Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек» — Кавалькова і Караткевіч пра заяву Лукашэнкі, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам

абноўлена

Вольга Кавалькова і Тацяна Караткевіч

Патэнцыйныя кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова і кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч адказваюць Аляксандру Лукашэнку на заяву, што жанчына ў Беларусі ня можа быць прэзыдэнтам.

Кіраўнік Беларусі 28 траўня адзначыў, маючы на ўвазе, праўдападобна, Сяргея Ціханоўскага, што «ён нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта кажу: Натальля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава. — РС), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты... гатовы прэзыдэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзыдэнт валодае моцнай уладай, — сказаў Лукашэнка. — У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт, была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.

Кавалькова: Сэксізм у найгоршай праяве

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова лічыць такую заяву адным з паказчыкаў слабасьці Аляксандра Лукашэнкі як лідэра.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

— Лукашэнка аказаўся слабым лідэрам у крызіснай сытуацыі з каранавіруснай пандэміяй, у якой апынулася наша краіна. Ён фактычна схаваў галаву ад праблемаў і аказаўся няздатны вырашыць гэтае пытаньне для краіны. На яго месцы я як жанчына ў першую чаргу паклапацілася б пра людзей, пра бізнэс, прыняла б пакет захадаў, якія б дапамаглі нашаму грамадзтву, нашай краіне справіцца з пандэміяй.

Такія заявы паказваюць якраз мужчыну, які, маючы такія вялікія паўнамоцтвы, якія надае яму Канстытуцыя, ня справіўся з праблемай, у якой апынулася наша краіна, таму тут відавочна, што мужчына ці жанчына ва ўладзе — ня мае значэньня. Маюць значэньне найперш прафэсійныя якасьці і тое, для каго ты працуеш. Лукашэнка працуе для сябе. Я б працавала для краіны і для людзей.

Што да рэплікі наконт Далі Грыбаўскайце, зразумела, што калі ён такія заявы робіць, ён паказвае сябе слабым, Калі ён яшчэ з суседзямі спрабуе пасварыцца, то гэта ненармальна. Сэксізм у найгоршай праяве. Ня першы раз мы гэта чуем, але пытаньне ў тым, што чарговым разам тое, што ён кажа, не адпавядае рэальнасьці. Маючы такія паўнамоцтвы, ён за 26 гадоў краіну проста зруйнаваў, а кажа пра гэта як пра прарыў. Ён павінен сысьці і аддаць краіну маладым і тым, хто хоча прафэсійна працаваць дзеля людзей.

Караткевіч: «Так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек»

Кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году і першая жанчына-кандыдатка на прэзыдэнта ў гісторыі незалежнай Беларусі Тацяна Караткевіч лічыць, што так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек.

Тацяна Караткевіч. Архіўнае фота.
Тацяна Караткевіч. Архіўнае фота.

— Досьвед 2015 году паказаў, што грамадзтва сасьпела ўжо і для жанчыны-прэзыдэнта. Пра гэта сьведчыла вялікая колькасьць галасоў, якія за мяне аддалі. Паводле незалежных сацыялягічных службаў, гэта мільён. Сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчылі пра тое, што пасьля прыкладу нашай працы большасьць рэспандэнтаў адказвалі, што няма розьніцы, жанчына ці мужчына прэзыдэнт. Сёньня мы бачым, што ўвогуле грамадзтва сасьпела да таго, каб не было інстытуту прэзыдэнцтва. Выявілася гэта падчас каранавіруснага крызісу, калі людзі былі пакінутыя сам-насам са сваімі праблемамі, і нічым гэтая моцная ўлада ім пэрсанальна не дапамагла, і вымушаныя былі грамадзяне аб’ядноўвацца, падтрымліваць адзін аднаго, мэдыкаў, шукаць інфармацыю. І тая актыўнасьць, якая ёсьць у прэзыдэнцкай кампаніі, кажа пра тое, што грамадзтва гатовае і да такіх зьменаў у Канстытуцыі, як адмена інстытуту прэзыдэнцтва.

Я лічу, што прэзыдэнту ў краіне, у якой большасьць насельніцтва жанчыны, паводле дадзеных Белстату, трэба больш паважліва ставіцца да чалавечага рэсурсу, да магчымасьцяў мужчын і жанчын. Калі большасьць жанчын, гэта можа быць у некаторай ступені і небясьпечна. Якраз сёньня жанчыны не пачутыя ў нашым грамадзтве, нягледзячы на тое, што фармальна ва ўладзе іх шмат, яны публічна не прадстаўленыя. Жанчыны першыя сутыкаюцца з праблемамі адсутнасьці працоўных месцаў, клопату пра дзяцей, іх адукацыі, будучыні. Варта патрабаваць павагі да жанчын у краіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны


і

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG