Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая адказала Лукашэнку: «Певень, мабыць, добра кукарэкае, але яйкі ўсё ж такі нясе курыца»


Ганна Канапацкая каля ЦВК, 20 траўня

Палітык, прэтэндэнтка на прэзыдэнцкае крэсла Ганна Канапацкая адказала на словы Лукашэнкі пра тое, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам Беларусі: «Сучасная беларуска — ужо не тая кухарка, якая толькі «варыць баршчы».

Выбары-2020. Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах 31 траўня

«Калі дзеючы кіраўнік сьцьвярджае, што „унас Канстытуцыя не пад жанчыну“, ён дэманструе не толькі няведаньне Канстытуцыі, пры гэтым зьяўляючыся яе гарантам, але і, самае галоўнае, — рэцыдыў непавагі да сваіх грамадзянаў», — піша Ганна Капапацкая ў Фэйсбуку.

Канапацкая зьвяртае ўвагу на «грэблівы, на мяжы з дыпляматычным скандалам» упамін пра прэзыдэнтку сяброўскай Літвы Далі Грыбаўскайтэ.

«Хачу нагадаць, што спадарыня прэзыдэнтка двойчы абіралася сваім народам на свабодных і сумленных выбарах, і па завяршэньні другога тэрміну ня прыдумляла спосабаў застацца ва ўладзе даўжэй, у адрозьненьне ад лідэра Беларусі і некаторых яго бліжэйшых «сяброў».
Канапацкая прыводзіць і словы Маргарэт Тэтчэр: «Певень, можа быць, добра кукарэкае, але яйкі ўсё ж такі нясе курыца».

Кіраўнік Беларусі 28 траўня адзначыў, маючы на ўвазе, праўдападобна, Сяргея Ціханоўскага, што «ён нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта кажу: Натальля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава. — РС), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты... гатовы прэзыдэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзыдэнт валодае моцнай уладай, — сказаў Лукашэнка. — У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт, была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG