Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў спыніць ціск на ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі 


Збор подпісаў за альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі

Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала ад уладаў спыніць ціск і запалохваньне людзей у сувязі зь іх удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

«Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ад самага свайго пачатку праходзіць у атмасфэры страху, пагрозаў і запалохваньня. Ідуць затрыманьні і арышты актывістаў ініцыятыўных групаў вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты і простых выбарнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах», — кажуць у заяве праваабаронцы.

11 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская, якая вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, папрасіла сябраў сваёй ініцыятыўнай групы не праводзіць пікеты для збору подпісаў некалькі дзён празь небясьпеку рэпрэсіяў супраць зьбіральнікаў.

У гэты ж дзень пачаліся ператрусы ў галаўным офісе «Белгазпрамбанку», кіраўніком якога на працягу 20 гадоў быў прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка.

«Мы разглядаем гэтыя дзеяньні як ціск на прэтэндэнтаў, — падкрэсьлілі праваабаронцы. — У такіх умовах нельга гаварыць аб правядзеньні сумленных і справядлівых выбараў. У адпаведнасьці з Капэнгагенскім дакументам АБСЭ, Беларусь як дзяржава-ўдзельніца заявіла, што воля народу ёсьць асновай улады і законнасьці кожнага ўраду, і абавязалася паважаць правы сваіх грамадзянаў», — адзначана ў заяве.

Праваабарончая супольнасьць заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць поўную рэалізацыю фундамэнтальных правоў і свабодаў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце грамадзянскіх і палітычных правоў, Капэнгагенскім дакумэнце і ў іншых міжнародна-праўных актах.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, грамадзкае аб’яднаньне «Правааая ініцыятыва», Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Цэнтар праўнай трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, кансультацыйны цэнтар «Human Constanta».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG