Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская прыпыніла збор подпісаў у Менску і абласных цэнтрах, асьцерагаючыся правакацый і затрыманьняў


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 11 чэрвеня абвясьціла аб прыпыненьні збору подпісаў за яе вылучэньне на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. У іншых гарадах збор подпісаў працягнуць.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як тлумачыць Сьвятлана Ціханоўская на відэа, апублікаваным Telegram-каналам Nexta, гэта зьвязана з затрыманьнем чальцоў ініцыятыўнай групы (за кратамі ў тым ліку кіраўнік групы і ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі) і правакацыямі на пікетах.

«У гэтыя дні я баюся рознага кшталту правакацыяў супраць вас, — кажа Ціханоўская пра 12, 13 і 14 чэрвеня. — І паверце, ніводзін сабраны подпіс ня варты таго, каб пацярпелі вы і вашыя сем’і».

Ціханоўская паабяцала працягнуць збор подпісаў у меншых гарадах і здаць столькі подпісаў, колькі зьбяруць.

Блогер Аляксандар Кабанаў, прэс-сакратар групы Ціханоўскай, пацьвердзіў Свабодзе, што зьбіраць подпісы ў Менску і абласных гарадах на пікетах ня будуць да канца тыдня, бо асьцерагаюцца правакацыяў. Ён кажа, што пра пагрозы сабе і непасрэдна Сьвятлане нічога ня ведае.

«Больш увагі ўдзелім рэгіёнам, там бясьпечней», — дадае ён.

Колькі дакладна сабралі подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай, Кабанаў цяпер ня можа сказаць, ідзе падлік, але ён мяркуе, што 100 тысяч ужо мусіць быць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG