Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнтку — пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю і службу пратаколу

абноўлена

Прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Вольга Кавалькова, Натальля Кісель і Ганна Канапацкая
Прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Вольга Кавалькова, Натальля Кісель і Ганна Канапацкая

Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Вольга Кавалькова, Ганна Канапацкая, Натальля Кісель адказваюць на пытаньні Свабоды пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю, альтэрнатыўную сям’ю, службу пратаколу прэзыдэнта і высокую цану ўдзелу ў кампаніі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Глядзіце дыскусію цалкам на відэа.

Прапануем у скароце некалькі адказаў прэтэндэнтак на прэзыдэнцкую пасаду.

Ці можа ў Беларусі жанчына стаць прэзыдэнткай?

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Кавалькова: Тут пытаньне не жанчына ці мужчына, а прафэсійных якасьцяў. Калі чалавек прафэсійны, то і мужчына на гэтую ролю падыдзе. Я ўпэўненая, што жанчына можа стаць прэзыдэнткай у Беларусі. Гістарычна так склалася, што на плячах беларусак ляжыць цяжкі груз адказнасьці, сямʼі, кіраваньня, але сумнявацца ў якасьцях беларускіх жанчын я б ня стала ні на адзін адсотак.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Канапацкая: Я перакананая ў тым, што жанчына можа стаць і будзе прэзыдэнткай Беларусі. Ці гатовае беларускае грамадзтва прыняць жанчыну прэзыдэнту? Яму давядзецца гэта зрабіць. У Беларусі няма іншага выбару. Мы бачым, што зрабілі мужчыны за апошнія чвэрць стагодзьдзя, і я падтрымліваю Вольгу, якая юрыдычна абгрунтавала ўсё і падала заяву аб завядзеньні крымінальнай справы супраць Лукашэнкі за дыскрымінацыйныя заявы ў дачыненьні да жанчын.

Натальля Кісель
Натальля Кісель

Кісель: Адназначна можа быць прэзыдэнткай, але мне было бы цікава пачуць адказы на гэтае пытаньне мужчын-прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзыдэнта.

Ці сутыкаліся вы ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці з рознымі тыпамі дыскрымінацыі, калі вас недаацэньвалі, менш прасоўвалі, менш плацілі, менш сурʼёзна ставіліся толькі таму, што вы жанчына?

Кісель: Гэта было ў маладосьці, у 1990-я гады. Пазьней, калі мы з мужам арганізавалі бізнэс, мы больш сутыкаліся з узроставым цэнзам. Мой бізнэс — грузаперавозкі, Гэта выключна мужчынская сфэра, але калі ад самага пачатку паказваеш сябе прафэсіяналам, гэтага дастаткова, каб выключыць дыскрымінацыю.

Канапацкая: Канечне, сутыкалася. Беларускае грамадзтва ня тое што патрыярхальнае, ёсьць такі панятак як андрацэнтрызм (Перабольшваньне біялягічнай і / або сацыяльнай ролі мужчыны ў параўнаньні з роляй жанчыны — РС), які вельмі ярка праяўляецца як у беларускім грамадзтве наагул, так і цяпер падчас выбарчай кампаніі. І выказваньні цяперашняга прэзыдэнта пранізаныя андрацэнтрызмам. Але калі паказваеш прафэсіяналізм, бярэш на сябе адказнасьць, то на цябе глядзяць з павагай і мужчыны, і жанчыны, і няважна спадніца на табе ці нагавіцы. Давайце шчыра казаць, некаторыя ва ўладзе, няважна што яны ў нагавіцах, паводзяць сябе абсалютна не па-мужчынску. Жанчынам сёньня больш складана, і, напэўна, кожная з нас напачатку сваёй карʼеры гэта адчула. Цяпер мы — прафэсіяналкі, і дадзім фору ў шэрагу пытаньняў многім мужчынам.

Кавалькова: Ня памятаю, каб сутыкалася з наўпроставай дыскрымінацыяй, але тое, што жанчынам у палітыцы больш складана, гэта дакладна. Тут некалькі фактараў — гістарычна патрыярхальнае грамадзтва і сфармаванае стаўленьне да жанчыны як да чалавека, які павінен клапаціцца пра сямʼю і дзяцей. Калі ты прафэсіянал, то прасьцей супрацьдзейнічаць гэтай дыскрымінацыі. Гэта сапраўды складана — быць жанчынай у беларускай палітыцы. Як паказвае мой досьвед, важна, каб жанчыны ў палітыцы казалі пра праблемы жанчын.


Ці патрэбная служба пратаколу для прэзыдэнта Беларусі? Калі так, то ў якім выглядзе?

Кавалькова: У першай асобы ў дзяржаве павінна быць прафэсійная каманда, якая суправаджае ў міжнародных паездках. Такая служба мае быць, але ня ў тым выглядзе, як зараз, калі людзі, якія суправаджаюць кіраўніка дзяржавы, адбірацца паводле крытэраў прыгажосьці, узросту ці іншых якасьцяў.

Канапацкая: Павінна быць прафэсійная каманда. Акрамя гендэрнай дыскрымінацыі ў нас існуе яшчэ і дыскрымінацыя паводле ўзросту. Гэтага не павінна быць. Гэта трэба мяняць кардынальна.

Кісель: Я прыйшла зь іншай галіны, грузаперавозак. І гэта было не зусім мае волевыяўленьне — вылучацца на прэзыдэнта. Я аказалася гатовая да прапановы нашай асацыяцыі. Гэтыя пытаньні я сабе ніколі не задавала, але пагаджуся, што служба пратаколу павінна быць прафэсійнай і працаваць на імідж краіны.

У гэтай выбарчай кампаніі чатыры прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду

  • Вольга Кавалькова, сустаршыня аргкамітэту БХД. Удзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, дэпутаткай ня стала. Удзельніца праймэрыз на вылучэньне адзінага кандыдата, якога вырашылі не вылучаць, а зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ўсіх удзельнікаў праймэрыз.​
  • Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Яе не дапусьцілі да ўдзелу ў праймэрыз апазыцыі, пасьля гэтага Ганна заявіла пра старт сваёй кампаніі для ўдзелу ў выбарах. Выступала за ўвядзеньне закону, які б гарантаваў прэзыдэнту недатыкальнасьць пасьля пакіданьня пасады.
  • Натальля Кісель, прадпрымальніца зь Менску, зарэгістраваная ІП, працуе намесьніцай дырэктара ў кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Мае тры вышэйшыя адукацыі, палітычнага досьведу яна пакуль не мела.
  • Сьвятлана Ціханоўская, пэдагог паводле адукацыі, у прэзыдэнты вырашыла ісьці, калі ЦВК не зарэгістравала ініцыятыўную групу яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага. Сяргей — аўтара ютуб-канала «Страна для жизни», раней займаўся вытворчасьцю відэаролікаў.

У штабе Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што пакуль яе муж у турме, яна не бярэ ўдзелу ў дыскусіях.

  • Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

    • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
    • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
    • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
    • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
    • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
    • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
    • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
    • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
    • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
    • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG