Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыні Нацыянальнага банку Ермаковай прапанавалі ўзначаліць «Белгазпрамбанк», у якім прайшлі ператрусы


Надзея Ермакова, 2011 год
Надзея Ермакова, 2011 год

Былая старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова заявіла 12 чэрвеня выданьню «Наша ніва», што ёй паступала прапанова ад «Белгазпрамбанку» заняць пасаду кіраўніка.

Надзея Ермакова сказала, што ня ведае, калі гэтае пытаньне будзе разглядацца, але дадала, што мае атэстацыю, таму адпавядае фармальным патрабаваньням.

«Калі трэба, то я заўсёды, я ж чалавек дзяржаўны, — адзначыла Ермакова ў камэнтары Tut.by. — Калі ёсьць такая неабходнасьць, значыць, трэба. Трэба — значыць трэба. Папрацаваць часова, ня ўвесь час, на пэрыяд, калі банку трэба».

Выданьне адзначае, што Нацыянальны банк мае права прызначыць часовага кіраўніка банку нават з замежным капіталам (асноўныя акцыянэры «Белгазпрамбанку» — расейскія «Газпром» і «Газпромбанк»), але гэткае рашэньне прымаецца як «кампраміснае дзеля стабілізацыі сытуацыі».

Ермакова ўзначальвала Нацыянальны банк зь лета 2011 да канца 2014 году. Пасьля адстаўкі з гэтай пасады Ермакову прызначалі кіраўніцай назіральнае рады банку «БелВЭБ», старшынёй камітэту рызыкаў «БСБ Банку».

Ад 1999 году была старшынёй праўладнага аб’яднаньня «Беларускі саюз жанчын», але ўлетку 2015-га стала намесьніцай старшыні (старшынёй жа выбралі тагачасную міністарку працы Марыянну Шчоткіну).

Ранейшы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка быў старшынём праўленьня з 2000 году да 2020-га, пакуль не сышоў з пасады і абвясьціў пра вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты.

11 чэрвеня пачаліся ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і ў шэрагу зьвязаных зь ім прыватных кампаніяў, пачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Віктар Бабарыка заяўляў, што хоць супраць яго «няма нічога», гэтая крымінальная справа — ціск на яго, «напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўлены палітычны характар», а віна фігурантаў «палягае ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі».

Тым часам Антон Матолька сьцьвярджае, што 11 чэрвеня адхілілі ўсё кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» і ўжо прызначылі Ермакову старшынёй праўленьня. Матолька і сын Віктара Бабарыкі Эдуард заснавалі краўдфандынгавую плятформу MolaMola, якую «Белгазпрамбанк» 11 чэрвеня адключыў ад абслугоўваньня. У Нацыянальным банку Беларусі заявілі, што ня маюць інфармацыі на гэты конт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG