такіх скаргаў у ЦВК прыходзіла «больш за 10», але на іх адказалі адмовай, якую патлумачылі тым, што артыкул 47 Выбарчага кодэксу, які вызначае абмежаваньні пры правядзеньні перадвыбарнай агітацыі, не ўжываецца да тых, хто вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, «бо ў ім прадугледжаны патрабаваньні да агітацыйнай дзейнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты пасьля іх рэгістрацыі».

Пра патрабаваньні падатковай Фёдарава піша, што падасьць дакумэнты:

«Спачатку падумала, няўжо запалохваюць? Ну не, ня час душыць малы бізнэс і рабіць праверкі — і так усё зыбка і столькі банкрутуе фірмаў, і колькі закрылася. Напэўна, хочуць адманіторыць і пракансультаваць, як працаваць зь мінімальнай рызыкай малому прадпрыемству».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG